Выбрать главу

Бой пачаўся адразу i нечакана блізка, нават не за рачулкай, дзе быў насып разбуранай чыгункі, а на нашым баку, ледзь не ў лагеры.

Мы ішлі хвойнікам — ён пах смалою i летнім жвірам. Глаша, адхінаючы голле, пакалола руку — цяпер аблізвала яе прагавіта i смешна. I раптам застыла: умольна глянула на мяне. «Страляюць!» — адразу прачытаў я. Рукой паказала — дзе.

— Моцна?

Яна заківала галавой.

— Аўтаматы?

Значыць, зусім блізка.

Выбухі я пачуў сам, неяк усім целам. Мабыць, міны. Але калі да гранат адразу дайшло — справа дрэнь!

Глаша слухае бой i глядзіць на мяне, чакае, нібы ад мяне залежыць, каб не было таго, што ўжо ёсць. I трэба ж было мне якраз цяпер аглухнуць: глухі, як i сляпы, — усяму адкрыты, безабаронны. Ты, нібы ў клетцы, злоўлены, i хто хоча, можа падысці i разглядваць. Немцы доўга разглядваць не будуць…

Глаша ўхапілася рукамі за мой локаць, па яе дрыготкіх пальцах адчуваю: страляюць зусім блізка, вось… вось!.. Вінтоўку я зарадзіў, трымаю напагатове, азіраюся, але разам з тым я яшчэ помню, думаю i пра тое, што іду пад ручку з дзяўчынай i гэта зараз убачаць, тыя ж немцы ўбачаць. Яшчэ горш (так i падумалася: горш!), калі ўбачаць нашы зубаскалы. А раптам Касач?

Пальцы на маім локці сціскаюцца, уздрыгваюць ад блізкіх стрэлаў i выбухаў, напаўголаса я ўдакладняю:

— Кулямёты, аўтаматы? Так?

Глаша вачамі паказала ўгору: э, нават самалёты! Значыць, блакада, не іначай. Цяпер галоўнае да сваіх трапіць, не застацца адным. Глаша ці то вядзе мяне, ці то вісіць на мне сярод не чутных мне стрэлаў: у галаве ў мяне свой шум, грукат, пусты, бессэнсоўны. Мы стараемся так абысці страляніну i крыкі (пасля Глаша казала, што i галасы нямецкія чула, каманду), каб трапіць у лагер. Усё правей бяром, каб не нарвацца, каб зайсці ў лагер з другога боку. Але колькі мы ні ідзём, ні бяжым, бой усё не застаецца ззаду: Глаша паказвае, што ён наперадзе, збоку, наўкруг. Я ўжо злуюся, мусіць, блытае, дзе страляніна, а дзе толькі рэха. Адарваў яе пальцы ад сябе i паказаў, каб ішла ззаду: яшчэ, яшчэ адстань! Я накіраваўся проста на лагер. Азірнуўся: Глаша слухмяна брыла ззаду, вінавата, квола ўсміхнулася. Я міжволі ёй адказаў, i яна ўзрадавалася, тут жа дагнала мяне. Зноў абхапіла руку. Нешта мянялася i перамянілася ўжо ва мне, паміж намі. Я сябе цяпер другім бачу, i гэты другі ўжо не цырымоніцца: ён ратуе Глашу, цяпер гэта галоўнае, а бянтэжацца, саромяцца няхай іншыя!

Раптам сасна, да якой мы падыходзілі, якраз перад вачамі нашымі пырснула белымі трэскамі, нема i страшна, нібы знутры ўзарвалася. Глаша ўжо ўпала i мяне за крысо пінжака цягне да зямлі. А сосны ўзрываюцца — белае клочча, нібы пена, вырываецца з-пад кары. Разрыўныя кулі! Але адкуль б'юць, не зразумець! (Некалі Сашка пра такое расказваў, але там пена была чырвоная, i я нібы сам гэта помню — чырвонае, успененае… Яны брылі з Касачом у пыльных калонах 41-га, i раптам выскачыў на дарогу заяц, немцы-канваіры імпэтна-весела адкрылі страляніну па ім, а заадно i па калоне: перад Сашкавымі вачамі вось так, пырснуўшы чырвонай пенай, узарвалася патыліца чалавека, які ішоў наперадзе.)

Б'юць з бярэзніку, што метраў за сто ад нас бялее за стваламі соснаў. Я штурхнуў Глашу, паказваючы, каб паўзла, а яна глядзіць, быццам я i сапраўды магу нешта перамяніць у цэлым свеце.

На белай бярозавай сцяне, нібы прасочваючыся, паявіліся цёмныя людскія плямы. Яны адклейваюцца ад белай сцяны i падаюць, адклейваюцца i падаюць, як пад кулямётам, толькі немым. Але ўжо зноў узнімаюцца ў ланцуг.

Глаша, лежачы, глядзіць на мяне, вочы вялікія, безабаронна-сінія, галаву прыўзняла, вось-вось твар таксама ўзарвецца. Чырвоным.

Дрэвы ўсё пырскаюць белай пенай, я нагамі пнуся на Глашын твар, паказваю ёй раз'ятранай мінай, каб паўзла хутчэй за паваленую высахлую елку. I баюся, што твар гэты, павернуты да мяне, узарвецца чырвоным, успененым…

Раптам пачынае ўяўляцца, што толькі твар, вялізныя сінія вочы — Глашыны, а жвавае, таропкае цела — гэта нехта, хто яе самую ж схапіў i валачэ, i таму такі жах, такое маленне ў гэтых вачах.

Немцы прайшлі зусім блізка ад сухой елкі, за якой мы ляжалі. Я нават бачыў, як той, што бліжэй да нас i пад каскай, у стракатым плашчы-накідцы, паглядзеў на паваленую елку i збіўся з нагі — мабыць, падумаў, што трэба зазірнуць за яе ці пастрачыць з аўтамата. Нават патрон у маёй вінтоўцы варухнуўся, здалося, — такі быў гэта момант. Вузкі малады твар яшчэ нейкі час быў павернуты да нас, але немец не застрачыў i не падышоў…