Выбрать главу

Ехалі ў пушчу, у Віскулі, а куды прыехалі? Палац з белага каменю, фантаны між векавых соснаў, мармуровыя прыступкі, якія вядуць угору, у неба, грудастыя красуні ўздоўж лесвіцы ва ўборах, да якіх і ўсходнім па сваёй адкрытасці далёка, залатыя чары з залацістым напоем... Шутаў азіраўся на гасцей - тыя ўсміхаліся: «Смялей! Рашэнне за намі!» - «Якое рашэнне?» - хацеў спытаць, але не спытаў, бо ў тую хвіліну гэта было зусім не важна. Яны падымаліся... Яны падымаліся на Алімп! - і што б гэта ні азначала ў далёкія часы, цяпер успрымалася як шчасце. Нечаканае, невымернае шчасце прызнання на такім узроўні, пра існаванне якога Шутаў і не здагадваўся.

«Шчасце! Што гэта, як не шчасце - нечакана ўстаць нароўні з лідэрамі самых вялікіх славянскіх народаў, быць ушанаваным іх даверам, прымаць іх у сабе?» - пульсавала ў ім адна і тая ж думка, адна і тая ж радасць. Шутаў то верыў, то не верыў ёй, але адольваў прыступкі як на крылах: там, наверсе, пад самай зіхоткай аркаю, павінна адбыцца штосьці гістарычна неабходнае, і ён - ён, Шутаў! - павінен быў прыняць у гэтым удзел.

Толькі крокі за два ад мармурова-белай пляцоўкі прыцішыў бег і, трымаючыся адно за свой цень, азірнуўся. Перш нават вачам сваім не паверыў: высокапастаўленыя госці спакойна, няспешна падымаліся па лесвіцы яшчэ даволі далёка ўнізе, а, зразумеўшы, што занадта паспяшаўся і да непрыстойнасці таропка апярэдзіў іх, заліўся чырванню - яшчэ падумаюць, што паперадзе бацькі...

Ніхто нічога не падумаў - па крайняй меры, і лёгкага папроку не прагучала. Ледзь толькі ўсе трое ступілі на пляц, трохпромневая арка выбухнула, уздымаючыся над імі салютам, святло крыху сшэрхла, мяняючы іх апраткі на цямнейшыя, а ў цэнтры з'явілася круглае ўзвышэнне. Стол, не стол... Але калі прэтэндэнт на крамлёўскі прастол ступіў да яго, стол у прамым сэнсе слова ажыў: на паверхні з’явіліся келіхі з залатым напоем, стосы папер, ручкі з залатымі пёрамі, талеркі з дзічынаю і фрук­ты - усё ўперамешку! Тут жа наблізіліся нейкія людзі са світы, распачаўся хаатычны, на першы погляд, рух, у якім патаналі гукі, воклічы, звон келіхаў і водгулле крокаў, бо ўсе тапталіся ўкруг - і хвіліны не заставаліся на адным месцы, быццам прытанцоўвалі. Хутка Шутаў перастаў разумець, што на самой справе адбывалася, хоць гэтаксама рабіў патрэбныя крокі, перасоўваў ледзь прагледжаныя паперы, адпіваў то з ад­наго, то з другога келіха, адгукаўся на чыйсьці рух ці зварот. Залатыя кроплі «Зуброўкі», залатыя промні святла, мітусня апаратчыкаў - і ніводнага гуку. Як у нямым кіно.

Мо таму, калі раптам, грымнуўшы кулаком па стале, гучна прарыкаў крамлёўскі пасланец: «Падпісваем - і хана Савецкаму Саюзу!», Шутаў не проста ўздрыгнуў, а падскочыў ад нечаканасці, тут жа згубіўшы ўсякую апору і як падвісшы ў паветры. Нязручнасці не адчуў, што ў іншы момант і ў іншых абставінах здзівіла б, а ўвагу прыцягнула ўжо наступнае дзеянне, уласнае ў тым ліку: ручкі з залатымі пёрамі самі ўплывалі ў рукі, подпісы ўзнікалі з простага руху пальцаў - перш у паветры, потым на паперчынах, пячаткі... 3 пячаткамі было найцікавей, бо зноў над галовамі (над сталом) з’явіліся тры лёзы-промні, каб тут жа пачаць ламацца, выгінацца, расцягвацца, трыма лініямі абмалёўваючы контуры Расіі, Украіны і Беларусі. I ледзь толькі контуры вымаляваліся, яны ўспыхнулі тры­ма слупкамі святла, сцяліся, зменшыўшыся да прымальных памераў і ператварыўшыся ў пячаткі. Заставалася выпрастаць руку, узяць (кожнаму - сваю) і апусціць на падпісаныя толькі што паперы.

Адусюль гучалі апладысменты, праз дружны звон келіхаў адусюль далятала: «Канец!», «Імперыі больш няма!», «Свабода!», «Адкрыўся шлях у цывілізаваны свет!», «Салют незалежнасці!» Хтосьці цалаваўся з усімі, хто побач, хтосьці піў проста з гарла бутэлькі, хтосьці шукаў якую грудастую дзеўку, а перад ім, Шутавым, прасціралася чырвоная дывановая дарожка (абна ў трох, якраз пасярэдзіне) і вяла ана далей на захад, паўз радасныя натоўпы незнаёмых, але шчаслівых людзей...

Больш, папраўдзе, нічога, апроч гэтай дывановай дарожкі, не ўзгадалася. I марна Шутаў прыкрываў вочы, узіраўся ў споміны пра незвычайны сон: ні таго, куды вяла і ўрэшце прыводзіла яго тая дарожка, ні таго, дзе і чым завяршалася яго шчаслівае ўзыходжанне на вяршыню ўлады, угледзець не мог. Бязмежная далячынь, бясконцы натоўп уздоўж шляху, бяздоннае мора пушчы ўнізе... «Пушчы? Была яшчэ і пушча? - спрабаваў зачапіцца за падказку. - Алё ж я не пазіраў уніз!»

Думка перш устрывожыла, змушаючы адмахнуцца ад сну, ад бясконцых сваіх узгадак пра яго, але не мінула і гадзіны пасля добрага сняданка і кубка гарбаты, а радасны настрой вярнуўся. Вярнуўся, вяртаючы ўпэўненасць: ён невыпадкова прыйшоў у палітыку, ён - не выпадковы лідэр. I гэта галоўнае.