I зноў побач — Касач! Ён у нас за спіной, усю дарогу за спіной. Глаша ні на імгненне не забывае пра гэта — я адчуваю. Вунь як яна напружана маўчыць! Я сам настояў, каб ехаць на гэтую сустрэчу, калі Зуёнак нам напісаў. Глаша не хацела, а мы з Сярожам настойвалі. Я — каб адпомсціць сабе за ўсё ранейшае. Удзячнасць сляпога.
У аўтобусе гучная, вясёлая спрэчка. Мне заўжды лягчэй, калі людзі вось так захапляюцца, i тады не яны за мной, а я за імі назіраю.
— Пры ім i кормчы не рыпаўся, сядзеў у прыёмнай як міленькі. (Зуёнак.)
— Во-во, адзін перад адным! (Дзед.) У нас у вёсцы быў адзін…
— Сувораў казаў… Пра Кітай, вы знаеце, што казаў Сувораў?.. (I ён тут, Ілья Ільіч, наш камроты! Цыганская, маладая барада, абавязкова кніжка ў кішэні ці сумцы… Дзе ён браў тыя кнігі, аднаму богу ведама: у вёсках апошнія Бібліі ўжо дакурвалі!) Спіць, i слава богу! Не будзіце сабе на бяду!
— А я вам далажу, калі не ведаеце (Косця-начштаба). Яго даўно на свеце няма.
— Каго?
— Твайго кормчага.
— Чаму майго? — Сталетаў імгненна прыліпае, толькі зачапі яго. — Вазьмі сабе, знайшоўся яшчэ дабрадзей!
— А вы i не ведалі? (У Косці-начштаба не разбярэш, дзе ўсур'ёз, а дзе блазенства.) Не ведаюць, адзін Сталетаў ды мільярд кітайцаў не чулі. А каб i надалей не раскумекалі, зрабілі «кучу малу», «культурную рэвалюцыю». Паплечнікі змовіліся: маўчаць сто год. I праз кожныя дзесяць — «кучу малу»!
— Гэта ж Кітай! — падхапіў Ілья Ільіч. — Імператар, які Вялікую сцяну будаваў, аб'явіў, што будзе жыць вечна. А потым узяў ды i памёр. Цэлы год не хавалі, раз ён так аб'явіў. Пасадзілі за шырму, на трон, a чыноўнікі, міністры прыходзілі i слухалі, як ён за шырмай маўчыць, угадвалі ягоныя загады. А паху дамовіліся не чуць.
— Во! — усклікнуў Косця-начштаба. — Не тое, што наш Сталетаў!
— А што! — Сталетаў абазваўся, быццам i сапраўды мае да гэтага дачыненне. — Я не апраўдваю, але так таксама нельга: раз — i ўсе яйкі аб падлогу! Э, не-е, так таксама не робяць. Праўду кажа Зуёнак: пры ім…
— Спяём! — крычыць ужо Косця-начштаба i тут жа пачынае: «А какая встреча будет у вокзала в дни, когда победой кончится война!..»
Касач маўчыць, аднаго яго як бы не датычыць шумная спрэчка. Цікава, што ён сказаў бы i як, што ён усе гэтыя немаўклівыя гады думаў?
Адразу пасля вайны ён працаваў у райвыканкоме, потым яго зрабілі дырэктарам торфазавода, потым — саўгаса. Дзе ён зараз — не ведаю. I Глаша не ведае.
Палон, у якім ён пабываў, а магчыма, i папка Сталетава на ім усё-такі віселі. Ды i сам ён чалавек дастаткова складаны, з нечаканасцямі. На партызанскай сустрэчы я ўпершыню, але ўжо бачу (па размовах, рэпліках, па яго цяжкім маўчанні), што да яго не надта кідаюцца. Ну, а ён — тым больш. Гаваркім, кампанейскім ён ніколі не быў, гэта не Косця-начштаба. Магчыма, мае значэнне i тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні, захавана на самым донцы памяці. Вайна ёсць вайна, але побач з Косцем-начштаба — гэта цалкам партызанская, з шумам, з анекдотамі, з памяццю пра розныя казусы вайна, а побач з Касачом успамінаецца нешта іншае, больш рэзкае, завостранае… У Касача няма гэтага нашага «касачоўскага», партызанскага шыкавання, лірыкі партызанскай, якая ў некаторых з гадамі ўсё разрастаецца. Ён вось i на сустрэчу едзе, як чужы. Старонні хто-небудзь i рашыў бы, што ён адзіны тут «некасачовец».
Чуў я ці чытаў, што людзей, якія ведалі адзін аднаго ў абставінах асабліва пакутлівых i абразлівых для чалавека, потым не надта цягне на сустрэчы. Зрэдку — хай сабе, але не больш. Цяжка, немагчыма жыць з пастаянна раскрытай памяццю, дзе ўсё гэта схавана. Такія людзі наўрад ці сябруюць сем'ямі. Я сам ведаў двух чалавек, што перажылі Асвенцім у адным бараку. У калідоры педінстытута, у курылцы яны сустракаліся, іншы раз з падкрэсленай бесклапотнасцю звяралі лагерныя нумары на руках. («Я на 120 тысяч чалавек старэйшы за цябе…») Але з ix гутарак можна было зразумець, што яны нават не ведаюць адзін пра аднаго, хто на якой вуліцы жыве.
Ды што казаць, я вось i Сярожу не ўсё стаў бы расказваць (нават калі вырасце, студэнтам стане), хаця, здаецца, хаваць, саромецца няма чаго. На сваіх студэнтах я i пераканаўся, што ёсць рэчы, якія немагчыма перадаць другім — хто не паспытаў сам чаго-небудзь падобнага.
Даведаліся мае трэцякурснікі ад некага пра выпадак ці чыталі недзе, калі камандзір у час блакады — сярод нямецкіх засад, — каб не вынішчылі атрад, быццам бы гатоў быў ахвяраваць дзіцём, якое ўсё крычала на руках у маці. Пераказалі мне — з абурэннем! Але i запытальна: як я тут выкручуся з маёй «універсальнай навукай псіхалогіяй»? Паводле ix пераканання, пасля такога выпадку атрад абавязкова распаўся б: людзі, скампраметаваўшы, страціўшы самую мэту барацьбы, узненавідзелі б адзін аднаго i саміх сябе, уласнае жыццё, купленае такой цаной. Абураючыся разам з імі самой магчымасцю падобнага выпадку, я ўсё-такі не згадзіўся, што скончылася б менавіта так. Напомніў пра «абарончы» механізм псіхікі, без якога вайна наогул немагчымая, невыносная была б для чалавека…