Саня ўтаропілася ў яе, пакусваючы губу: не адразу ўцяміла, як і што адказаць. А Люба сумна ўсміхнулася і ціха дадала:
- А яшчэ кажаш: мы ніколі не сыграем Шэкспіра на нашай сцэне...
***
Вечар ціха пагойдваўся на густым вецці таполяў, на струменях пакуль яшчэ не выключанага фантана ў цэнтры сквера, на блісках фараў збоку праспекта, што зрэдку крамсалі няяркае святло ліхтароў, на лёгкім водгуллі крокаў, якое то цішылася, то зноў агучвала каменную павуціну алеяў, заглушаючы то ледзь чутны ўздых, то ледзь чутнае нашэптванне... 3 гадзіну, як абязлюдзелы сквер, звыклы да чаго заўгодна ў такі час, па-свойму абыякава, бязгучна дзівіўся на паэта (хто б яшчэ блукаў па сцёмненых алеях у адзіноце, мармычучы, складваючы адно да аднаго словы!), той жа не зважаў ні на бязлюддзе сквера, ні на павуціну дарожак, ні на час. Іх звёў, спалучыў гэты вечар, повязь магла абарвацца ў любое імгненне, і ў тым, што чаканае імгненне ўсё не наступала, была і свая прычына, і свая інтрыга. Вось толькі каму дакопвацца да тае прычыны, каму разблытваць тую інтрыгу?
Познім вечарам нават час запавольвае хаду: прырода рыхтуецца да сну, нягледзячы на ўсе яшчэ не аціхлы сям-там людскі тлум i pyx крыху асалавелых ад мігцення агнёў легкавікоў. I ўсё ж гадзіннікі, што на вежах будынін ці спецыяльна ўстаноўленых тумбах, што на прыборных панелях аўто, звыкла адлюстроувалi pyx часу, адлічвалі яго прамежкі - і вечар паступова, хоць і непрыкметна, пераходзіў у ноч. У ноч, якая збудзіць чарговы летні месяц, хоць гэта адбудзецца толькі праз пяць-шэсць гадзін: перш трэба было заснуць... Гарадскому люду, гораду, ночы...
Але як заснуць пад мігценне светлафораў і бліскі фар? А тут яшчэ паэт са сваімі заклінаннямі!
Стас - а гэта менавіта ён, Стас Чарняеў, блукаў па скверы ўжо другую гадзіну! - перш навязаў сябе да вечара думкамі пра стрэчу, няхай нават выпадковую, з Любашай. Спектакль заканчваўся а дзесятай гадзіне, акцёры пакідалі тэатр хвілін праз сорак, так што напачатку Стаса чакала цэлая вечнасць, - думаць, марыць, мроіць ніхто не перашкаджаў, не перашкодзіў бы, нават калі б схацеў. Ды і хто схацеў бы - тут, у цэнтры Мінска, на сцёмненых алеях, што кружылі вакол старога фантана са скульптураю хлопчыка ў абдымку з лебедзем? Хлопчык абдымаў птушку, лебедзь пускаў струмень вады, вада ціха спявала... Каму якая справа да ўсяго гэтага, апроч паэта?
Словы прыходзілі - дакладней, усплывалі! - з самай глыбіні душы, І, каб не забыць ніводзін з радкоў, Стас прамармытваў іх па некалькі разоў, вывяраючы рытм крокамі. «Абы гучаў, гукаў - хоць чыйсьці кліч трывожны - душа, а не рука - лавіла водгук кожны, - не літасці нябёс - прасіла мукі новай... I зноў - ламаўся лес, і - выжывала слова...» Ён не ведаў, ды і не хацеў ведаць, чые гэта словы, адкуль, чаму нараджаліся ў ім менавіта тут і цяпер, калі нават блакнота ў кішэні не знайшлося, - проста ўслухоўваўся ў сябе, баючыся штосьці ўпусціць. Упусціў, як аказалася, вечар...
Тэатр даўно патушыў агні, цёмны гмах яго высіўся на рагу сквера няўклюднай глыбаю, якая з-за дрэў і на фоне значна лепш асветленага пляца перад будынкам ЦК выглядала нават змрочнаю. Міжволі хацелася адвесці пагляд. Як ад чагосьці мёртвага. I згадка пра тое, што ў тэатры штодня, штовечар тоўпіліся людзі - шуты і трагікі, панёнкі і куртызанкі, гандляркі і прайдзісветы! - прымаючы ўдзел у чарговым спектаклі трупы і публікі, уражання не мяняла. Не адмяняла. Адно што хімераў на сценах і над імі не ставала! Дык і іх легка было ўявіць, пазіраючы са змрочнага закутка сквера.
Злавіўшы сябе на падобных думках - ухапіўшы адну з іх за чорны, як уяўлялася, хвост, - Стас зразумеў, што час выбірацца адсюль і шукаць чым даехаць дадому. Вечар адыходзіў у памяць, і марна азірацца на яго са шкадаваннем: Любу праводзіў пасля спектакля хтосьці іншы, імчацца, каб пастаяць пад яе вокнамі, пазнавата...
- Ба-а! Якія людзі!
3 Гукавым, па ўсім відаць, на добрым падпітку, Стас сутыкнуўся так знянацку, што ні абмінуць, ні саслізнуць у цень таполі ўжо не выпадала. Думаць жа, што цяпер няхутка выбавіцца ад яго, было сабе даражэй. Таму спакойна прыпыніўся, дазволіў паляпаць сябе па спіне, усміхнуўся.
- 3 «Мутнага вока», няйначай, Павел Віктаравіч?
- А няхай яго мухі забадаюць! - пахітваўся той, усё стараючыся заваліцца яму на плячо ці зазірнуць у твар. - Зойдзеш чарачкаю пражыты дзень памянуць, а гэта - другая кампанія ўжо ў поўным складзе, і нагода - не з тых, якую можна праігнараваць.
- I якая ж сёння нагода? - спрабаваў Стас прасоўвацца ўбок тралейбуснага прыпынку, скіроўваючы туды ж і старога акцёра.