- Далёка адыходзіць не будзем, але сказаць табе на развітанне сёе-тое хачу, Віктар, - адвярнуўся ад ветру Іван Кузьміч. - I, як верыш мне па-ранейшаму, то прыслухаешся да сказанага.
- Не сумнявайцеся, - таптаўся ўкруг яго Ковач, як заведзены, не заўважаючы нi гэтага свайго нервовага кружэння, нi задужа ранняй сёлета снежнай завірухі, у якой патанала ўжо ўсё вакол, набываючы размытыя і таму нібыта фантасмагарычныя рысы. - Выпрацаваная ў апошнія месяцы праграма дзеянняў...
- Ды плюнь ты на ўсе праграмы! - занерваваўся і той, фізічна адчуваючы няўмольны бег часу, апошніх хвілін перад расстаннем - і з верным таварышам, і са сваім краем . - Час супраць нас, Іван. I гэта зусім не азначае, што яго можна праігнараваць. Задоўга чакалі пэўных змен у партыі, а чаго дачакаемся, і думаць не думалася. Вось і трэба разумнець. Прыстасоўвацца.
- Прыстасоўвацца?!
- Прыстасоўвацца. Да новых умоў. Да новых павеваў, - бы і не заўважыў ён воклічу Ковача, спяшаючыся сказаць тое, што адкладваў на гэту апошнюю хвіліну. - Прыглядвацца да новых людзей, вызначаць іх моцныя і слабыя бакі, іх вартасці і хібы... Патрэбны новыя людзі, новыя лідэры, Віктар! Не для таго, каб вярнуць і нікому не даць у дальнейшым парушыць вернутую ўладу, а каб не даць поўнасцю змяніць арбіту руху да вызначанае некалі мэты. Сёння рух дае збой, шлях спатыкаецца на кожнай купіне і шчэрбіне, а ўсё таму, што няма прытоку - спыніўся! - новае крыві. Маладой крыві. I калі тутэйшыя ці маскоўскія рэнегаты здолеюць прывабіць на свой бок моладзь, шлях абрынецца ў добра і загадзя падрыхтаваную бжэзінскімі ўсіх масцей бездань.
- Адзін з імі купленых - усё яшчэ ў Крамлі сядзіць, - буркнуў Ковач. - Не знайшлося нікога, хто прыдушыў бы гада!
- За яго пентагонаўскія ястрабы ўсю моц сваіх армій абрушылі б на Савецкі Саюз... - церабіў падбародак, узіраючыся ў Ковача той. - Разумна трэба дзейнічаць, спакваля завалодваючы і страчанымі па яго віне пазіцыямі, і людскімі душамі. Новую тактыку выпрацоўваць, адбіраць з людскога матэрыялу лепшае. Ты там, у Вярхоўным Савеце, звярні ўвагу на настырнага змагара супраць карупцыі у вышэйшых эшалонах улады і на месцах.
- Старшыню саўгаса з Магілёўшчыны?
- Яго, - пацвердзіў той. - Калі ён са сваімі прэтэнзіямі ўжо да генсека, які назваўся прэзідэнтам, дапяў, то можа далёка пайсці. Калі збоку - і своечасова! - дапамагчы. Вось і прыгледзься да яго. Дапамажы, як спатрэбіцца, калі палічыш магчымым. Толькі як мага незаўважней, цішком, ні сябе, ні яго без дай прычыны не падстаўляючы.
Ёсць! - па-вайсковаму коратка адказаў Ковач.
- Цягнік адпраўляецца! - гукнула з-за снежнай мітусні правадніца. - Прашу ўсіх зайсці ў вагон!
- Ну, не памінай ліхам, Віктар, - падаў руку, а потым і моцна абняў злёгку разгубленага Ковача, паляпаўшы яго па спіне. - Будзе мажлівасць, выклічу...
- Удачы!
- На ветэранаў ва ўсіх справах абапірайся, - ужо з вагоннай прыступкі гукнуў той. - Яны і раней не падводзілі нас, і сёння не падвядуць. Нашы людзі!
Цягнік натужна, з грукатам крануўся з месца, з рэпрадуктара на рагу вакзала, як зазвычай падчас адпраўкі маскоўскага, грымнуў марш, і мажорныя акорды яго, перамешваючыся з ветрам і снегам, здаецца, засыпалі Ковача, прыстылага да ўласнага ўзмаху рукі, завіслай у паветры. Толькі калі хтосьці, спяшаючыся ў будынак, далей ад завірухі, злёгку таўхануў яго («Прабачце!»), апусціў руку, крыху атросся ад наліплага на паліто снегу і няспешна рушыў уздоўж платформы, крокі за тры ад краю, да пляцоўкі, дзе была прыпаркаваная машына.
«Занадта ранняя завіруха... Яшчэ і каляндарная зіма не наступіла...» - няўцямна вярнуў мільганулую колькі хвілін таму думку і здзівіўся і думцы, і таму, што толькі цяпер заўважыў густы снегапад, моцныя павевы па-зімоваму халоднага ветру і неяк вельмі хутка апусцелы перон. Выходзіла, аднаму яму не трэба было нікуды спяшацца, і Ковач міжволі азірнуўся, зноў і зноў азіраўся на даўно зніклы ў снежнай замеці цягнік, быццам штосьці - штосьці важнае, што прапусціў! - усё яшчэ хацеў там угледзець. Хацеў - і не мог. I марна запавольваў крокі, марна ўзіраўся, напружваючы і зрок, і памяць: перад вачамі стаяў адно мокры ад расталых сняжынак твар Івана Кузьміча, і яму па-ранейшаму здавалася, што на маршчыністых шчоках таго паблісквалі не кропелькі вады, а слёзы. Скупыя мужчынскія слёзы.
***
Зазірнуўшы ў паштовую скрынку і не знайшоўшы там, як звычайна ў гэты час, газет, Шэршань, перш чым зноў насунуў скураную пальчатку, незадаволена пстрыкнуў пальцамі: а восьмай гадзіне падобнае раней не здаралася... Прымкнуў скрынку і, пацепваючы плячамі, пайшоў з пад’езда да машыны. Ужо ад машыны, прытрымліваючы дзверку, чамусьці азірнуўся на дом, на вокны сваёй кватэры на трэцім паверсе. Злавіў сябе на гэтым руху і, здзіўлены і сваёй нязвыклай сентыментальнасцю (з чаго б раптам?) і мільганулай трывогаю (за каго, як жонку адправіў на курорт, а сын тэлефанаваў толькі ўчора?), хмура павітаўся з вадзіцелем.