Выбрать главу

— Цялэшка.

— Ого, дык мы з табою цёзкі! Вось што, цёзка, ты памый спачатку рукі, потым возьмется за цукеркі. Добра?

— Добла, — кіўнуў галавой хлапчук. Забыўшыся на сваю машыну, прыпусціўся ў двор.

— Там у тазіку каля ганка чыстая вадзічка! — гукнула яму наўздагон старая і растлумачыла чыгуначніку: — Такі ўжо акуратыст, налею яму вады, ён, перад тым як ісці ў хату, паплёскаецца, ручаняты абпаласне i давольны: «Во, бабуля, памыў!»

— Імя рэдкае па цяперашнім часе ў вашага ўнука, —заўважыў чыгуначнік.

— Гэта не ўнук, а праўнук. — На твар старой лёг цень якогасьці неспадзяванага роздуму. — Ага, рэдкае... Калісьці ў нашай сям’і жыў хлапчук-сірата Цярэшка. Дачка мая малая была, а запомніла яго. Сваіх ужо дзяцей у яе чацвёра, ды ўсе дзеўкі. А калі яе старэйшая нарадзіла хлопчыка, во гэтага падшыванца, яна папрасіла дачку і зяця: «Цярэшкам назавіце». Не хацелі спачатку, пакуль не расказала чаму. Тады зяць і кажа: «Толькі Цярэшкам».

— Вы — цётка Вольга? — Бровы чыгуначніка подскочылі ўгору.

— Ага, цётка Вольга.— Старая ўстала з лавачкі, быццам так ёй лепш было разгледзець наваяўленага пляменніка. — А хто ж ты, маладзец, будзеш?

— Цярэнцій Арцюхоў. Цярэшка я, цёця Вольга!..

Жанчына неяк тузанулася ўся, як падскочыла.

— Манін сын? Вой-вой, — пляснула далонямі. — I як жа я адразу не разгледзела: увесь чыста ж Маня!

Цярэнцію Цярэнцевічу захацелася сказаць жанчыне самыя цёплыя, самыя ласкавыя словы, якія гаворыць чалавек толькі маці. Але яны не ішлі, не знаходзіліся. Можа, таму, што ён ніколі не гаварыў іх, не ведаў? I ад горкай роспачы, якая раптам нагарнулася ў сэрца, яму на момант зрабілася страшна. У галаве зашумела, быццам глынуў нашча горкага хмельнага. У мінулы раз, калі прыязджаў сюды, каб пакласці на магілы маці і дзеда запазнелыя сыноўскія кветкі, ён не бачыў цётку: яна гасцявала ў дачкі недзе ў другой вёсцы. Цяпер сустрэча з ёю была для яго як нечаканы дарагі падарунак.

— А мой жа ты галубок, а мой саколік, дай жа я пагляджу на цябе харашэнька!.. — Старая то прыціскала рукі да грудзей, то апускала іх, змаршчынены жаўтлявы твар яе папляміўся пунсовымі лапікамі. — Дзе ж ты жывеш, саколік ясны, у якім краі?

— У Паволжы, цёця Вольга, на чыгунцы працую. — Цярэнцій Цярэнцевіч паглядзеў цераз вуліцу на хату з вялізным ясенем пад вокнамі.

Яна перахапіла яго погляд.

— На бацькаўшчыну, Цярэшачка, пацягнула? А то ж вунь ваша хата.

У макаўцы ясеня далікатна прайшоўся ціхі верхавы вецер. Над вуліцай праляцеў бусел. Недзе непадалёку сеў у гняздо — адтуль пачуўся яго заўзяты клёкат. 3 весніц выбег малы Цярэшка.

— Дзядзя, а я таксама пачастую цябе цукелкамі, як мне тата купіць.

— Добра, цёзка, добра, мы будзем з табой сябраваць. — Шырокая далонь Цярэнція Цярэнцевіча далікатна кранулася чарнявых валасоў малога. Хлапчук, усцешаны прыязнасцю ласкавага дзядзькі, даверліва ўсміхнуўся яму. Раптам ён сарваўся з месца і кінуўся да пеўня, які, высока падымаючы ногі, спаважна пераходзіў вуліцу.

— Кыш, лазбойнік, зноў надумаўся ў нашы глады!

Цярэнцій Цярэнцевіч усміхнуўся:

— А ты, цёзка, пільны!

— Вой, што гэта я госця за парог не пускаю! — спахапілася цётка Вольга.— Здарожыўся ж, мусіць, сокал ясны, хадзем, хадзем да стала.

Яны зайшлі ў хату. Цётка замітусілася, накрыла доўгі і шырокі стол белым кужэльным абрусам, паклала непачаты круглы бохан хлеба. Хлеб быў свежы і патыхаў густым хмельна-саладжавым духам.

Цярэнцій Цярэнцевіч сеў каля расчыненага акна, пазіраў цераз вуліцу. У млосную цішыню надвячорка з чыгункі ўварваўся грукат цяжкагрузнага саставу. Колы вагонаў імпэтна праляскаталі па рэйках, і праз мінуту-дзве поезда як i не было. «Тады я прыязджаў, каб пакланіцца дарагім магілам, цяпер таксама, — неспадзявана падумалася Цярэнцію Цярэнцевічу.— Што яшчэ ў мяне тут засталося?..»

Цётка Вольга, ставячы на стол талеркі і міскі са стравамі, гаварыла:

— А хата ваша яшчэ крэпкая, бярвенні стрыжнёвыя. Калгас сёлета падрубу новую даў, вунь бялеюць два вянцы. Пастаіць яшчэ ваша хата.

Ён слухаў цётку і ўсё пазіраў, пазіраў на пяцісценку з вялізным ясенем пад вокнамі.