Выбрать главу

Імя гэта прагучала раптоўна незнаёма, нават як бы здзекліва, i я, нібы спрачаюся, сказаў абыякавым голасам:

— I правільна. Хутка ў лагеры будуць пуляць.

Глаша не слухае, цэліцца ў камель дрэва. Я хуценька прыўзняў ствол вінтоўкі.

— Прыцісні да пляча, — узяў за плячо i локаць, каб паказаць, як трэба. I нібы апёкся аб слізготу шоўку.

— Я сама.

Павяла вінтоўкай, як зеніткай, i, нарэшце, стрэліла. Аддала мне вінтоўку, засмяялася:

— Бедны, зноў на гаўптвахту.

— Гэта яшчэ трэба даказаць.

Я сеў на пянёк, выцягнуў шомпал, пашукаў у сваёй сумцы ад процівагаза бутэлечку з маслам.

— А як ты знайшоў паляну? — Глаша шпацыруе перада мной, збіваючы нагой мухаморы, якія пыхліва-радасна гараць сярод сыра-зялёных асін.

— Як знайшоў? Цяжка хіба?

Яна столькі разоў, мусіць, бегала сюды плакаць, што лічыла паляну сваёй таямніцай.

Вечарам мы пакідалі лагер, каб пад раніцу акружыць гарнізон. Які — даведаемся на месцы. Але ад гэтага яшчэ мацней тое дваістае пачуццё, з якім звычайна збіраешся, ідзеш на баявую аперацыю. Ты i нехта там (яшчэ не ведаеш, дзе i хто) ужо звязаны: вам забіваць адзін аднаго. I таму, што ведаеш пра гэта, а ён яшчэ не — ты i за яго ўяўляеш: як пачуе першыя стрэлы, як спалохана ўсхопіцца… Табе самому такое знаёмае: i аглушальныя, як удар у дзверы, першыя стрэлы, i дзіўнае пачуццё палёгкі перад рэальнай нарэшце небяспекай: «Вось яно!..»

Калі атрад, выстраіўшыся, слухаў камандзіра, я зноў сядзеў высока на тачанцы ззаду свайго ўзвода i глядзеў, чакаў, як Глаша падыдзе да Касача. Але ён сам пад'ехаў на кані да тых, хто стоўпіўся ля краю паляны. Нешта гаварыў, а твар у яе быў закахана бледны.

…Зусім заціх наш аўтобус, дрымота змарыла нават Косцю-начштаба. Адзін мой Сярожа не змаўкае: старанна расказвае, што цяпер за акном, міма чаго праязджаем. Раптам засмяяўся, усклікнуў:

— Ой, татка, a ў тваіх акулярах усё ўпоперак плыве… Ой, заяц, заяц! У канюшыне, глядзіце!

…У тым баі мяне кантузіла. Атрад наступаў на чыгуначную станцыю ад рэчкі i лугу, парослых кусцікамі бярозы i вольхі. Доўга чакалі світання, хаваючыся пры беразе рачулкі,— туды i нашу тачанку спусцілі. Роўна ў пяць, без страляніны, кінуліся да агародаў, над якімі, нібы крапасная вежа, цямнела цагляная вадакачка.

Наш ротны Ілья Ільіч перад самай атакай папярэдзіў:

— Трымайце каланчу пад прыцэлам. Жлобам буду, калі там не сядзяць з кулямётам. Вось, няхай пабудзе з вамі.

I кінуў нам на воз кніжку Някрасава «Каму на Русі жыць добра».

Мы падвярнулі коней так, каб невысокі бераг закрываў, хаваў хаця б ix, i засталіся сам-насам з вежай.

Ужо затрашчалі стрэлы — бой пачаўся. Ахінутая перадсвітальным туманам вежа раптоўна зайграла, пачала дражніцца чырвоным язычком — кулямёт! Сашка адразу распачаў з ёю дуэль. Спачатку немец нас ігнараваў, біў па наступаючых. А Сашка ніяк не мог як след злаўчыцца, загадваў мне то так, то гэтак павярнуць коней. Наш «люіс», высокі, як веласіпед, замацаваны на станку ад «максіма», не надта зручны гібрыд: ні ляжаць за такім, ні сядзець — хіба што па-турэцку. I шчытка ў нас ніякага. Нарэшце Сашка прыладзіўся, i «люіс» загугнявіў басавіта, па-сабачы. Зжаваў усю стужку, расплясканую, як вафля. Я падаў новую, памог уставіць у акенца-выраз. I тут нас дастала, але пакуль ззаду, па вадзе — нібы каменьчыкі сыпанулі. Сашка зноў «нацкаваў бульдога», я трымаю напагатове яшчэ адну паўметровую стужку на далонях, як афіцыянт. Больш мне рабіць няма чаго, хіба што лічыць каменьчыкі на вадзе, што скачуць наўкруг нас. Раптам паявілася на вадзе чырвоная круцёлка-нітачка — нетаропкая, гнуткая, — яна ўсё большала… Не адразу ўцяміў, што гэта кроў. Хутка, у думках, абмацаў сябе ўсяго. На Сашку таксама нічога не відно. Коні стаяць спакойна-абыякава але «Герынг» усё апускае храпу да вады, як бы ловячы губамі чырвоную круцёлку. А яна ўсё распаўзаецца, віляе i не можа адарвацца, адплысці ад нас.

— Хутчэй! — крычыць Сашка. — Прышые ён нас…

Страляніна то нарастае, то раптоўна ападае, але ўжо зразумела, што здарылася самае кепскае: мы ix не прыбілі з налёту, цяпер усё залежыць ад боепрыпасаў i часу — у каго болей. У нас меней…

На агародах міны кладуцца адна на адну, нам відаць чорныя вяршаліны выбухаў, топчуць, убіваюць у дол залеглых там нашых. Сашка зноў пусціў трасу куль у чорнае акенца вежы, якая з кожнай хвілінай усё больш адкрываецца, з чорнай робіцца цагляначырвонай. Адразу адчулі — ёсць, дасталі немца!

— Давай яшчэ адну, — крычыць Сашка i ад задавальнення локцем, рукавом, трэ свой узмакрэлы рабаціністы нос i стрыжаную галаву. — Я яму дам дыхту!