Выбрать главу

- I раздзяруць, - ледзь чутна адгукнулася Ганна, думаючы пра сваё.

- Ну, і хрэн з ёй! - рэзка ўзмахнуў ён рукой. - Вечна то пад аднаго, то пад другога прайдзісвета клалася, яшчэ і прыплачваючы таму за дзек, - нічым іншым і цяперашняе прыцмокванне не закончыцца.

- Прыцмокванне? - перасмыкнула Ганна плячамі, міжволі паскараючы крокі. - Ты маеш на ўвазе...

- Я маю на ўвазе дарагіх твайму сэрцу камуністаў, вечна цяжарных пазаўчарашняй для ўсяго свету ідэяй, - не хацеў, а ўсё ж паскорыў хаду і Глінскі. - Абвясцілі несусветнае - роўнасць, сем дзесяцігоддзяў потым прыдумляючы, як і на якой крывой кабыле гэтую роўнасць аб’ехаць хоць з аднаго боку, каб самім не апынуцца сярод п’яненькіх пралетарыяў, а ўсё няймецца, усё за ўладу чапляюцца.

- А табе чаго няймецца?

- Мне?! - здзівіўся не так пытанню, як Ганнінай сур’ёзнасці Глінскі, нават прыпыніўся на некалькі імгненняў. - А тое, што мне, геніяльнаму рэжысёру, плацяць роўна столькі, колькі завешанаму п’янымі смэркамі качагару ці асенізатару, па-твойму, як? Ці ўсё на выдаткі палітыкі і палітыкаў потым смерць спіша? Ды я не тое што грудзіну не падстаўлю, a і пальцам не варухну, каб перапыніць працэсы, якія сёння адбываюцца! Мерцвячына вакол. Ад смуроду дыхаць даўно няма чым. Усё мастацтва да двух прытопаў, двух прыхлопаў звялі, а мяне яшчэ і захапляцца гэтым змушаюць! Чаго няймецца, пытаеш? Ды будзь мая воля, я расквасіў бы морду любому рэжыму, які адпрэчвае творчасць і прагрэс, які мазгамі геніяў угнойвае клумбу ўлады. Так, так, клумбу! - усе параўнанні з пірамідаю, прастолам ці п’едэсталам кульгаюць на абедзве нагі. Хоць бы таму, што ад іх патыхае не толькі ладанам, але і крывёю. Гнілой крывёю даўно прамінулых часоў, якой, як парфумаю, апрыскаюць і сённяшнія бойкі. Калі не асвячаючы, то апраўдваючы. I што ў гэтым месіве загубленых жыццяў, амбіцый і бясконцых злачынстваў супраць чалавека, супраць душы ягонае - боль мастака, крык яго душы? А? Пытанне не да цябе, разумею. Ды дзе яго яшчэ агучыш, як не ў бязлюдным парку, пад шатамі старых ліп?

Маналог доўжыўся, і Глінскі даўно ўжо звяртаўся да самога сябе, не азіраўся на спадарожніцу, заглыбленую ў думкі, часам забываючыся на яе. Спакойны рытм няспешных крокаў, спакойныя, размераныя ўзмахі рук і словы... У словах гэтаксама асаблівага хвалявання не чулася. Быццам гучаў, агучваўся завучаны тэкст. Між тым, калі б побач знаходзіўся хто з дасведчаных знаёмцаў Глінскага, то несумненна здзівіўся б. Не тэксту, не словам, адназначна пратэстным (Глінскі, безумоўна, так і думаў, з такімі перакананнямі жыў), а нечаканай адкрытасці: хто-хто, а ён ад асцярогі нідзе і ніколі не адмахваўся - памятаў, што паўсюль і за ўсімі прыглядвалі. Тут жа...

- Тут выбар адзін: выбірай дужага! Моцна трымалі ўладу камуністы - пад іх маршы маршыравалі, упусцяць - іншая музыка загучыць. I галоўнае, каб гэта была наша музыка! Наш марш! Левую нагу адтапталі, час праваю пашчыраваць: захад! захад! захад! Горбі правільна зарыентаваўся на захад, вось толькі кішка тонкая, каб за пададзеную адтуль ру­ку ўхапіцца, мо-о-оцна ўхапіцца!

- Што? - наткнулася на яго, прыспешыўшы крокі, Ганна і крыху спалохана перапытала. - Ты штосьці спытаў?

- Ды не... - не адразу знайшоўся Глінскі: уздыбленая ягонымі воклічамі пространь мякка гэпнулася побач, вярнуўшы у рэальнасць канкрэтнага часу, і да яе яшчэ трэба было прыстасавацца.

- A-а! Тады я пабягу, - узрадавалася Ганна. - Яшчэ ў краму зазірнуць паспею.

Яна не пабегла, але, шырокімі крокамі абмінуўшы Глінскага, так на яго і не азірнулася. А той таптаўся на месцы, пазіраючы ёй услед, хвіліну, другую, і ўсё не мог вырашыць, аб чым у гэтыя хвіліны шкадаваў: аб тым, што сарваўся і нагаварыў абы-чаго, ці аб тым, што адзіная слухачка імправізаванага гнеўнага маналога нічога, ніводнае фразы з яго не чула.

Калі ж нарэшце павярнуўся і пайшоў у адваротны бок, ні пра ўсхваляваную гаворкаю з высокапастаўленым і звергнутым апошнімі падзеямі Ганніным палюбоўнікам, ні пра гэтыя падзеі больш не ўзгадваў: адзін партыйны прышч зменіцца другім, адны ўлюбёнцы ўлады саступяць месца ў табелі аб рангах другім - і што? Жыццё перапыніцца? Зямля з арбіты саскочыць?

«Прайшоўшы праз усё, нічым не спакусіцца...» - працытаваў у дум­ках хто ведае калі чутыя словы аднаго з забітых прарокаў і ўсміхнуўся. Гэта гульня, іншая... На тое ён, Глінскі, і рэжысёр, каб любую гульню зрэжысіраваць! Нават гульню ў падкіднога дурня, якую не пачынаў і ў якую ўцягнуты па волі часу і дурной камуністычнай спадчыннасці. Калі сям-там прасачыць, сяму-таму своечасова краплёную карту падкінуць, то і магчымы пройгрыш льга будзе скарыстаць потым як выйгрыш. Не свой, дык каго са сваіх... Гэта ўжо як водзіцца!