— Ваюем? — перапытаў Касач. — Вось i паваюй. A гісторыю пасля напішаш. Першым разам — на губу яго!
«Гісторыю» Сталетаў напісаў, ды толькі зусім не тую…
Злучыліся з арміяй: адных — на фронт, другіх — гаспадарку ўзнімаць, i раптам затрымка з тымі, каго працаваць у раёне пакінулі. Сталетаўская папка ўсплыла, a ў ёй, выявілася, такое было напісана (асабліва пра Касача, ды i пра другіх таксама), што калі хлопцаў выклікалі, ім не зачытвалі ўголас, a толькі пальцам па радках вадзілі. Не рашаліся сваім голасам зачытваць фразы, нібыта чутыя Сталетавым у атрадзе. Што ён там чуў, а што прыплёў — цяжка сказаць. Партызаны сапраўды разважалі, i часам горача i шчыра, пра тое, пра што пасля пяцьдзесят трэцяга загаварылі i сталі пісаць. Магчыма, i ў штабе нешта такое чуў. Ды ён, здаецца, перамыш'ячыў: адна смяротная доза мыш'яку — смяротная, а ад дзесяці можаш i не памерці: адразу пачынае ванітаваць, ачышчаецца страўнік. Не вяртаць жа палавіну атрада з фронту! Да кагосьці не дурнога трапіла справа: Сталетаву самому давялося апраўдвацца. Доўга пра нашага «летапісца» не чуваць было нічога, але раптам голас аб сабе падаў. Неўзабаве i на сустрэчах пачаў паяўляцца Сталетаў. Я не быў на тых першых сустрэчах, але чуў, што Сталетаў вынырнуў, што зноў захапленне i радасць i ўлюбёнасць у гарачлівых вачах, узнятых да неба вачах «летапісца». Спачатку, думаю, без цырымоніі нагадвалі яму пра «гісторыю брыгады», але падобна на тое, што з часам пачалі да яго прывыкаць. Адыходлівыя нашы гарачуны.
— Э, не-е, — марудзіць Сталетаў, нібы правяраючы рэакцыю аўтобуса, — не-е, хлопчык, мы з тваім таткам партызаны, а не якія-небудзь… («касачоўцы» ўсё ж не сказаў).
I песні пяюць ужо — дзве ці тры разам.
Сярожка доўга не здагадваўся, што ў яго бацька не такі, як у іншых. A калі дайшло да яго дзіцячага сэрцайка — зірнуў аднойчы i раптоўна зразумеў! — закрычаў, заплакаў, нібы ў гэты міг са мной усё i здарылася: «Хто цябе, татка, ты не бойся, скажы! Немцы, так? Фашысты, га? Скажы, ты скажы!» Пабег у свой куток, схапіў чырвоны завадны млын i пачаў яго, моцна плачучы, ламаць, кінуў на падлогу. А Глаша i я сам угаворвалі яго: цацку рабілі іншыя немцы, зусім іншыя…
З таго часу i дня не мінала, каб Сярожка не загаварыў пра мае «вочкі». Мы з ім абмяркоўвалі план, як мяне вылечыць, i я яго, рабаценькага i чарнавокага, убачу. Сярожа няўпэўнена смяяўся, калі я расказваў, якім ён сам паўстане перада мной i як я яго не пазнаю.
Першая аперацыя — за тры гады да гэтага — не дала вынікаў. Я рашыўся зноў, на другую, дзеля Сярожы. Яны з Глашай прыходзілі да мяне ў клініку, шмат гаварылі, Сярожа ўзбуджана смяяўся. Ён быў цалкам упэўнены, што здымуць павязку — i я ўбачу яго, усё ўбачу зноў. А потым мяне адвозілі дамоў, усё з той жа цеменню: Глаша ціхутка плакала i гладзіла маю руку, Сярожа сядзеў каля таксіста, i я яго не чуў.
Больш пра мае «вочкі» Сярожа ніколі не загаворвае. Іншым разам, па яго дыханні, што раптоўна ападзе, я адчуваю, як пакутліва, недаўменна ён глядзіць на мой твар. Надта сталі балець вочы, яны нібы большаюць, круглеюць. Мне нават прапанавалі вылушчыць ix, каб не балелі, але я не згадзіўся — таксама дзеля Сярожы.
Сёння Сярожа вельмі ажыўлены, вясёлы: ён едзе ў «партызаны», акрамя таго, вакол нас людзі, якім не трэба тлумачыць, хто яго татка, наадварот, можна слухаць, распытваць.
Матор глушыць галасы ў аўтобусе, мы едзем лесам, але калі дрэвы расступаюцца, адкрываецца поле, я добра разбіраю галасы нават з задніх сядзенняў. I ўсё стараюся ўявіць, хто як выглядае.
Прымушаю сябе рабіць папраўку на час: чвэрць веку мінулася, як я ix бачыў.
Я i самога сябе ўяўляю толькі таго, якім быў, калі i для мяне існавала такая рэч, як люстэрка, — бледны чалавек з набраклымі павекамі, з пабялелымі скронямі i глыбокімі складкамі-дугамі каля рота, што заўсягды стрымліваў вінаватую ўсмешку.
Глаша пайшла за такога замуж, але яна, мусіць, у нейкім іншым люстэрку мяне бачыла, не ў такім бязлітасным. У яе памяці я існую побач з яе маладосцю. Вось i з Касачом — таксама. Аднак як яна яго ненавідзіць! Ці баіцца. Сябе баіцца. Не, гэта я баюся. Палахлівы i завідлівы сляпы. I няўдзячны.
Пакуль я яшчэ быў, як усе (толькі час ад часу пачыналі балець, чырванелі вочы), жыццё з Глашай у нас не надта ладзілася: тое, што нас зблізіла, тое i падзяляла, мучыла. Наша сумеснае партызанства, Касач… Не гаварылі мы, не ўспаміналі ўголас, але гэта было з намі, чулася. А калi ca мной здарылася самае страшнае (за нейкіх паўгода), Глашу як падмянілі — яе голас, яе рукі, яе дотык. I яна сама захацела, каб нарадзіўся Сярожа.