Выбрать главу

- Чаго ўстаў? Паехалі!

Той хацеў штосьці сказаць, у апошні міг літаральна злавіў сябе, што называецца, за язык, ледзь прыкметна перасмыкнуў плячамі і рвануў з месца, усім сваім выглядам дэманструючы: «А я - пры чым?»

- Газет не прыхапіў?

- Дык вы ж...

- Спынішся каля кіёска на рагу перад паваротам, - загадным то­нам, што здаралася з ім нячаста, дадаў Шэршань, не даслухаўшы фразы, не звярнуўшы ўвагі на сухое «Ёсць!» у адказ: штосьці муляла, штосьці ён сваім сабачым нюхам адчуваў, а што? Не з апахмелу ж! - не піў учора, не напіўся... з сынам нармальна пагаманіў...

Калі машына тармазнула, сам выйшаў, каб купіць газеты, хоць ля акенца ў кіёск тапталася некалькі чалавек. Шэршань прыстроіўся да чаргі, гэтак жа, як і астатнія, моўчкі пераступаў з нагі на нагу, пакуль не наблізіўся да шчыліны ў акенцы.

- «Советскую Белоруссию» - сунуў грошы старой кіяскёрцы, потым чамусьці, паспешліва корпаючыся ў кашальку, дадаў: - Усе сённяшнія цэнтральныя газеты - нашы і маскоўскія!

Згроб газеты. Не зірнуўшы, сунуў у кішэню пададзеную кіяскёркаю рэшту. Вярнуўся да машыны. Садзіцца ў машыну не стаў: прайсці заставалася якіх паўквартала, махнуў лейтэнанту («Едзь!») і пайшоў па заснежаным тратуары ўніз. За паварот і ўніз, да паста. Яшчэ не ведаючы - і ўжо разумеючы! - што здарылася штосьці надзвычайнае. Менавіта надзывчайнае, тлумачэння якому ён не знойдзе ні ў газетах, ні ў сценах КДБ... Здавалася, ад тоўстых каменных сценаў будынка патыхала холадам і трывогаю.

Паставы звыкла казырнуў, прапускаючы ў вестыбюль. Калідоры звыкла пуставалі, праз шчыльна зачыненыя дзверы ўздоўж калідора не далятала ні гуку. Ніхто не трапіўся па дарозе ў кабінет. Усё - як зазвычай, як у любы дзень раніцою, калі справы, прызначаныя стрэчы, тэлефонныя званкі яшчэ не паланілі цяжкую, звыкла гнятлівую тут з даўніх часоў цішыню. Шэршаню яшчэ ўчора і ў галаву не прыйшло б услухоўвацца ў яе, азіраючыся на кожныя дзверы, а цяпер...

«У псіхушку, няйначай, душа рвецца...» - пачуў уласную думку як бы збоку, ад каго іншага, і нават спалохаўся: самы час паддражніваць нячысціка! - і так, напэўна, радуецца...

Кінуўшы газеты на стол, распрануўся тут жа, каля стала, кінуў паліто і пальчаткі на крэсла збоку і разгарнуў «Правду». Нічога, што насцярожвала б... Стаў шаматаць старонку за старонкаю, газету за газетай (для нечага ж накупляў іх цэлую кіпу!) і, калі наткнуўся ў адной са сваіх на загаловак: «Савецкі Саюз загадаў доўга жыць», гучна вылаяўся. Не чытаючы, набраў нумар экстранай сувязі.

- Палкоўнік Шэршань. Звяжыце мяне з генералам.

- Ёсць.

- Ёсць сувязь? - нецярпліва перапытаў праз некалькі секунд.

- Ніяк не, таварыш палкоўнік, - прагучала ў адказ. - Генерал ад’ехаў.

- Куды? - вырвалася ў Шэршаня, хоць гэта пярэчыла статутнаму палажэнню, і каму, як не яму, пра гэта ведаць.

- Не ўпаўнаважаны, таварыш палкоўнік, - спакойна адказаў абанент і адключыўся.

Шэршань цяжка гэпнуўся ў крэсла, пацёр пальцамі скроні. Потым пакасіўся на газету, без асаблівае ахвоты, з цяжкім сэрцам падсунуў яе бліжэй, каб урэшце азнаёміцца з інфармацыяй. I так ясна было: змова! змоўшчыкі ажыццявілі задуманае!

Словы скакалі перад паглядам, і, не дачытаўшы, Шэршань ускочыў, адпіхнуў крэсла ад стала, потым зноў абваліўся на яго, не проста абураны - раз’юшаны. Як? Ён, палкоўнік КДБ, дазнаецца пра развал краіны з друку?! Ды што яны ўсе ў гэтым ведамстве рабілі, як падобнае стала не проста магчымым, а нечаканым?

Мільганула думка, што ён успрымаў факт, і факт не правераны, залішне эмацыянальна, і не тое што вылаяцца, выкаўтнуць пераселае ў глотцы паветра нейкі час не мог. Задыхаўся, нагадваючы рыбіну з выпучанымі вачамі, чырванеў, наліваючыся выбуховай сілаю, якая магла разадраць яго на кавалкі і кавалачкі.

Прыкрыў вочы. Напружыў волю, канцэнтруючыся на адной адзінай загаднай думцы: «Спакойна! Спакойна, палкоўнік!», і калі дыханне вырвалася з грудзей, з палёгкаю вылаяўся. Раз. Другі раз. Пакуль, як кажуць, не прарвала. Самыя брудныя мацерныя словы, якія толькі ўзгадваліся ў гэ­ту хвіліну, пасыпаліся градам. Шэршань, падняўшыся, кідаўся ўзад-упе­рад па пакоі і крыў усіх як ёсць за тупасць і фанабэрыю, за прадажнасць, баязлівасць і бесхрыбетнасць, за фанатычны аптымізм, даўно нічым не падмацаваны, і вечныя спадзяванні на авось - за ўсё! Лягчэй не станавілася, але дыханне аднавілася і здольнасць разважаць паціху вярталася.