Аляксандр Капусцін
ХАТА 3 ЯСЕНЕМ ПАД ВОКНАМІ
Апавяданне
У вочы яе называлі і Маня, і Марыйка — як хто. За вочы — найчасцей гэтак жа. Але нярэдка — і чортава Маня. Калі, скажам, трэба было ўдакладніць, пра каго, пра якую Маню ідзе гаворка: іх жа, Маняў, у Шарпілаўцы — не пералічыць. Была яна вельмі прыгожая: авальны твар з тонкім носам і невялікімі, калі ўсміхалася, ямачкамі на ружаватых шчоках; спакойныя, чыстыя блакітныя вочы, у глыбіні якіх блішчалі цёплыя агеньчыкі; доўгая, амаль да пояса, аўсяна-жаўтлявая каса...
Дык чаму такая прыгажуня і на табе: чортава?
Не, яна тут была ні пры чым. Справа ў тым, што такую мянушку насіў яе бацька, высокі, статны і ў свае не маладыя гады Халімон Аверкін. Быў ён не сказаць каб і злы, паганы чалавек. Не горшы за іншых. Ва ўсякім разе за тых, што прылічвалі сябе да паборнікаў праўды і справядлівасці, а самі, гаворачы высокія прыгожыя словы, тым часам спадцішка злосна кусалі іншых за якую сапраўдную ці ўяўную віну. 3 гэтай мянушкаю ён і нарадзіўся, бо так вяскоўцы клікалі яго бацьку. Праўда ці не, а старыя людзі расказвалі, што сама маці галубіла маленькага Халімона: «Чорцік ты мой любы, ненаглядны». Халімон настолькі звыкся са сваёй мянушкаю, што не крыўдзіўся, па крайняй меры не паказваў крыўды, калі хто ў запале ці незнарок гэтак называў яго. Ён толькі ціха, маркотна ўсміхаўся.
Так і Маня — калі чула што. Характарам яна ўся была акурат бацечка.
Скончыўшы сямігодку, ці, як тады казалі, школу калгаснай моладзі, Маня гады тры рабіла ў калгасе. Потым пайшла працаваць на чыгунку. Сонца пад шпалы заганяла. Работа гэтая, калі хто ведае, выконвалася папарна. Двое станавіліся адзін насупраць аднаго і папераменна вялікімі кіркамі, якія называліся кайло, дзяўблі баласт, падбіваючы яго пад шпалы. Напарнікам у Мані быў Цярэшка Арцюхоў, хлопец высокі, падборысты, праворны. Усе, хто бачыў, як яны працавалі, любаваліся і імі, і працаю іхняй. Атрымлівалася ў іх спорна, заўзята і весела. I нярэдка — з песняй. У два галасы яны спявалі зладжана і прыгожа.
Пасылала мяне маці,
Пасылала мяне маці,
Па-а-асылала мяне маці
Яравое жыта шаці.
Цярэшкаў барытон цягнуў мякка, вольна, а Маня ў лад яму брала высока i звонка.
Вось толькі на вечарынках не бачылі іх разам. Маня на вечарынкі не хадзіла, казала, танцаваць не навучылася. А Цярэшка i там хват быў: што польку, што кракавяк — да ўпаду. Натанцуецца — і пайшоў дадому адзін. Дзяўчаты гарэзавалі: «Цярэшачка, яшчэ — падыспанец, харошанькі танец. Ай табе не дазваляе хто?» Ён дурасліва зацягваў:
Падыспанец — харошанькі танец.
Падыспанец танцуюць усе...
Бліскаў задорнай усмешкай і борзда тупацеў па прыступках высокага клубнага ганка.
Сонечным нядзельным днём Цярэшка з Маняй завіталі ў сельсавет. У блакітнай у белую гарошынку сукенцы з прыкладзеным да грудзей букетам барвовых ружаў, якія падарыў Цярэшка, Маня выглядала яшчэ больш прыгожай і бязмежна шчаслівай. Старшыня сельсавета, круглатвары мацачок у падперазанай шырокім рэменем цёмна-сіняй шарсцяной гімнасцёрцы з адкладным каўняром, віншуючы маладых, не стрымаў свайго захаплення:
— Царыца!
Усе, хто быў у сельсавеце, дружна заляпалі ў ладкі. Дзябёлая постаць старшыні раптам наструнілася, быццам гэтыя воплескі адрасаваліся не жаніху і нявесце, а камусьці іншаму, усюдыіснаму і няўмольнаму, што нябачна прысутнічаў там. Затым адразу на яго круглым твары адбілася збянтэжанасць. Адольваючы дзіўную неспадзеўку, старшыня машынальна скубануў тоўстымі пальцамі каўнер гімнасцёркі і, надаўшы голасу ўрачыстасці, шчыра пажадаў маладым:
— Няхай ваша жыццё будзе такім прыгожым, як вы самі, як сённяшні сонечны дзень.
Увечары справілі застолле. Не ў Цярэшкі — у Халімонавай пяцісценцы, пад вокнамі якой прыгожа раскашаваўся магутны ясень. У Цярэшкі не было як, ён жыў адзін.
Хлопец рос сіратою, пад наглядам родзічаў і суседзяў. Бацька, сельскі грамацей, з маладых гадоў быў селькорам, зрэдку пісаў у раённую газету i пра добрае, i пра кепскае, што адбывалася ў вёсцы. Цёмным асеннім вечарам ён вяртаўся з хаты-чытальні, куды хадзіў узяць кніжку. На вуліцы вясковы хуліган і злодзей па мянушцы Труцень загнаў яму паміж лапатак швайку. Ці бандыта падбухторыў хто, ці сапраўды, як казаў, сп’яну розум у яго памуціўся, высветліць не ўдалося. Маці з гора душа занудзілася, захварэла на сухоты. Яе не стала, калі хлапчук ужо заканчваў школу.
Вясельную вячэру гатавалі Маня i яе суседка Вольга, якая жыла цераз вуліцу. Вольга і застоллем запраўляла. Яна весела, з жартамі і прымаўкамі падавала стравы і выпіўку, падахвочвала гасцей частавацца за здароўе маладых. Тым часам не прамінала выпадку, каб не кінуць з блазенскім намёкам: