- Э-ве-ліна! - развёў рукамі Глінскі, жэстамі паказваючы, што кабінет маглі праслухоўваць, а тая зусім па-тэатральнаму рассмяялася.
- Я заслужыла другую чарку каньяку?
- Э-ве-ліна! - толькі развёў ён рукамі.
- Сказана: жанчынаю праз жанчыну... - задумліва разглядвала яна каньяк, злёгку пакручваючы чарку пальцамі. - Тэатральнай пляцоўкаю сёння ўвесь свет успрымаецца, і не грэх задумацца, што, якога спектаклю ў мініяцюры - у тэатры! - такая сцэна вымагае. Ды так, каб не мініяцюрным, не карлікавым ён выглядаў... Вось задача для такога рэжысёра, як ты, my dear.
- Таму і ўзяўся за «Караля Ліра», - падтрымаў гаворку Глінскі, хоць думаў пра сваё - дакладней, пра нечаканасць візіту Эвеліны і загадкавую няўцямнасць мэты яго: ні слова пра сам спектакль...
- Чаму ж не заўважыў супраціўленне матэрыялу?
- Супраціўленне? - перапытаў, выцярэбліваючыся з думак, - што ты маеш на ўвазе?
- Усё ў спектаклі працівіцца слову.
- ?!
- Дзеянне і гучанне тэксту не супадаюць. Часта не супадаюць, - крыху змякчыла яна ацэнку. - Няўжо сам, Эдуард, не заўважаеш? Усе - падкрэсліваю: усе акцёры! - іграюць адно, прамаўляюць другое, а думаюць... у вогуле, здаецца, не думаюць.
- Думае рэжысёр!
- Рэжысёр, my dear, ажыццяўляе рэжысуру - тузае за вяровачкі, - адпіла яна невялікі глыточак з чаркі. - Твае словы, дарэчы! Ты неаднойчы даводзіў мне, што любая ўлада - і ўлада над сцэнаю і публікай перад сцэнаю таксама! - гэта ўменне маніпуліраваць словамі, ідэямі, людзьмі. Калі ламаецца любое праціўленне, знешняе і ўнутранае. I ламаецца лёгка, без непамерных высілкаў, амаль незаўважна, у стылі загадзя пралічанай, разлічанай на выйгрыш гульні.
- Маналог класнай дамы...
- Што?
- Гэта маналог знакамітага крытыка, і ён, як я здагадваюся, не вымагае маёй рэплікі.
- Я чакала: ты неяк патлумачыш чаму, у нейкі момант упусціўшы рычагі ўплыву на трупу, развязаў з ёй вайну... амаль...
- Я? Вай-ну?! Госпадзе, Эвеліна! Чые байкі ты слухаеш? - амаль непадробна абурыўся ён. - Акцёрскі імпэт, піетэт перад Шэкспірам, перад тэатральнай «класікай», мажліва, перашкаджае - шкодзіць інтэрпрэтацыі спектакля, таму што я - рэжысёр! - не змог давесці кожнаму свой погляд, свае патрабаванні, але - вайна?! Да гэтага, мяркую, не дойдзе.
- Пры адной умове, - смакавала Эвеліна.
- І якой, калі не сакрэт?
- Ты адменіш спектакль. Да лепшых часоў, - зноў паспрабавала яна змякчыць вынесены вердыкт, усміхаючыся.
- I ты, канешне, ведаеш усё пра тыя часы, - буркнуў Глінскі, падліўшы колькі важкіх кропель у сваю чарку.
- Я - не ведаю. А ты, my dear, павінен ведаць! - і брывом не павяла Эвеліна на яго буркатню і незадаволенасць. - Калі возьмеш на дні тры адпачынак і наведаеш Вільнюс, усё ў святле гэтай паездкі ўявіцца іншым.
- Парада ці закамуфліраванае парадаю патрабаванне? - церабіў бародку Глінскі, стараючыся зразумець больш таго, што пачуў.
- Табе вырашаць, Эдуард, - паднялася тая. - Вырашыш ехаць, добрая кампанія знойдзецца.
- Я до-о-обра падумаю! - засмяяўся Глінскі. - Пасля такое сустрэчы, пасля такой гаворкі...
Ён немітусліва таптаўся вакол Эвеліны: прыклаўся да абедзвюх пульхных ручак, падаў футра, дапамагаючы апрануцца, цікаваў за кожным яе рухам, за кожным жэстам. Зрэдку адпіхваў недарэчнае ў гэту хвіліну пытанне: недаацэньваў ці пераацэньваў ён уплыў Эвеліны на падзеі апошняга часу? Зрэдку лавіў усмешлівы бліск яе позірку, міжволі схіляючыся перад ім голаў, і пачынаў злаваць: паводзіць сябе, як хлопчык... а разабрацца: без дай прычыны...
- Мы недагаварыілі, Эдуард, - абаперлася яна на яго локаць, лёгенька разварочваючы на сябе. - Наступны ход - твой, і час, як кажуць шахматысты, пайшоў.
- Што, калі прыеду да цябе вечарком? - паспрабаваў ён абняць Эвеліну.
- Прапанова не прымаецца, - рухам пляча атрэсла яна яго руку.
- Што, калі запрашу лэдзі ў рэстаран? - прадоўжыў ён гульню, праводзячы Эвеліну да дзвярэй.
- Надумаеш - запрасі, - чмокнула яна паветра каля шчакі Глінскага і выслізнула за дзверы, на міг апярэдзіушы яго наступны крок.
Калі дзверы зачыніліся літаральна перад носам, нейкі час ён стаяў нерухома; думкі рушыліся ўслед за Эвелінаю, а ён не мог ні звярнуць іх, ні ступіць да дзвярэй - з тым ці іншым намерам... Штосьці Эвеліна недагаворвала... Што?