Выбрать главу

***

Галоўным рэжысёрам нацыянальнага тэатра пасля змены міністра культуры Глінскі застаўся. I хоць вялікіх сумненняў наконт такога менавіта рашэння ў сувязі з пертурбацыямі ў міністэрстве і не ўзнікала (хто такі Пе­кар у параўнанні з ім, Глінскім?), пэўныя думкі мулялі, змушаючы корпацца ў вядомых фактах і ўласных здагадках. Мяняць шыла на мыла ў любой сітуацыі непрадуктыўна, а ўжо што тычыцца сферы культуры ў такі няпэўны час... Часы, праўда, заўсёды няпэўныя, калі зірнуць уважлівей: пас­ля таго, як улада перастае быць спадчыннаю і больш не перадаецца ад бацькі сыну, прэтэндэнты на прастол скрозь толькі множацца. Кожны - хоць раз за жыццё - у думках прымярае карону на сябе (чым я горшы за каранаванага?!), кожны, асабліва тады, калі, здаецца, улада валяецца пад нагамі, імкнецца падняць яе. Тым больш, што на дурніцу. Вынікі... А такія і вынікі! На дурніцу толькі дурні раскашуюць дзень-другі... Покуль смэркамі не ўмыюцца, няздатныя несці цяжар адказнасці.

Глінскі мераў шырокімі крокамі паркавыя алеі, находжваючы прадпісаныя ўрачом кіламетры штодзённага мацыёну, і не зважаў ні на раку за каменным парапетам, ні на рэдкіх у гэту ранішнюю гадзіну наведвальнікаў парка на лаўках, сям-там раскіданых уздоўж набярэжнай. Дыхалася вольна (рытм хады даўно падстроіўся пад няспешнае дыханне), думалася з натугаю, без асаблівае ахвоты. I калі б ён мог, то ўвогуле ацерабіўся б ад людскіх думак: якая карысць сушыць мазгі, калі самую мудрую з выказаных думак можа сплюнуць табе ж пад ногі любы ёлупень пры ўладзе? Не тое, што не парупіцца прыняць да ведама, каб у выпадку чаго скарыстаць на справу, а нават не даслухае да канца, сплюнуўшы: «Ды кінь ты, стары!»

Кінуць - няцяжка: не інтуіцыя, дык вопыт падкажа, дзе прытармазіць, а дзе і ўвогуле рух не распачынаць, пакуль пыл не асядзе. Некалі ж асядзе!

- Добрага ранку! - гукнуў хтосьці з бакавой алеі.

Азірнуўся, машынальна адказаўшы на прывітанне, але сівенькага старога крыху воддаль не пазнаў. «Здэцца, з пісьменнікаў...» - мільганула здагадка, і ён яшчэ раз азірнуўся. Напружваць памяць не стаў (не для таго з дому выйшаў), а ў хуткім часе ўвогуле забыў пра выпадковую стрэчу. Мо хіба слова «пісьменнік» зачапіла ўвагу, бо, павярнуўшы ад ракі на дарожку, што вяла ўглыб невялікага ліповага гаю, раптам узгадаў нядаўнюю гаворку з адным з высокаўшанаваных Савецкай уладаю за ўменне балансаваць паміж пратэстам і згодніцтвам пісакаў.

«Недаацэнены, браце, - тут жа, у першую ж хвіліну, пажаліўся той. - Мяне даўно прыспела народным паэтам прызнаць, ажно не... То якому зайздросніку сонца засціў усё жыццё, то якому партбосу не так нізка, як ён чакаў, кланяўся... Бардак, адным словам!»

«Дык жа шмат чаго далі, - схаваў ухмылку Глінскі, разглядваючы мажную, мужыкаватую постаць незадаволенага мэтра.

«Ага. А чаго гэта мне каштавала, браце? 3 якімі мярзотнікамі справу мець даводзілася! Ажно, бач ты на іх, у класіку запісваць, на іх думку, ра­на, - гундзеў той сваё. - А я перарос, перарос ужо класікаў! Хоць сёння магу тамінаў дваццаць выдаць».

«Паэзіі?!» - жахнуўся ў душы Глінскі такой перспектыве.

«А ты думаў! - радасна ўсміхаўся мэтр. - 3 малалецтва, лічы, пішу. I ўсё ў рыфму, усё ў рыфму!»

- I ўсё ў рыфму, усё ў рыфму! - міжволі паўтарыў Глінскі ўголас і гучна засмяяўся, нават не пацікавіўся, быў сведка гэтага смеху дзе паблізу ці не было.

Смяяўся, хоць і цішэй, доўга: што ўжо там нашкрабе ў свае дваццаць тамінаў сівагаловы паэт, не так і важна, а вось тое, што ўсё ў рыфму...

Прыму свайго тэатра заўважыў здалёк. Здзівіўся: так рана? Здзівіўся яшчэ больш, калі тая паспрабавала адвярнуць з дарожкі ўбок, яўна пазбягаючы стрэчы з ім: куды ці адкуль яна прастуе, як да ранішняй рэпетыцыі яшчэ добрых дзве гадзіны? Знарок памахаў рукой: бачу, маўляў... Знарок крыху запаволіў хаду: няхай звыкнецца з думкаю, што хавацца недарэчы. I позна. Сышліся - і разыдуцца, але прычына нечаканай для абоіх сустрэчы высветліцца. Каб ці забыцца, ці застацца ў памяці.

- Прыемна, прыемна! - цмокнуў Ганну ў абедзве шчакі. - Каб так неспадзявана сустрэць сваю народную артыстку! - Дзень наперадзе - яўна дабро прынясе.

- Дабро? Якое дабро? - не зразумела тая. - Усё рушыцца...

Апошняе вырвалася міжволі - проста падумала ўголас, хоць у гаворцы з рэжысёрам трэба было быць больш асцярожнаю і пільнаю: а то яна яго не ведала! Востры, як лязо, з’едлівы розум перамагаў у ім усё - ні грана спачування, ні грана літасці да каго б там ні было, калі пачыналася гульня ў «хто каго». Гульня ў падкіднога, як сам Глінскі вызначаў пад настрой, і ў гэтай гульні ён не тое што толк ведаў - роўных яму не было! Вось і цяпер...