Выбрать главу

…I тут мы ўбачылі людзей. Адразу пазнаць можна было, што гэта вёска, якая збегла ў лес, i менавіта сёння, можа, дзве гадзіны таму гэта адбылося. Hi буданоў, ні ям, ні абжытых дрэў, на якіх была б развешана розная апратка. Людзі як разбегліся, а потым як сабраліся, збіліся ў кучу, так i тоўпяцца, застылі, гледзячы ў адзін бок: там дагарае вёска. Саміх хат не відно, а толькі рвуцца з-за высокага поля ў неба розныя па колеру i гушчыні касмылі дыму, якія яшчэ не сталі адной суцэльнай сцяною пажару. Спачатку людзі, усе як адзін павярнуліся ў наш бок, таргануліся, гатовыя зноў сарвацца, бегчы, але выгляд наш адразу супакоіў ix. Толькі жанчына ў белай чыстай кофце кінулася да нас, лямантуе, крычыць зласліва, паказваючы на маю вінтоўку чыгунком, які чамусьці трымае ў руцэ.

Мы пастаялі з Глашай, як бы чакаючы, калі ў людзей прападзе да нас цікавасць, а потым паціху пайшлі. Падлескам. Не хацелася траціць яго, адваяванага ў страху, не хацелася зноў зашывацца ў лес, брысці наўздагад. Нам яшчэ поле кіламетраў ca тры адкрытых перасекчы трэба, перш чым пападзём у «мой» лес.

Да змяркання трымаліся падлеску i бачылі, як то ў адным, то ў другім кірунку, бліжэй, далей, вырастаюць новыя дымныя касмылі. A між ix — самалёты. Паяўляюцца то з аднаго, то з другога боку — быццам на гіганцкіх трапецыях гойдаюцца. Такой блакады ў нашых мясцінах яшчэ не было, каб столькі самалётаў!

Пад вечар неба зацягнула, загрузіла хмарамі. Дым уверсе распаўзаецца, як пад чорнай, нізкай столлю, варушыцца там. Раптам сыпануў дождж, а потым, нібы не тое зрабіў, сціх, i пасыпаўся сухі, калючы пясок — вецер недзе падняў яго i цяпер кідаў проста з хмар.

Зарава спачатку расцякалася па гарызонце, ціснулася да зямлі, a водбліскі падскоквалі пад цяжкое чэрава неба. Потым зарава пачало расці, расці i нарэшце ўчапілася за хмары, павісла на ix. Неба знізу нібы чарнейшае i цвярдзейшае робіцца, змрочнае ў сваёй глыбіні, у тоўшчы. Аграмадныя цені сутыкаюцца, папіхаюць адна адну.

Ночы не стала. I не было дня. Сусвет зрабіўся вузкай i доўгай, на ўвесь гарызонт, амбразурай, асветленай знутры. Спатыкаючыся, разрываючы нагамі картаплянік, мы хутка ішлі полем, спяшаліся да далёкага, акрэсленага заравам грабеньчыка лесу.

I тут раптоўна ўбачылі людзей — яны беглі па зараве, па самым гарызонце. Далёкія чорныя постаці, нібы згараючы, трапечуцца ў той амбразуры.

Людзі зноў выбягаюць, ужо бліжэй, з чарнаты, бягуць, гонячы перад сабой доўгія цені. Гэтыя ценi пранесліся во паўз нас, a самі людзі толькі падбягаюць. Другія, лявей, вырываюцца з жыта, што кіпіць, як ад рыбы сажалка, з якой хутка выцякае вада.

Нас людзі заўважаюць у самы апошні момант: чалавечыя позіркі спатыкаюцца («Хто гэта? Чаму стаяць, не ўцякаюць?») i імчаць далей. А ззаду ix ужо зноў вочы, дзіцячыя вочы… Галоўкі дзіцячыя прытуліліся, прыпалі да пляча бацькі ці маці, глядзяць, глядзяць назад, на зарава.

I раптам у тым баку поля, куды ўсё імчыць, нешта адбылося. Доўгая траса куль разрэзала цемень, i стала відаць, што адтуль таксама бягуць: мусіць, другая вёска. Убачыўшы адны адных, людзі разгублена прыпыніліся i, можа, закрычалі (а можа, яны ўвесь час крычаць — мне не чутно). Замітусіліся i кінуліся, ужо ўсе разам, да лесу, з якога выйшлі мы з Глашай.

У лесе, куды, нарэшце, дабраліся мы, звыклым, партызанскім, дыхаць стала вальней. Лес нас прызнаў, павёў, аблізваючы па-сабачы дрыготкім, стракатым святлом нашы твары, рукі. Мы прайшлі яшчэ з кіламетр i селі адпачыць. Глаша прыхінулася спіной да дрэва i тут жа заснула, пакінуўшы мне аднаму i гэтую вайну, i ўвесь гэты свет: ёй надакучыла. Я сядзеў, глядзеў на яе капрызлівы сонны твар i ціхенька, нібы вар'ят, смяяўся, мабыць, ад стомы i сваёй недарэчнай глухаты.

Ад таго, што нельга было гэтага рабіць, а я таксама моцна заснуў (быццам паддаўшыся дзіцячаму Глашынаму настрою), i што нічога страшнага не здарылася, было весела прачнуцца i паглядзець на свет, у якім усё засталося на месцы.

Глаша адначасова са мной адарвала ад пляча галаву i расплюшчыла вочы, шчодра сыпнуўшы ў гэты свет сінькай. Мы нейкі час глядзелі адно на аднаго, усяму адкрытыя.

Усё ў лесе прапахла дымам: i папараць, i ігліца, i мае рукавы, i, напэўна, халодныя ад расы Глашыны кароткія валасы, якія во абгладжвае рукамі.

Сонца, дагэтуль нябачнае за дрэвамі, раптоўна, адразу ўварвалася ў лес, i тады дым, нібы жывы, заклубіўся па нерухомых, яркіх спіцах святла.

Мы пайшлі старым, сухім борам, збіраючы чарніцы, падсохлыя, падсалоджаныя жнівеньскім сонцам. Трэба хутчэй ісці адсюль, але Глашын голад нас не пускае, ён такі ж смешны, капрызліва-дзяцячы, як i сон яе, i мы, развесяліўшыся, нібы прагнаму трусіку капусту, скормліваем з далоняў, аддаём яму салодкія цеплаватыя ягады. Нешта перападае i мне, але трусік такі радасна-прагавіты, такі сінявокі, што цяжка ўтрываць i не аддаць яму.