Выбрать главу

Ну, а па-другое, смяротны — гэта дарослы, роўны ўсім. (Бессмяротныя толькі дзеці.) Адразу наблізіцца да ix, дарослых, — гэта варта бяссмерця. Да ўсіх, да Глашы…

Калі мяне прывезлі, глухога, вялага ад шуму ў галаве i млоснасці, Глаша падбегла да майго воза. Раптам я ўбачыў на нізкім, мутнавата-шэрым небе яе сінія вочы — нахілілася нада мной. Ужо прайшло шмат калёс з забітымі, параненымі, i яна нахілілася нада мной, плачучы. Бегла да забітага, мёртвага, а тут убачыла кволую збянтэжаную ўсмешку жывога: узрадаваная, яна яго пацалавала, жывога (недзе каля вачэй) і, здаецца, толькі потым зразумела, што пацалавала мяне. Такое ўзрушэнне было напісана, мусіць, на маім, да гэтага вялым, твары, што Глаша нават адхіснулася, падзявочы абурана, але тут жа ўсміхнулася i цёплымі пальцамі пагладзіла пацалаванае месца, аддаючы яго мне.

Праз тры дні я ўжо хадзіў па лагеры: нашто ляжаць, калі столькі добрых, ласкавых усмешак можаш сабраць! Хадзіў i збіраў, як грыбы. Але я шукаў Глашу, а яе не было. Цэлы тыдзень Глашы ў лагеры не было. Некалькі разоў я здалёк бачыў Касача. Ён мяне зноў не заўважаў. А мяне ўсё мацней прывязвалі да гэтага чалавека тыя сорам, захапленне, жах перад непапраўным, якія адчуў каля рэчкі.

Сашку, які памёр ад ран, хавалі ў лесе, каля дарогі. Касач стаяў з патупленым цяжкім поглядам, нязвыкла сутулячыся. Салюту бліз лагера даваць не дазволена. Касач кінуў разам з усімі жменю зямлі, а камячок затрымаў у пальцах i ішоў з ім, я бачыў, да самага лагера…

Я хадзіў на паляну, падоўгу сядзеў там, глухі, адзінокі, смяротны. Я ўжо не чуў сухога дажджу конікаў i толькі глядзеў на ix бязгучныя чырвоныя ўспышкі. Маштабы паступова мяняюцца, ссоўваюцца, i вось я ўжо сярод чырвоных выбухаў. Закрадваецца i пачынае расці трывога: а што, калі ў лагеры ці побач ужо ідзе бой, а я сяджу тут, глухі, i не ведаю? Нешта перамянілася ў свеце, рэзка, пагрозліва — толькі ты не ведаеш. Каб хто ўбачыў, як я вяртаўся ў лагер — асцярожна, са зброяй напагатове, — падумаў бы, што хлопцу мала сапраўднай вайны, яму яшчэ i пагуляць у яе хочацца.

Аднойчы заснуў, прыгрэўшыся на сонейку, па-восеньску мяккім, ласкавым, утульна ўсеўшыся між высокіх, як падлакотнік крэсла, каранёў таўшчэзнага дуба. Расплюшчыў вочы — Глаша! Стаіць i глядзіць проста ў твар. Я расплюшчыў вочы, а яе сіні погляд усё нерухомы, аблічча строгае, бадай суровае. Нарэшце заўважыла, што я прачнуўся, нешта сказала i падсела да дуба, у суседняе «крэсла» з каранямі-падлакотнікамі. Падставіла твар сонцу i сцішылася з закрытымі вачамі, толькі павекі i вейкі дробна дрыжаць над набрынялай слязой. Глаша ў нямецкім світэры з адкрытай, яшчэ больш схуднелай шыяй, спадніца ў яе, па-партызанску, надзета на сінія штаны, упраўленыя ў боты.

Мне здаецца, што сама яна сябе не бачыць сёння, не думае, якая яна — ёй усё роўна.

Нешта сказала, не расплюшчваючы воч. Не помніць, што я аглух, не чую? Ці ёй усё адно, пачуюць ці не, што яна гаворыць. Я не чую, затое пагаварыць рады — пра Касача, канечне. Як я магу яшчэ аддзячыць ёй за тое, што прыйшла, сядзіць ca мной, замест таго, каб яго шукаць, быць каля яго?

Я ведаю пра Касача, вядома ж, болей, чым яна: для жаночага кахання гэтыя гісторыі, магчыма, не маюць таго значэння, як для хлапечай любві. Вось гэта гісторыя: як Касач паявіўся ў лесе i з ім яшчэ сямёра ваеннапалонных, а ix павялі расстрэльваць як шпіёнаў, падасланых. Сашка лаяўся i плакаў ад крыўды i злосці, Косця-начштаба ўсё прасіў пакурыць (i калі ішоў, i калі яму капаў), астатнія быццам не верылі, што гэта сур'ёзна. А Касач раптам сказаў з напалову выкапанай магілы:

— Калі я цябе вось так буду, не скачы. Дамовіліся?

Моцна так сказаў, але невядома да каго. (Не ведаю, ці здолеў бы ён сам растлумачыць, што меў на ўвазе? Нейкая горкая, прытоеная думка наогул, а не папрок ці пагроза. Не мог жа ён ведаць, што зараз пачнецца бой: метраў за дзвесце паявяцца немцы, i ён, Косця, Сашка ў гэтым баі пакажуць сябе так, што праз некалькі месяцаў Касач стане камандзірам роты, а потым i атрада.)

Я ўсё гаварыў, гаварыў, i ўсё пра Касача i пра наш з Сашкам бой каля рэчкі, i ўсюды Касач у мяне быў прыгожы, справядлівы, таму што ён i сябе не беражэ, не шкадуе. Глаша, здавалася мне, уважліва i ca згодай слухала, хаця i не расплюшчвала вачэй. I раптам сказала:

— Замаўчы! Дурненькі.

Я гэта на вуснах яе i ў вачах прачытаў.

Паднялася i пайшла цераз паляну, як i той раз. Нешта ў ix з Касачом здарылася! Я быў ашаломлены гэтай здагадкай. Бо так добра ўсё складвалася, так згодна. Куды ж мне, за кім, калі яны не разам? Без яе для мяне i ён цяпер не той. А без яго гэтая паляна i нашы сустрэчы — зусім іншае нешта, аб чым я не падрыхтаваны думаць: я так звыкся з упэўненасцю, што мы сюды прыходзім, каб Глаша ўслых магла пра яго думаць, а я дапамагаць ёй.