Нерэальныя, да немагчымасці блізкія галасы з далёкага-далёкага мінулага затапляюць аўтобус: сённяшнія, выпадковыя словы плаваюць на паверхні, як смецце, а знаёмыя галасы, як бы незалежна ад слоў, уліваюцца ў мяне, саланаватыя, пякучыя…
Чалавек дваццаць нашых партызанаў. Некаторых я ўжо чуў, разбіраю: Касача, Косцю-начштаба, Стому, Рыжага, Сталетава…
Косця, наш начштаба, — усё гэтакі ж хлапчукоўскі голас — уразаецца адразу ва усе размовы; рагоча, выкрыквае прозвішчы, клічкі, знарок бяссэнсавыя словы («Дзеда не забылі?.. Сталетаў, здымі нас — для гісторыі. У цябе гэта здорава выходзіць… Дзед, ты ў каго такі капялюш сцёг?.. Мэнш!.. Не перашкаджай, жонка!..»),
Так, ён такі, наш Косця-начштаба, з ім i ў чыстым полі будзе цесна: кожнага зачэпіць, абніме i тут жа абсмяе. Не надта самавіты для сваей пасады. Дваццаць два ці дваццаць тры яму… Было. Але яго любяць (любілі): справу сваю разумеў, ваяваць умеў. Не горш за Касача.
Касач тут, побач. За спіной у мяне. «Дзень добры?» — паздароўкаўся спачатку i з Глашай, але нешта прачытаў на Глашыным твары i тут жа аддзяліў: «Дзень добры, Флёра!» Вунь якою зрабілася Глашына рука! Спалоханая i цвёрдая. Глаша сядзіць побач са мной, прамая, напружаная, — я i не бачу, а ведаю.
Такі ж аграмадны, моцны? Голас, прынамсі, той жа. Мне заўсёды хацелася зразумець: прыкмячае ён сам ці не прыкмячае гэтую сваю пастаянную іронію, часамі, здавалася, недарэчную?
— Я яму ў вочы сказаць магу! — голас аднекуль ззаду. — Мы яго, прымачка, з-за печы выцягнулі, у партызаны сілай прывалаклі, а цяпер…
Пра каго гэта там? I чый голас? Нервовы, усхваляваны. Хлопцы падзаводзяць, бач, чалавека — гэта ў нас заўсёды ўмелі.
— Сакратарка не пусціць.
— А ты — па тэлефоне яму. Верна, Зуёнак? Ці тэлеграмай.
Ну, вядома, гэта ён, Зуёнак! Галоўны хавальнік пapтызанскай геральдыкі, Зуёнак заўсёды помніў, i вельмі дакладна, хто ў якім годзе i нават у якім месяцы прыйшоў у партызаны. I хто якой павагі заслугоўвае. Усю сям'ю Зуёнка немцы выбілі яшчэ ў сорак першым, калі ён пайшоў у лес. Менавіта з дапамогай ягоных доўгіх i настойлівых пісем пастаўлены многія нашы помнікі. I гэты, які мы едзем адкрываць. Я ўпершыню еду: калі мог, вочы былі, сустрэчы такія не праводзіліся. А Зуёнку нават перапала за спробы сабраць нас: «Якія такія сустрэчы? Каму гэта трэба?»
— Да ночы паўзці будзем з такой яздой. Я на сваім хозузводаўскім хутчэй паспяваў.
— О, Дзед наш да самалётаў прывык!
Заехаць заадно i ў Хатынь — хоць гэта зусім не па дарозе ў нашы партызанскія мясціны — таксама iнiцыятыва Зуёнка. Для мяне гэта асабліва важна — наведаць Хатынь. Хаця што я там убачу? Убачу не тое, што там цяпер, а што было. Што яно такое, нашы Хатыні, я ведаю. Гэта я ведаю…
A хозузводаўскі Дзед усё непакоіцца, ці паспеем у два канцы, ці не спознімся. Колькі яму? Дзедам i тады ён нам здаваўся. Гаворыць — нібы гарачую бульбачку есць: сіпіць, дзьмухае, крэкча за кожным словам. I няўпэўненае смяхоццейка трапятлівага селяніна. Неяк жа здолеў, сабраў Зуёнак усіх нас, i гарадскіх i з раёна, у гэты аўтобус.
— Нічога, — абзываецца нехта (здаецца, Рыжы), — i болей нас там чакалі.
У Рыжага нават іронія прабілася ў голасе. Пасляваенная, мабыць. Раней усе з яго жартавалі, а ён толькі пасопваў аблупленым носам ды абяцаў: «Вось як дам левай!»
— A які хоць помнік? Га, Зуёнак? — пытаюць з задняга сядзення.
— Курган, школьнікі насыпалі.
— A які б ты хацеў сабе? — крычыць Косця-начштаба.
— Я нешта не падумаў пра гэта, калі хадзілі — памятаеце? — па гарэлым балоце. Як на вяроўцы хадзілі па крузе.
Мільгацяць твары ў маёй памяці, тасуюцца i ніводны не накладваецца на гэты голас з ціхім пакашліваннем.
— Хлопцам усё роўна цяпер. (Дзед.)
— Усё роўна, ды не зусім. (Стома.)
— Над такім, як у мінулым годзе, я не лёг бы.
— Зуёнак, улічы пажаданні. (Косця-начштаба.)
— Не, a помніце Чортава Калена, як хадзілі па крузе, па балоце? Расказваеш — не вераць людзі.
Хто гэта гарэлае балота, Чортава Калена, уснамінае? Голас з такім знаёмым, ласкава-хітрым пакашліваннем. Вядзмедзь, ён? Ну, вядома ж! Які ён цяпер, без кулямётных стужак цераз грудзі i на паясніцы? Вельмі нязручна насіць так патроны i непрактычна: іржавеюць, а у час бою выцягвай па аднаму, запіхвай у «магазын», у патроннік. Ужо для той, для першай сусветнай, прыдумана была зручная абойма: паставіў у паз, націснуў вялікім пальцам — i адразу пяць патронаў у вінтоўцы. Але Вядзмедзь пакорліва цягаў сваю кіношную ўкрасу, а сам шчупленькі, сутулы, у акулярах. Не каля дзяўчат, вядома, яго думкі круціліся, як у зухаватых i прыбраных у зброю i рамяні разведчыкаў, i ад'ютантаў, а каб пакармілі. Цётка адразу бачыла: чалавек ваюе! А можа, i тады кіно сядзела ў падупалых грудзях Вядзмедзя?