Пяшчоту, што ўбіраецца у квецень,
Паверыўшы якомусьці са сноў.
Забыўся сон. Не збыўся. Ёсць жыццё.
Яго шляхі, нарэшце - будні проста,
3 якімі не ўпраўляюся са ўзростам!
А тут - за квеценню ды за лісцём
Не тое што шляхоў, не разглядзець
Бяды, якая стукаецца ў дзверы
Пасланніцай даўно пазбытай веры
У выкупленне, што прыносіць смерць.
Была б вясна! Быў сон. У сэрцы ж зноў
3 такой сляпой нястрымнасцю буяе
Пяшчота, бы не чую, бы не знаю
Нясказаных і прагучалых слоў.
Калі верш адгучаў, настала такая напружаная цішыня, што, здавалася, паветра вось-вось пачне крышыцца, асыпацца, - трэба было нешта рабіць, мусова нешта рабіць...
Першаю апамяталася Люба. Азірнулася на дзверы ў калідор, на пакой з гасцямі, адкуль даносіўся звыклы гул галасоў і ціхае брэньканне гітары, зірнула на крыху збянтэжанага ад уласнае смеласці паэта, заўсміхалася, толькі цяпер усвядоміўшы ўсю недарэчнасць ягонай постаці - з мокрымі чарапкамі ў руках...
- Ды высып ты свае чарапкі ў сметніцу! Памочнік!
- Канешне, канешне, - шукаў той сметніцу паглядам, пакуль Люба не падвяла яго да тумбачкі з прыадчыненымі дзверцамі. - Прабачце. Я выглядаю недарэчна... Знайшоў момант! 3 чарапкамі замест шампанскага...
- Ну, шампанскага я не п’ю. Не люблю, - падала хлопцу ручнік Люба і, пакуль той уціраўся, разглядвала яго: няма і трыццаці... цаны сабе не знае ні як мужчына, ні як паэт... - А прачытаны верш мне спадабаўся. Шмат у цябе такіх?
- Другі зборнік рыхтую. А вам... вам праўда спадабаўся верш?
- Не ведаю, ці дарэчы тут слова «спадабаўся». Гэта - сапраўдная паэзія, і калі вы падарыце мне пры наступнай стрэчы сваю кнігу...
- Абавязкова падару! Я цэлы свет падарыў бы вам, Любоў Георгіеўна!
- Думаю, кнігі будзе дастаткова, - паспрабавала яна астудзіць яго парыў, а калі заўважыла, што словы не падзейнічалі, рашуча і вонкава холадна падштурхнула да дзвярэй нецярплівым жэстам: - Ідзіце! Далучайцеся да астатніх, пакуль я не папрасіла ўсіх пакінуць мой дом.
- Канешне, канешне, - збянтэжыўся той.
- А мо ты ад майго імя выправадзіш...
- Лю-ба!
- Любаша! 3 кім ты там зачынілася?
- Мы патрабуем гаспадыню! - пачулася з калідора, і Люба адчайным рухам, які не схаваўся ад Стаса, зачыніла за ім дзверы і падперла іх спіной.
- Цс-с! Гаспадыня, змарыўшыся, заснула, і мы будзем парсюкамі ванючымі, калі не вымецемся з яе кватэры, - устаў на варце дзвярэй збоку калідора Стас. - Дзве гадзіны ночы, сябры! Глыбокая ноч!
- А ты смаркач яшчэ, каб камандаваць! - крыху прыцішыў голас адзін з нецярплівых (Люба адразу пазнала Пальчэўскага). - Хто ты такі, увогуле?
- Ты што, Юра, заліў вочы і не пазнаеш нашага маладога генія? - прыхінулася да хлопца Ганна, упэўненая, што ёй, як прыме, дазволена і ў гэтым доме, і паўсюль усё. - Стасу далі ад варот паварот, як бачыш. Вось мы яго і прыгрэем.
«Во лярва старая!» - мільганула ў думках без асаблівае злосці, але ў вачах сталі збірацца слёзы, і Люба рабіла аграмаднае намаганне, каб не расплакацца, не завыць уголас: прыйшлі... наеліся-напіліся... замест таго, каб дзякуй...
- Усё, усё, сябры! - гучным шэптам камандаваў Стас, спіной, праз дзверы, адчуўшы ўсю складанасць моманту. - Каго куды давезці, разбяромся па дарозе. Я да вашых паслуг, дамы! Вось так... Вось сюды... Я ўслед за вамі...
Голас цішэў, аддаляючыся, а хутка і зусім аціх. Бразнулі ўваходныя дзверы. Смех і глухія рэплікі яшчэ нейкі час трывожылі рэха - перш у пад’ездзе, потым у двары, куды вываліла кампанія, і стала ціха. Так ціха, што кроплі вады з кепска перакрытага крана падалі ў ракавіну, здавалася, аглушальна гучна. Падалі... скочваліся і падалі... I так не магло больш прадаўжацца, бо слёзы ўжо і так каціліся па шчоках. Каціліся, падалі... услед за кроплямі вады... апярэджваючы іх...
Званіў тэлефон. Недзе ў пакоі, недзе ў тым жыцці, якое яна аднойчы выбрала і якое так ніколі да канца і не прыняла, прызнавалася сабе ў тым або не, званіў і званіў тэлефон.
***
Нарада па ідэалогіі праходзіла ў звычайным рэжыме, нішто не патрабавала ні пазачарговых мер, ні тэрміновых рашэнняў, і Ковач дужа не ўслухоўваўся ў доўгія тлумачэнні дасланае з Масквы цыдулькі, якія ў вуснах Паўлюка (яго, загадчыка аддзела ЦК, шмат хто нават з высокіх партыйных чыноў непрыкрыта пабойваўся) гучалі амаль загадна і пярэчанняў, як заўжды, не выклікалі. Назіраць за ім было не дужа цікава: верны служака партыі, якому за сабачую вернасць спісваліся і залішняя часам жорсткасць у адносінах з падначаленымі, і залішняя заўзятасць у зборы кампрамату на ўсё і ўсіх, і залішне падкрэсленая ўпэўненасць у заўсёднай нязломнасці і незаменнасці. Дзіўна будзе, калі ён так і пражыве свой век, ні разу не азірнуўшыся на сотні, тысячы нязломных і незаменных, чые імёны ўтаптаны ў гразь. Перш - у кроў, потым у гразь... Хто, што ў жыцці мог калі-небудзь гарантаваць, хоць раней, хоць сёння?