Выбрать главу

Але ўсё роўна гэта былі партызаны — усё ў ix з выдумкай, з вясёлай лаянкай, з патэфонам, пры якім адна на ўсе настроі пласцінка: «Брось сердиться, Маша». Гэтая «Маша» па-рознаму гучала, калі ўсё добра было i калі забітых прывозілі i партызаны хадзілі па лагеры прымоўклыя, змрочныя.

Вельмі падабалася нам паглядзець на сябе збоку: касачоўцы! Аднойчы злоўлены паліцай пачаў расказваць, як ён хаваўся ў склепе i адтуль чуў нашу атаку: што крычалі, якія словы. Спецыяльна хадзілі паслухаць паліцая, а ён, зразумеўшы, што пацэліў у наша слабое месца, ужо як мог выдумляў вунь якую мудрагелістую лаянку ў свой адрас.

Ваяваць весела — гэта лічылася абавязковым. Толькi новенькія пра бой расказвалі сур'ёзна, падрабязна, бывалыя ж касачоўцы — як пра дасціпныя, смешныя прыгоды. Іншы прымчыць: ледзь шапку ўратаваў, вочы — з яблык кожнае, а, бач, прыдумляе, шукае ў здарэнні смешнае, нібы з немцамі ў нейкую злую, але вясёлую гульню гуляў. Не атрымалася, даў здачы немец — таксама смешна!

I толькі калі забітых прывязуць — лепш не падыходзь, калі цябе ў тым баі па нейкай прычыне не было. Гыркнуць, як на чужака. A ўвечары ціха спяваюць песні ці задумліва слухаюць, як даваенны барытон пераконвае Машу, што «жизнь прекрасна наша в солнечные дни».

Касача ў атрадзе паважалі i, бадай, пабойваліся. Але i пабойваліся таксама па-партызанску: маўляў, так i трэба з намі, не хадзі, такі-сякі, дзе не трэба, напрасткі, умей выкруціцца нават з-пад Касача, калі ты касачовец!

I ўсё-такі нечага ў ім не разумелі — гэта бачыў нават я. Так, жарсткаваты, можа, залішне, але затое i смелы, i затое касачовец ведае, што яго параненага не кінуць, як здараецца часам у іншых, a ўжо з засады сарвацца, пабегчы без каманды — такога ў нас не бывае. Храбры не пабяжыць таму, што ён храбры, а баязлівец — бо ён баязлівец i ведае, што лёс ягоны вырашаць будзе Касач.

Але гэтая яго незразумелая, іранічная да ўсяго — i дрэннага i добрага — усмешка! Яна ўсіх i ўсё па-крыўднаму раўняла: здаецца, Касач бачыць, помніць цябе толькі ў той момант, калі ты ў яго перад вачамі. I кожны раз як бы ўпершыню заўважае.

Зрэшты, іншых гэта, магчыма, мала бянтэжыла. Але ж я быў закаханы!

Вось я стаю на пасту каля штабной зямлянкі: лагер паволі засынае, рассядланыя коні пад стрэшкай гучна хрумстаюць канюшынай. Нехта ідзе да штаба, шастаючы падмерзлым сухім лісцем. У халодным змроку пазнаю мажную, у кароткім кажусе i вушанцы постаць Касача. Як належыць, аклікаю: «Хто ідзе?» — грозна, радуючыся, што ён чуе мяне, мой партызанскі вокліч, але i саромеючыся трохі. Бо я пазнаў яго, i ён ведае, што я пазнаў яго — нібыта гульню прапаноўваю.

— Пароль! — патрабую, ужо цішэй.

А ён ідзе на мяне з цемені, моўчкі, не суцішаючы хады. Я клацаю затворам, але тут жа кажу:

— Гэта вы, таварыш камандзір?

Як яшчэ не закрычаў: «А, пазнаў, ага!»

Касач рашуча падышоў, пагардліва, як палку, адвёў убок маю вінтоўку.

— Чаму не страляў?

Гульня дык гульня — ён вось якую мне прапаноўвае!

— Я ж адразу пазнаў вас.

— Калі не спыніўся, не назваў пароля — бі!

— Я ж…

— Не мае значэння, — Касач блізка i ўважліва зазірнуў у мой разгублены i пакрыўджаны твар, усміхнуўся: — Двое сутак гаўптвахты.

Мабыць, каб зразумеў, што вайна — гульня сур'ёзная, злая.

Але i тут касачоўцы рабілі, давалі папраўку на характар свайго камандзіра. Удзень на гаўптвахце сапраўды моташна, няўтульна: нары з альховых жэрдак прыбіраюць, стой ці сядзі на кукішках у прамерзлай зямлянцы, дыхай у каўнёр, прапахлы бацькоўскім тытунём… Але затое ноччу! Ноччу ў цябе ўсе прывілеі, падкрэслены клопат каравульнага ўзвода.

Цікава, расказалі Касачу хаця б пасля вайны, як кармілі гаўптвахту ca штабнога катла?

Я сам у гэтым удзельнічаў, калі надаралася стаяць на пасту каля кухні. Стаіш i ведаеш, што неўзабаве з'явяцца. (Брынканне кацялкоў замест пароля.)

— Глядзі добранька, калі пастаўлены! — захліпнецца смяшком які-небудзь Рыжы ці Зуёнак, a ў самога ўжо рукавы закасаны па локаць. Хапае з меншага катла кавалкі мяса, дзьмухае на пальцы, а ты, вартавы, яму яшчэ i кацялкі трымай: адзін — для гаўптвахты…

…Касач сядзіць у мяне за спіной, той жа, але i зусім іншы. Урэшце, я не ведаю які.

Нешта сваё, добрае i благое, аддавалі мы тады гэтаму чалавеку, нешта наша ён нёс у сабе.

А зараз сваё адабралі, узялі сабе, а ён нібы той, ранейшы, але ўжо i другі.

Па-рознаму ўсё гэта людзі пераносяць. Каторыя страшна здзівіліся б i пакрыўдзіліся: быў гаспадар над жыццём i смерцю, а цяпер кожны мае права жыць, быццам цябе i не было над ягонай воляй, лёсам. Іншы жыве i ўсё прымярае: ды ўчора, ды я мог, ды цябе ж!..