Выбрать главу

Знайшоў яду я хутка i проста на дарозе. Мне трэба было пераскочыць гэтую дарогу, свежа выбітую, распёртую танкавымі гусеніцамі,— я ступіў на яе, а проста ў вочы мне — кардонная каробка, такая нечаканая тут у лесе, нібы з другога свету. Я нават за дрэва памкнуўся схавацца, як ад небяспекі. Але тут жа кінуўся i схапіў яе, як бы баючыся, што насланнё мінецца. Схапіў каробку, падумаў, што гэта можа быць i пастка-міна, а, разрываючы кардон i надкусваючы акуратненькую галету, ляніва змікіціў, што яна, магчыма, атрутная. Галеты надта сухія, але галоднай слюны хапіла i на другую i на трэцюю. Я жую на хаду, п'янеючы ад кволага, нейкага далёкага хлебнага паху, i заспакойваю сваё сумленне тым, што трэба ж добра пераканацца, што яны не атрутныя. У мяне нават галава закружылася — у дадатак да звыклых млоснасці i шуму, якія не пакідаюць мяне з моманту кантузіі.

I я заблудзіўся, раптам зразумеў, што іду наўздагад. А я ж нават не здолею гукнуць Глашу — праўдзівей, не пачую яе голасу. Забыў, зусім забыў, што я глухі.

Я спалохана, разгублена пабег i тут зусім паверыў, што не знайду яе, i спалохаўся яшчэ больш. А неабавязкова ж было пакідаць яе i хадзіць аднаму: не кажы, што засады пабаяўся, проста спадабалася быць, як iншыя, змрочным, уладным. Дурань, дурань, якая табе справа да іншых. Ім, іншым, i Глаша, магчыма, не тое, што табе.

Я ледзь не наскочыў на яе: Глаша здалёк мяне ўбачыла i пабегла напярэймы, устрывожаная такім маім з'яўленнем: імчыць чалавек, вочы белыя, у руках нейкая каробка — нібы ўкраў i за ім гоняцца!

— Еш смела, не атрутныя, — закрычаў чалавек.

Святло пакідае лес, збіраецца ўверсе. Па-начному востра пахне зямля, хвоя. Мы ішлі цэлы дзень, а цяпер ладкуемся, каб спакойна адаспацца. Галеты мы даелі ўсе, да ix добра пасавала кісленькая «зайцава капуста». Наедку не шмат, але само ўсведамленне, што сёння еў хлеб, супакойвае: у хлебе заўсёды столькі надзеі!

Глаша сядзіць пад цёмным дрэвам, знябытая, стомленая, накінула на плечы мой нямецкі кіцель. Імжака. Сыра. Я ламлю лапнік i нашу, складваю да яе ног.

Дажджавыя хмары ўсё апускаюцца над лесам, але ад ix робіцца не цямней, а святлей: неба асвятляюць водбліскі пажараў. Гэта ўжо мая мясцовасць, да маёй вескі кіламетраў трыццаць.

Лапніку я нарыхтаваў, цяпер толькі перацягнуць яго ў густы ельнік. Пакінуў вінтоўку каля Глашы i валаку калючую цяжкую ношку ўсляпую, спіной рассоўваючы цесна сплеценыя елачкі: трэба як далей, глыбей, ад усіх, ад усяго далей. Глаша нібы i не бачыць, чым я заняты, сядзіць дзіўна безуважная, i ўжо здаецца, што не толькі ад адной стомы.

Усё гатова. Я падышоў, узяў вінтоўку. Глаша знізу глянула на мяне i падала пінжак.

— Дождж цяпер не дастане, — кажу я. Глашыны вочы запытальна ўзняты ўгору — у ix раптоўным святле нешта зусім для мяне незнаёмае. Але што тут такога? Усё звычайна: трэба перабыць ноч, каб не натрапіць на немцаў, не заблудзіцца, i наогул жа людзі, як сабакі, стаміліся. Я расказваю Глашы пра тое, як мы раніцай выйдзем i пад вечар будзем на месцы. Глаша моўчкі глядзіць — а як яшчэ, калі я глухі? Усё звычайна.

Падышла да густога, як шчотка, мокрага ельніку, глядзіць зацікаўлена: што тут, як я тут уладкаваў?

— Сюды ідзі, я i страху зрабіў,— кажу я i спіной расхінаю калючую сцяну ельніку, а Глаша ідзе следам, рукамі адводзячы яловыя лапкі. Я бачу яе твар, вочы — такая раптам дурненькая, някемная стала, надта з усяго дзівіцца, нібы ўпершыню ў лес трапіла. Здаецца, выбрала для сябе, якою ёй быць, пакуль сядзела пад маім пінжаком, а я цягаў яловыя лапкі, i вось зрабілася такой — чакае, каб ёй усё паказалі, растлумачылі, самой ёй няўцям, што тут i як. Вельмі добра адчула, якой ёй трэба быць з Флёрам.

Вось яно, наша жытло: страха ёсць, пасцель ёсць — усё з лапніку. Глаша стаіць i не разумее, як i што далей. Я нахіліў ёй галаву.

— Паўзі.

Валасы ў Глашы мокрыя i цёплыя — мая далонь таропка сказала мне пра тое. Глаша прысела на кукішкі i папаўзла ў цемень, пад стрэшку. Папоўз у калючую цемень i я. Халодная Глашына рука прасунулася да майго твару — паказвае, дзе мне лажыцца. Лапніку нам хапае, каб i пад бок было, i накрыцца, як коўдрай. Прыўзнімаючыся, выцягваем лапкі з-пад спіны, кладзём ix на сябе, каб як раўней, паколатыя рукі нашы сустракаюцца i паказваюць: вось так! табе вось так будзе лепей! Яшчэ лепей будзе, калі я здыму свой кiцель i мы ім спярша накрыемся, a ўжо тады зверху будзе мокры, калючы лапнік.

Нарэшце, ўсё як трэба: спружыністая яловая пасцель — пад намі, цяжкі, зляжалы лапнік — на нас, вінтоўка — паміж, a рукі нашы прытрымліваюць цёплы пінжак — бліжэй да шыі.

Усё ў свеце неверагодна i адразу — нібы бінокль другім бокам павярнулі — аддалілася. Усё будзе заўтра, а зараз — толькі гэта, толькі мы. Маўчанне пачынае палохаць, i я пачынаю шаптаць. Вядома, пра атрад, пра Касача. Ён шукаў Глашу, ён усё думае, куды яна знікла… Глаша, каб лепей чуць, павярнулася са спіны, на бок, тварам да мяне. Я адчуваю яе дыханне, чамусьці дзіўна халаднаватае. Ці гэта ў мяне такія разгарачаныя шчокі? Але мне зусім не горача, мне чамусьці холадна. Яшчэ больш старанна, як малітву, шапчу пра тое, як яе схаваю на востраве, а потым мы знойдзем сваіх, атрад. (Глашына рука праверыла, ці добра закрыты мой бок, ці не мерзну.) Я ўсё мармычу сваю малітву, расказваю пра Касача, пра тое, як ён умее быць строгім, зацятым, затое калі скажа — бяжы, рабі, i кожны з радасцю бяжыць i выконвае. I я разумею, чаму Глаша… Я i сам… Рука Глашына ўжо ляжыць на маім пінжаку, я адчуваю яе даверлівы цяжар каля шыі. Так пасуе ёй гэта дарослая прастата. Паклала руку i ні пра што не думае, а я толькі пра тое цяпер i думаю, як яе рука на мне ляжыць i што гэта значыць.