За хатай перавялі дух. Пазіраючы адзін на аднаго бліскучымі вачамі, засмяяліся: такая ўдача! Там жа склад трафейнай чырвонаармейскай зброі!..
Увечары ў суседняй са школаю хаце хлопцы наладзілі вечарынку. Разлічвалі, што і немцы прыдуць туды. Іграў, заліваўся пераборамі гармонік, заліхвацка кружыліся ў польцы пары. У дзвярах застыў з вінтоўкаю на плячы немец. Яму надакучыла стаяць у замяць на пасту каля школы, і ён завітаў на хвіліну паглядзець, як весяляцца рускія, радуючыся, што пазбавіліся ад бальшавіцкага прыгнёту. Бойкія гарэзлівыя дзяўчаты блазнавалі:
— Кідай, Фрыц, вінтоўку, патанцуй, патрасі сваімі зялёна-жабінымі трантамі!
Не разумеючы іх слоў, але бачачы на тварах усмешкі, немец таксама ўсміхаўся і толькі бязглузда паўтараў:
— Я, я...
Тым часам Міхась, Антон і Хведзя выцягвалі з хлява вінтоўкі, гранаты, скрыні з патронамі...
За восень і зіму падпольшчыкі добра разжыліся на зброю. Антон ганарыўся: арсенал! Ён любіў устаўляць у сваю мову слоўцы з вайсковага лексікону — ведайце, маўляў, я ж вайскоўцам быў!
Вясна ішла цёплая, сонечная. Прырода ажывала дружна. Людзі завіхаліся ў гарадах, у садах, у полі з надзеяй: можа лета будзе шчаслівым, Чырвоная Армія турне фашыстаў?.. Людзі праглі ведаць, што адбывалася на франтах.
Недзе на пачатку мая суседка Міхася Марыя Ануфрыеўна Зямлянская асцярожна намякнула яму, што можна было б паслухаць радыё — дык жа электраправодкі ў хату няма, а прыёмнік сеткавы. Міхась падзяліўся навіной з Антонам. Яны пабедавалі, што незнаёмы з электратэхнікай, паламалі галовы, каго б папрасіць, і Антон раптам тузануў Міхася за руку:
— А што, калі Ціта Мінянкова?
— Паслугача таго нямецкага? — Міхась сказаў так, быццам і згаджаўся, і не згаджаўся.
— Паслухай, я забыўся табе сказаць, што было ўчора. Іду я са склада дадому, Мінянкоў пабачыў мяне за пуцямі, усё роўна як чакаў, перастрэў і кажа: «Нешта я, хлопец, не бачу, каб ты дротам тым штаны падпяразваў. Ай знасіў ужо яго?» — «Якая каму справа, знасіў не знасіў», — агрызнуўся я. — «А такая, што яго трэба ў дзела пускаць». — «Каго яго, дрот?» — прытварыўся я прастачком. — «Ага, кажа, дрот, што завецца бікфордавым шнурам. Толькі глядзіце, каб вы самадумам па маладосці глупства якое не зрабілі, ухабакі». Чуў? Я яму: «Што ты кажаш, дзядзька, якое глупства?» «Тое, што чуеш, пляменнік. — Потым зусім іншым голасам, гучна: — Дык скажы бацьку, прывязуць вам дровы з Лясані, хай дарога крыху падсохне. Толькі, як дамовіліся, — за боты». Павярнуўся і паджгаў. Чуў? А пра дровы і боты — дык ён, мусіць, для якога старонняга вуха.
Міхась пачухаў патыліцу:
— Загадка...
Антон пазіраў на сярпок маладзіка ў небе. Раптам крутнуўся ад акна:
— А ведаеш — давай яго купім салам. «На табе за работу». Там і клопату таго столькі: лінія ж ёсць па вуліцы!
— Сказаў — салам. Дзе ты яго возьмеш — таго сала?
Антон на хвіліну сумеўся і тут жа знайшоўся:
— Маці ў цёткі Анюты пазыча.
Міхась дакорліва пахітаў галавой:
— Хлапчук ты яшчэ, Антон, — пазыча... А ў цёткі Анюты, думаеш, яно ёсць?
— Я не хлапчук, я на фронце быў! — узгарэўся Антон. — А ты?.. Хто з вас у войску служыў? — Антон адыходлівы быў, успыхнуў і ачах. — Як зброю з-пад носа ў фрыцаў цягаць — дык не хлапчук...
— Ну не сярдуй, я не хацеў цябе пакрыўдзіць. — Міхась патармасіў Антона за рукаў. — Не сярдуй.
У рэшце рэшт хлопцы парашылі звярнуцца да Мінянкова. I на варыянце з салам пагадзіліся. Паабяцаюць яму, а там як-небудзь збяруцца і на базары купяць.
За акном затрапятала на бярозцы маладое лісце. Антон хвіліну пазіраў, на дрэва, вусны яго зашапталі:
— В роще по березкам белый перезвон...
— Ты што? — здзівіўся Міхась.
А яму, Антону, у тую хвіліну пабачылася: на доле ляжала Волька-кучараўка, з-пад крэмавай блузкі яе па зямлі расплывалася кроў.
— Нічога, так... — Ен страсянуў галавою, быццам штосьці адганяючы ад сябе. — Нічога... А сала мы яму знойдзем.
Яны падпільнавалі Мінянкова, калі ён пасля работы накіроўваўся ў сваю Лясань.
— Дзядзька, дровы трэба! Дык прывязеш за чаботы, а? — зычна гукнуў да яго Антон і сам здзівіўся: як гэта ён так — з ходу?