Я мог бы сказаць «у нас»: я ахвотна прымаў яе да нас, у той фантастычны свет, дзе мы з Касачом задушэўныя сябры i нам Глаша не замінае.
— «Здорава!», «прыдумалі!»— перадражніла Глаша мае захапленне. — Дурань ты.
Але глядзіць так, нібы просіць яшчэ раз паўтарыць маю дурасць. А мяне прасіць не трэба.
— Будзеш мамай.
Словам гэтым я нібы ўдарыў яе: раптам пакутліва пачырванела, адвярнулася, спахапілася абуваць боты.
— Угу, камандзір наш, яно, канечне, — цягну я i падаю Глашы кончык абарванай гаворкі,— вайна пройдзе…
— Думаеш, я не ведаю, што ў вас у кожнай вёсцы па «цешчы»?
I зноў — нібы ўдарылася балючым месцам, нават застагнала. Устала i пайшла палянкай. А я ўсё ніяк не магу кінуць тую размову, па-дурному цягну яе, гавару, гавару. Глаша маўчыць, амаль варожа, i я змаўкаю нарэшце.
Яна ўперадзе, я крокаў на дзесяць ззаду — ідзём між старых, грузных штабялёў. Цёплая кіслая гніль казыча ноздры. Да вайны тут нарыхтоўвалі дровы: бярозавыя, асінавыя, грабавыя, плахі дагніваюць, зляжалыя, зліплыя, нібы аблітыя мыльнай пенай.
Між штабялёў — тоўсты дыван з маладога, густота, лапушыстага грабніку. Камень кінь — падскочыць, як ад гумы. Глаша ступае паволі, задумліва. Грабнік такі густы, што трэба доўга трымаць раўнавагу на адной назе, адшукваючы месца, куды паставіць другую, i ад гэтай, напэўна, позы Глаша ўсё весялее. Зноў балет, як тады з вядром.
— Глядзі, ружовы! — кажа пра зубчасталісты, як бы пасланы на зямлі, грабнік. I праўда: увесь абпырсканы чырванню. У настоеным сухім цяні гэтага зялёна-румянага дывана хаваюцца конікі лясныя. Цэлы касцёр ix узлятае з-пад нашых ног: праляцеўшы, падаюць на зубчастыя лісты з сухім шалясценнем i тут жа згасаюць. На маёй далоні лясны конік, як вугольчык, пацягнены шэрым попелам. Глаша ўзяла яго, пасадзіла на сваю дзіўна вузкую руку. Дазволіла яму выстраліцца i глядзіць, як успыхнуў іскаркай i зноў патух на зялёна-ружовых лістах.
Я пачаў уголас разважаць, што, магчыма, яны прыстасоўваюцца. Вайна, пажары, вунь колькі ўсё гэта цягнецца, ужо i не спадзяюцца, што скончыцца. Мы i самі думалі: раз — i ўсё!
— Яны, можа, адзін дзень жывуць, — запярэчыла Глаша, — што яны помняць!
Тады я пабедаваў за ix: раптам у дажджлівы дзень народзяцца — толькі хмары i ўбачыш! Нават не будзеш ведаць, што неба бывае чыстае, сіняе-сіняе…
Глаша глядзіць на мяне здзіўлена, быццам я ўслых сказаў: «Як твае вочы». Адвярнулася, засмяялася:
— Які ты смешны! Асабліва на тачанцы сваёй. Немцы ад смеху паміраюць.
(Вось што ў Глашы мяне асабліва здзіўляла тады. Бывала, абкружаць яе хлопцы, пасміхаюцца адзін з аднаго, з яе, а яна — нібы тонкая былінка на ветры: доўгія рукі, уся яе порсценькая постаць па-дзявочы вырываецца з-пад нашых позіркаў, узнятыя плечы так i ходзяць — нейкі танец сарамяжлівасці. Але сінія вочы нечакана смелыя, смяшлівыя. У ix радаснае ўсведамленне сілы, якая сабрала i трымае нас каля яе, жаночай улады над намі.
У Глашы i пасля гэта заставалася: дзявочая нязграбнасць, сарамлівасць рухаў i смеласць сініх вачэй, усведамленне ix сілы.)
Дваццаць пяць год да той зялёна-ружовай паляны. Але колькі разоў я вяртаўся туды. У снах. Ад чырвонага дажджу конікаў раптам пачынае тлець зямля, мы з Глашай разгублена азіраемся, не ведаючы, куды паставіць нагу, а потым імчым назад, а над намі, грукочучы, нібы поезд на мосце, коціцца вяршалінамі лесу хваля агню, абсыпаючы нас пякучымі пырскамі. Прачнешся — доўга не можаш зразумець, адкуль i куды ты вярнуўся: усё намагаешся расплюшчыць вочы…
Калі чалавек страчвае зрок, першы жах — не можаш расплюшчыць вочы, усё хочаш — i не можаш. Гэты стан бясконца паўтараецца — у снах. I адначасна другая пакута: заплюшчыць таксама не можаш. Назаўсёды адкрыты, адзін на адзін ca светам! I з самім сабой — са сваёй памяццю…
Я іду след у след за Глашай, гляджу, як з-пад яе боцікаў i маіх цяжкіх ботаў страляюць, успыхваючы i гаснучы, іскры, чую сухі шоргат лісцяў, i сам я — як гучны, лёгкі, вясёлы бубен. I я ведаю, што бой (i, можа, раненне, смерць) будзе толькі раніцай — цэлая вечнасць наперадзе!
— А што гэта за імя — Флёра! — пытаецца Глаша, павярнуўшыся так, каб самой стаяць, а яе сукенка яшчэ варушылася б каля ног.
Я кажу, што значыць «Флёра» (чытаў некалі ў календары).
— Кветка? — Глаша смяецца. Я таксама смяюся. Нішто сабе кветка: з гэтымі малпінымі дугамі ля рота, у гэтым нехлямяжым нямецкім мундзіры з абвіслымі штанамі, які я выменяў у разведчыкаў на сваю хатнюю адзежу.
— Дай я стрэлю, — Глаша ўжо глядзіць на маю вінтоўку.
— Тут забаронена, — весела папярэджваю я, здымаючы з пляча вінтоўку. — Загад Касача.