Выбрать главу

- Ранку пасля ўкусу залізваеш?

Тая не адхінулася, нават не ўздрыгнула: да насмешлівага тону Сані яна звыклая, ды і больш пасаваў ён ёй, чым істэрычнасць. Скажы ёй хто цяпер, што кіравалася адно эгаістычным разлікам (страціўшы апору, якую заўжды знаходзіла ў сяброўцы, яна канчаткова страціць душэўную раўнавагу), ні за што не пагадзілася б. Хоць так яно і было.

- Дурніцы мы - бабы, - падалася да разламанага бутэрброда Са­ня, раптам адчуўшы галоднае пасмоктванне пад лыжачкай. - Дурніцы, бо дазваляем не толькі карыстацца намі, а і выкарыстоўваць - там, дзе таму ці іншаму лысаму кабялю схочацца.

- Да матрыярхату свет не дажыве.

- Ды пляваць мне на свет! - жуючы, адказала тая амаль абыякава. - Пляваць, бо ён плюе на мяне. То з асалодаю, то з агідаю... Не цікавячыся тым, што я адчуваю, наткнуўшыся на чарговую «ўвагу» або знявагу.

- Не хочаш жа ты сказаць, што не жадаеш быць заўважанай? - вя­ла прадоўжыла гаворку Люба.

- Жадаеш... не жадаеш... Самае небяспечнае ў нашых жаданнях тое, што яны час ад часу збываюцца.

- Гэта нешта новае.

- Усё новае...

- Добра забытае старое, - падхапіла Люба, ацярэбліваючыся ад замерлага на адным градусе настрою. - А ты, як скрозь, мела на ўвазе мя­не, мае жаданні, а не свае?

- Ды і свае, Гаруня.

- Ну-у, калі ты ўжо прозвішча маё ўзгадала, справы дрэнь. Ведаць бы яшчэ, у каго - у цябе, у мяне ці...

- Ці! - рэзка перапыніла яе Саня, чамусьці не падыграўшы сяброўцы, што канчаткова збіла тую з панталыку. - «Нядобрыя зноў думкі? Чалавек не вольны выбраць момант адыходу і тэрмін новага вяртання ў свет, дык, значыць, трэба быць заўжды гатовым...»

- Саня! Што ты сёння ўсё загадкі загадваеш? Штосьці здарылася? А? - раптам занепакоілася Люба, адсоўваючыся і зазіраючы сяброўцы ў твар. - Нейкая ты не такая...

- Ігнатаўна! - гукнула тая буфетчыцы. - Я сёння такая ці ней­кая не такая?

- Ды вы заўсёды самая арыгінальная, Аляксандра Юр’еўна!

- Во! Голас народа, сяброўка... - даядала і яе бутэрброд, запіваючы гарбатаю, Саня. - А ты? загадкі... тэрмін...

- Пра тэрмін - не я, а Шэкспір, - прамаўляла, узіраючыся ў Саню, Люба. - Хоць я з ім згодна.

- 3 кім? - не зразумела тая.

- 3 Шэкспірам.

- А-а-а... Думаю, мы яго так і не сыграем на нашай сцэне.

- ?!

- Угу. Не праглыні мяне разам з непражаваным бутэрбродам, - хмыкнула Саня: такою агаломшанаю яе новым прароцтвам глядзелася Люба, што, здавалася, міг-другі - і гнеўныя іскры з вачэй пасыплюцца. - I ў геніяў бывае клімакс, а Эд Саныч - не геній, як сам пра сябе думае, і даўно не ставіў нічога выключнага.

- Ды ты... - захлынулася гнеўным абурэннем тая. - Ты проста ніяк не можаш забыць, што ён... што ў вас не склалася...

- Мо ведаеш, у каго з ім склалася? - і брывом не павяла Саня.

- У мяне!

- ?!

- Не ў тым, пра што ты падумала!

- Адкуль табе ведаць, пра што я падумала? - задумліва пакручвала пусты кубак у пальцах Саня. - У тым, каб пераспаць з рэжысёрам, ні граху, ні заслугі няма. Было б што абмяркоўваць! А вось на тое, што тычыцца тэатра - прафесіі! - заплюшчваецца грэх: ні часовая слепата, ні часо­вая замілаванасць не апраўдаюць потым правалу.

- Як ты можаш так гаварыць? - як заўжды, змірылася Люба з тым, што не за ёй будзе апошняе слова ў спрэчцы з сяброўкаю.

- А калі я гаварыла іншае? Зняўшы і выкінуўшы некалі ў маладосці ружовыя акуляры, я, спадзяюся, назаўсёды пазбавілася комплек­су страху ці пазней аказацца пакінутай, адзінокай, няшчаснай. Мне здраджвалі - я здраджвала, мяне пакідалі - я пакідала... Ну і што? У чым тут трагедыя?

Люба маўчала. Сядзела, апусціўшы пагляд на дрогкія рукі, і ні сло­вам, ні рухам не рэагавала на сказанае. Пярэчыць Сані тады, калі яна заводзілася, было справай марнай - ды і што б яна аспрэчыла? Яе ўпэўненасць у сваёй праваце? Яе падкрэсленую пагарду да любой слабасці? Яе непераможнае нежаданне прайграваць, нават калі прайграна ўсё? Яе жорсткасць, скіраваную не толькі на сябе?

- Не падабаецца мой максімалізм? - нахілілася да Любы праз стол Саня. - Што ж, не толькі табе не падабаецца. Але як жыць, як выжыць у сканструяваным мужыкамі свеце, не знаходзячы ў іх ні сілы, ні разумення, ні любві, калі самой - самой! - не станавіцца дужай, упэўненай у сваёй сіле?

- «Мы плакалі, прыйшоўшы ў свет, - на прадстаўленне гэтае з шу­там!...», - чамусьці ўспомніліся Любе словы з шэкспіраўскай п’есы, але прамаўляла яна іх так ціха, што словы быццам і не прагучалі.

- Што? - зрэагавала на непачутае Саня.

- Я толькі цяпер зразумела шэкспіраўскае: «Мы плакалі, прыйшоўшы ў свет, - на прадстаўленне гэтае з шутамі...»