Выбрать главу
Ca «Споведзі» амерыканскага лейтэнанта Уільяма Колі — вінаватага ў знішчэнні в'етнамскай вёскі Сангмі.

«Не месціцца нават у галаве, што на гэтай планеце можа быць вайна, якая нясе гора мільёнам людзей».

Зварот Георгія Дабравольскага, Уладзіслава Волкава, Віктара Пацаева да людзей Зямлі з Космасу 22 чэрвеня 1971 г.
* * *

— Тут ужо цэлы ўзвод! — гучна кажа чалавек у цёмных акулярах, з белай металічнай палкай у руцэ. Хлапчук у блакітным плашчыку — ускочыў у аўтобус перш за яго — выбірае позіркам свабоднае месца.

Чалавек у акулярах прыпыніўся ля дзвярэй, слухае раптоўную, напружаную цішыню: глыбокія дугі, складкі каля рота, твар, завостраны падбародкам, затое лоб — надта шырокі i, як у малога, пукаты. Рот паторгваецца няўпэўненай, вінаватай усмешкай сляпога.

— Татка, там месца, — кажа хлапчук у празрыстым плашчыку i кранаецца працягненай яму насустрач рукі.

Зноў зашумеў, закрычаў аўтобус, але нядаўняя раптоўная цішыня таксама засталася — як дно. Галасы, вясёлы крык занадта ўжо таропкія.

— Гайшун! Сюды, братка!

— Да нас, Флёра. Сюды давай!

Чалавек з застыглай усмешкай сляпога некага чакае. Металічная палка суха, пустацела дзынкнула: сляпы зачапіў стойку.

На прыступку аўтобуса паставіў напакаваны мех узмакрэлы мужчына ў пакамечаным суконным гарнітуры:

— Гэта куды аўтобус?

— У Хатынь.

— Куды?

— У Хатынь.

— А! — няўпэўнена прамовіў гаспадар сіняга гарнітура, забіраючы свой мех.

У дзвярах узнікла жанчына ў квяцістай летняй сукенцы — з сумкай i «балонняй» на загарэлай руцэ.

Паднялася на прыступку: смуглявы твар усміхаецца побач з коратка пастрыжанай, зусім белай галавой сляпога.

— Глаша, да нас!

— Сюды сядай, у трэці ўзвод!

— Надакучылі вы ёй у лесе! Праўда, Глаша?

— У нас тут плацкартный месцы…

Жанчына, кінуўшы ціхае «добры дзень», кранулася локця сляпога, i ён пайшоў па аўтобусе. I адразу стала прыкметнай узаемная ix нетаропкасць, напружаная плаўнасць, якая бывае, калі нясуць разам поўнае вядро.

— Сюды, татка, тут месца, — паклікаў хлапчук, які ўжо ўладкаваўся спіной да кабіны, па-дзіцячы паклаўшы рукі на сядзенне абапал сябе.

Маладжавы i шумны пасажыр прыўзняўся з месца i ашчаперыў сляпога за плечы.

— Флёра, з маёй пасядзі. А я — з Глашай.

— Косця, — дакорліва сказала жонка шумнага пасажыра, уся занадта беленькая, зычліва ўсміхнуўшыся сляпому, — не замінай чалавеку прайсці. Які ж ты!..

Чалавек у цёмных акулярах звыкла нёс руку перад сабой, а з ёю здароўкаліся, кранаючыся худых пальцаў, якія чуйна ўздрыгвалі.

— Жывём, Флёра?

— Гэта хто? Ты — Стома?

— Пазнаў? Я, братка, я гэта.

— А гэта чыя галава?

— Рыжага. Помніш такога? Падай голас, Рыжы.

— Пакажыся, — рука сляпога вярнулася назад, — пакажыся. I сапраўды — Рыжы!

— Здароў, Гайшун, — пасажыр прыўзняўся, з няёмкасцю, як дзіцячую, паціснуў руку сляпога.

Жанчына, пакуль ідзе ўся гэтая працэдура, стаіць за мужавай спіной: яна таксама ўсміхаецца, але ні на кога не глядзіць, у той час як чорныя акуляры сляпога ўважліва ўглядаюцца на кожны голас.

Руку сляпога перахапіў таўсматы пасажыр. Раменьчык ад фотаапарата палавініць ягонае мяккае плячо, i ўвесь ён нейкі выпнуты, кругленькі ў сваім новым сінім гарнітуры.

— Не пазнаеш Сталетава?

— I ты тут? — здзівіўся сляпы.

— А дзе ж мне быць? — Сталетаў пакрыўдзіўся.

Але жанчына павяла ўжо Гайшуна далей. Ён зачапіў калена грузнага i нават тут, на сядзенні, высокага чалавека, які, як пераростак за школьнай партай, сядзіць крывавата, бокам, загароджваючы праход.

— Дзень добры, — ціха i вельмі cпaкойна сказаў грузны пасажыр.

I паўтарыў:

— Дзень добры, Флёра.

Ад ягонага голасу на нейкае імгненне зноў адкрылася — як блізкае дно — цішыня.

Жанчына, перасмыкнуўшы тварам, схапіла Гайшуна за плечы i хуценька правяла наперад. Пасадзіла i сама села тварам да кабіны i спіной да ўсіх.

Хлапчук паклікаў:

— Тут лепей, татка.

— Вось i сядзі! — абарвала яго маці.

Ля кабіны — тварам да ўсіх — зручней сядзець было б i грузнаму пасажыру. Але ён таксама не сеў там.

…Касач! Гэта яго голас. Упэўнена-ціхі: чалавек ведае, прывык, што яго пастараюцца пачуць. Гэты голас хіба забудзеш?..

А як перамянілася Глашына рука: нібы з-пад машыны мяне выхапіла!

Які ён цяпер — Касач? Ва ўсякім выпадку не сляпы, як яе муж.

Матор i вядро, што дзынкае пад сядзеннем, глушаць аўтобусную гаману. Толькі самыя высокія i вясёлыя галасы далятаюць, выпадкова сутыкаючыся i пераплятаючыся. «Летась… ды ўжо i ўнукі ёсць… Бомба разарвецца, воблака ўзаўецца… ну, Косця, які не ты? Дай людзям пагаварыць… Я кажу, што касачоўцы ўсюды… Не, я яму скажу, нашаму летапісцу, гэтаму… Гэй, Сталетаў!.. А мая дачка экзамен здае ў інстытут замежных…»