Выбрать главу

Нянавісць да ворага не асляпіла Флёру, не засціла перад ім астатні свет. Яго асляпіў невыносны боль, асляпіла святло, якое б'е з глыбінь яго памяці. Менавіта таму так чула адгукаецца ў душы героя боль в'етнамскіх сялян, што гінуць у Сангмі, іншыя драматычныя падзеі, на якія такое багатае наша стагоддзе. Менавіта таму ён так горача спрачаецца з пастаянным сваім апанентам Бокіем, што, як істы вучоны, на ўсё глядзіць чыста, рацыянальна, узважваючы з аптэкарскай дакладнасцю «за» i «супраць» i не паддаючыся простым чалавечым пачуццям спагады, літасці, жалю. Гайшун таксама імкнецца ў глыбіню падзей, да ix філасофскага асяродку, разумеючы ix агульную значнасць i павучальнасць. Ён хоча асэнсаваць, чаго больш у чалавеку, добрага ці злога, чаго можна чакаць ад людзей ва ўмовах, калі ў свеце палаюць агнішчы ваенных пажараў. Але робіць гэта не таму, што так загадвае яму яго дапытлівы розум, а таму, што гэтага вымагае яго сумленне, абвостранае памяццю пра мінулае, так патрабуе яго чулае сэрца, якому баліць. Яго чалавечнасць, мяккасць, душэўная далікатнасць прыцягваюць да сябе іншых людзей, вабяць i Глашу, якая становіцца яго жонкай. Маральны i гуманістычны крытэрый стаў асноўным у яго жыццёвых паводзінах, нягледзячы на ўсё асабіста перажытае i ўбачанае ў гады вайны. Высокая маральнасць адносін да свету, да іншых народаў заўсёды вызначала i саміх беларусаў, што i дало магчымасць ім прайсці праз усе гістарычныя нягоды, выжыць, захаваць душу жывую i застацца народам, які здольны прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні глабальных праблем, што стаяць сёння перад чалавецтвам.

На аснове «Хатынскай аповесці» А. Адамовіча напісаны сцэнарый (сумесна з рыжысёрам Э. Клімавым) кінафільма «Ідзі i глядзі», у якім многія ідэі празаічнага твора, сюжэтныя лініі, асобныя матывы атрымалі сваё гранічнае i спецыфічнае кінематаграфічнае вырашэнне, у значнай ступені ўзмацніўшы антываенны пафас аповесці. Ужо названая тут дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі…», а таксама напісаная разам з Д. Граніным «Блакадная кніга», аповесць «Карнікі» ўспрымаюцца як натуральны працяг размовы, распачатай пісьменнікам у яго «Хатынскай аповесці».

Дык якія ж урокі дае сучаснаму чытачу Флёра Гайшун? Вечна жывым вопытам дзейнай чалавечнасці! Бо сёння мала выяўляць сваю заклапочанасць лёсам міру на зямлі, мала ўздымаць трывогу — трэба дзейнічаць, аб'ядноўвацца ў барацьбе супраць вайны i ўсяго, што папярэднічае ёй — чалавеканянавісці, варожасці, абыякавасці да лесу іншых народаў, жорсткасці. Людзі не могуць быць сляпой зброяй у руках фатальных сіл. У духоўным вопыце ўсіх народаў i ўсіх людзей шукаюць яны сёння той надзейны грунт, абапіраючыся на які, можна дзейнічаць упэўнена i мэтанакіравана, тыя надзейныя арыенціры, без якіх чалавецтва заблудзіцца ў змроку атамнага шаленства…

Міхась Тычына

Хатынская аповесць

У Беларусі фашыстамі знішчана каля 9200 вёсак. У больш чым шасцістах вёсках забіты ці спалены ўсе жыхары, выратаваліся адзінкі.

З дакументаў другой сусветнай вайны.

«Я выскачыў з машыны i пачаў праціскацца між мікрафонаў.

— Лейтэнант Колі! Вы сапраўды забілі ўсіх гэтых жанчын i дзяцей?

— Лейтэнант Колі! Як сябе адчувае чалавек, які забівае жанчын i дзяцей?

— Лейтэнант Колі! Вы не шкадуеце, што не здолелі знішчыць яшчэ больш жанчын i дзяцей?

— Лейтэнант Колі! Калі б вы маглі сёння вярнуцца i зноў забіваць жанчын i дзяцей…»