Я паказаў чатыры пальцы — столькі стужак засталося ў скрынях.
Бухаючы па вадзе, нехта бяжыць за кустам i… Ад'ютант Касача.
— Вы што тут? Камандзір загадаў туды, на той край… да лесу… на фланг! Давай хутчэй!
Але «наш» немец зноў ажыў: абсыпаны каменьчыкамі, Жэнька прыпаў да калёс ля маіх ног.
— А гэта бачыў? — зароў на яго Сашка. Ён добры-добры, але заводзіцца з паўабарота. Ён у нас стары партызан, разам з Касачом прыйшоў у атрад, хапіла часу нервы растузаць! Зноў націснуў на гашэтку, i «бульдог» гулка i выразна адлічыў дзесяць патронаў, амаль паўстужкі зжаваў.
Я паказаў Жэньку, што ў нас мала патронаў.
— Давай! Касач загадаў,— не зірнуўшы нават, крыкнуў ён i пабег. А немец зноў сыпануў, чутно, як ударыла ў кола якраз пад нагамі.
— Добра, паехалі, калі загадваюць! — крычыць Сашка.
Перазараджалі кулямёт, калі наляцеў Касач. Гэта быў ужо Касач!
— Вы што? У неба паліць? Ах вы!..
Ніколі я не бачыў так блізка гэты буйны i ў той час рэзкі твар — рэзкім яго робяць дзве глыбокія, як шрамы, баразёнкі, што спадаюць па шчоках да падбароддзя. I вочы. Асабліва вочы! — ярасныя i ўсё адно насмешлівыя; яны так бязлітасна ўбачылі мяне, нарэшце, менавіта мяне ўбачылі, прызналі.
— Ану адсюль, ах вы!..
Не чуючы, не разумеючы, што яны, Касач i Сашка, крычаць адзін аднаму i што робяць, чаму рвуць адзін у аднаго ручку кулямёта, я кінуўся да коней з нейкім утрапёным пачуццём непапраўнасці таго, што адбылося, i гатоўнасці рабіць нешта апошняе, страшнае, чым толькі i можна выправіць тое, што адбылося. Я цягнуў за храпы коней: у «Герынга» вуха разарвана куляй (вось адкуль тая чырвань на вадзе!), кроў залівае ягоныя звар'яцелыя круглыя вочы, сцякае на пену ля ноздраў, афарбавала мне рукі, зялёныя рукавы нямецкага мундзіра. Рэзка шмаргануўшы тачанку з вады на бераг, я адарваў ад яе, ад кулямёта Сашку i Касача, i яны быццам бы апамяталіся. (Потым ужо, перабіраючы ў памяці, я сцяміў, што Касач ярасна i пагардліва спіхваў Сашку, хапаўся сам за кулямёт, а Сашка, мацюкаючыся i бадай што плачучы, не даваўся.) Нарэшце Сашка адштурхнуў Касача, узбегшы на бераг, укінуўся ў калёсы:
— Гані!
I я пагнаў. Першыя метраў сто, мабыць, у гарачцы i ад лютай гайданкі па лугавых купінах здавалася, што мы імчым як бура. Я біў коней пугаўём, балюча падскокваў на каленях, а Сашка, ухапіўшыся за кулямёт, усё крычаў: «Гані!» Вежа, калі мы вымчалі на луг, адразу вырасла перад намі, насунулася — уся чырвоная ад набухлага сонца. Затое лес — нібы адрынула яго ад нас далёка-далёка. I тут прыйшло адчуванне, адначасна да абодвух — мой i Сашкаў позіркі сустрэліся, — што мы ўжо ведаем, колькі секунд засталося вось так імчаць. Надта выразнае, дакладнае адчуванне, нібы хто пачаў адлічваць тыя секунды ўслых. Мы як быццам бачым сябе адтуль, з чырвонай высокай вежы: безабаронныя, нягеглыя калёсы на лузе, а яшчэ мы бачым, як немец падводзіць кулямёт — зараз секане… Храснула пад намі: калёсы занесла, але мы яшчэ коцімся, падмінаючы апошнія секунды. I тут коні, нібы спатыкнуўшыся, разам спляжыліся проста пад нас, закрытыя выбухам, а калёсы яшчэ праляцелі паўкруга i перакуліліся, выкінуўшы нас. (Я, пакуль ляцеў, увесь час помніў, дзе цяжкі кулямёт, а дзе мая галава.)
На нас абрынуліся выбухі: мяне падкінула, адарвала ад самога сябе i апусціла ў напятую глушэчу. Адтуль, як з-за тоўстага шкла, я гляджу, як паволі, занадта паволі паўзе Сашка: я бачу, што зрабілася з ягонай нагой, а ён не разумее, таропка адпіхвае ад сябе зямлю чырвоным, дрыготкім абрубкам, палівае крывёю траву. Бот i тое, што ў ім, целяпаецца на доўгай калашыне далека ззаду. Вочы вялізныя, недаўменныя, i чаканне ў ix: вось зараз ён пра нешта даведаецца! Я нязграбна здзіраю з сябе нямецкі пінжак i паўзу следам па крывавай дарожцы, лаўлю i не магу загарнуць у пінжак тое, што засталося ад нагі. А яно трапечацца, торгаецца ў маіх руках i адпаўзае. Здаецца, я чую пранізлівы крык яго…
Той, хто быў хоць аднойчы паранены ці кантужаны, ужо не ранейшы чалавек. Ён ужо адчуў, як гэта будзе. Да гэтага толькі ведаў, што смяротны, а цяпер — адчуў.
Я хадзіў па лагеры i ўсім усміхаўся. Выявілася, што быць смяротным вельмі весела, што гэта дае вунь колькі пераваг.
Па-першае, усе пачынаюць цябе заўважаць i любіць. Паранены сярод партызанаў — самая паважаная асоба, настолькі, што чалавеку з непрывычкі робіцца няёмка i ён як найхутчэй стараецца пазбавіцца ад бінтоў, мыліц, каб зноў быць як усе. (Праўда, здаралася i другое: каму-небудзь прыйдуцца даспадобы бінты, як эпалеты, але тут i чакае яго самае жахлівае: раптам адхлыне ад яго цёплая хваля, ён яшчэ цягнецца ўслед, а тут ужо недаверлівыя ўсмешкі, пагардлівая абыякавасць.)