Выбрать главу

- Хто пра Амелю, хто пра Амелеву цётку... Сцяг, герб, гімн - вось азнакі дзяржаўнасці!

- Не ўсе гатовы да такіх рашучых зменаў, - далучыўся да гаворкі яшчэ адзін з літаратараў. - У авальнай зале гучаць і іншыя заклікі. Супрацьлеглыя.

- Калі вы - пра калгасніка з Магілёўшчыны, то яму, як спатрэбіцца, лёгка рот заткнуць.

- Ну, ну!

- Настойваю на пазачарговасці пытання аб дзяржаўнай сімволіцы!

Гаварылі ўсе разам, перапыняючы адзін аднаго, і ў нейкі момант Шутаў перастаў слухаць, зрэдку варочаў галавою, адсочваючы чарговага незадаволенага, не прыслухоўваючыся ні да прапаноў, ні да пярэчанняў: хто што скажа, і так вядома, а патрэбнае памочнік для яго занатуе. Палітыка (ён ужо гэта паспеў зразумець) вяршылася і не ў гэтай зале, і не ў аваль­най, і калі не ўмяшаюцца вайскоўцы...

Думка не не жарт напалохала: мажлівасці бунту ці нават простага непадпарадкавання арміі новым кіраўнікам дагэтуль жа і блізка не падпускаў. I не толькі ён, Шутаў, а і астатнія - што тут, што ў суседніх сталіцах. Гэта азначала б канец. Канец усяму: кар’еры, спадзяванням на новы ўзлёт, самой свабодзе, урэшце! У параўнанні з такой мажлівасцю павароту падзей, тое, што адбывалася цяпер, у Шутава на вачах, выдавала (ды і было!) кепска разыграным спектаклем, у якім ігралі дылетанты. У большасці сва­ёй - дылетанты: хто ад навукі, хто ад адукацыі, хто ад літаратуры.

Пагляд Шутава слізгаў з постаці на постаць, з твару на твар, і недаўменне расло. Сэнс слоў, выкрыкаў патанаў у агульным гудзе, даўно ўспрымаемым толькі краем вуха, жэсты выглядалі недарэчнымі, усмешкі час ад часу змяняліся злосцю, злоснымі грымасамі, якія перакошвалі твары, робячы іх непазнавальнымі. I ўсё гэта плыло за паглядам, чапляла яго, прарываючыся ў свядомасць, парушаючы ўнутраную раўнавагу. Шутаў міжволі ўціскаўся ў крэсла, моцна трымаючыся за край стала абедзвюма рукамі. Так, бы баяўся раптоўна страціць прытомнасць ці - таго горш! - цалкам страціць кантроль над сабой і закрычаць што ёсць моцы: «Прэч! Пайшлі ўсе прэч!»

- Глыніце, - падсунуў яму шклянку з газіроўкаю памочнік, і Шутаў адно ўдзячна кіўнуў.

Пасля таго, як зрабіў некалькі глыткоў, палягчэла. Каб не пачынаць усё спачатку (зала па-ранейшаму гула), падняўся, грымнуў па стале адра­зу двума кулакамі, змушаючы ўсіх хоць на хвіліну аціхнуць, і некалькімі рэзкімі фразамі завяршыў пасяджэнне:

- Дзякуй за гаворку, як зазвычай, ператвораную ў дэпутацкую перапалку. Абмяркоўваць унесеныя прапановы будзем у авальнай зале, аднак зазначу, што ідэі незалежнасці патрэбна падтрымка. Рашучая падтрымка кожнага з нас. I не на словах, а на справе.

Калі рушыў да выхаду ў суправаджэнні памочнікаў, спінаю адчуў ледзяную хвалю цішыні, якая папаўзла следам.

***

Надвор’е да канца дня сапсавалася канчаткова. Халодны вецер перш крыху аціх, але неўзабаве, калі дыханне прызвычаілася да акрэплага марозцу, зноў задзьмуў з ранейшай сілай. Хутка ў паветры з’явіліся і снежныя мухі, якія з кожным імгненнем не толькі множыліся, а і раслі, наліпаючы адна на адну. Даводзілася прыгінаць галаву ці адварочвацца ад ветру, каб змахнуць іх з павекаў.

Усё - адпаведна настрою, вызначаць які Ковач у гэтыя хвіліны не ўзяўся б. 3 тугою зіркаў то на размытую плынню ветра будыніну вакзала, то на чыгуначнае палатно пад коламі маскоўскага цягніка: ад’язджаў - па ўсім відаць, назаўсёды пакідаў Беларусь нядаўні партыйны кіраўнік рэспублікі. Не проста непасрэдны яго кіраўнік, але і аднадумца, паплечнік па жыцці і барацьбе, няхай сабе да апошняга часу і выціэйшы па рангу. Праводзіў яго Ковач, раз-пораз стараючыся хоць неяк прыхаваць разгубленасць: не ў апошні ж шлях, урэшце...

- Мо не час яшчэ ад’язджаць? - вырвалася зноў, перш чым злавіў думку за хвост.

- I самому моташна, Віктар, - адгукнуўся Першы, лёгенька, па-сяброўску таўхануўшы яго плечуком. - Ды трэба, трэба ехаць. Пакуль запрашаюць...

- Няўжо ніхто ў Палітбюро не разумее ўсёй небяспекі становішча?

- Разумець разумеюць, зрабіць нічога не могуць. Ці не асмельваюцца... - дадаў пасля невялікай паўзы. - Іржа з часам нават метал раз’ядае, а чалавек... Андропаву раней трэба было ўмяшацца. Значна раней! A і ён, мусібыць, не раз, не два перасцярогся.

- Калі ўжо ўеёмагутны К,ЦБ...

- Усёмагутны - адно Гасподзь Бог, ды і то са згоды царкоўнікаў і іхняй паствы. Людзі - усюды толькі людзі, - прыпыніўся насупраць свайго вагона і зірнуў на гадзіннік той.

- Хвілін сем яшчэ ёсць, - заўважыў Ковач.