— Гэта гавораць так пра мужных, адважных маракоў, — растлумачыў Мінянкоў. Касцістыя моцныя пальцы ўзялі Антона за локаць. — А марак будзе з цябе, хлопец, будзе.
Вечарэла, калі яны разыходзіліся. Антон крочыў цяністай вуліцай, што патанала ў прысадах, думаў: «Давайце міны, таварышы партызаны, давайце!..» У тыя хвіліны ён адчуваў глыбокую павагу да дзядзькі Ціта. Толькі недзе ў глыбіні душы не мог яму дараваць, чаму ён так сказаў: «Немцы тонкі народ, і нам таму-сяму не шкодзіла б у іх павучыцца».
Насупраць Наташынай хаты Антон міжвольна запаволіў крок, пазіраў на вокны. Яму здавалася, што зараз у адным з іх пакажацца яна, русакосая, з зеленаватымі іскрыстымі вачамі каралева. Было ж так не раз. Наташа, дзяўчо з паралельнага класа...
А чаму каралева?.. Антон папытаў сам у сябе, але так, для прыліку. Ён ведаў — чаму.
Яны са старшым лейтэнантам Панкраценкам такім вось цёплым надвячоркам адпачывалі пад іхняй сасной.
— Антошка, у цябе ёсць каханая дзяўчына? — старшы лейтэнант спытаў і бліжэй падсунуўся да яго.
— Ёсць, — даверліва і неяк падахвотліва адказаў ён.
— Прыгожая?
— Прыгажэй за ўсіх у нашай школе.
— Каралева?
Антон чамусьці ўзрадаваўся.
— Ага, каралева.
— Дык вось што, хлопец, запомні: каб любіць каралеву, трэба быць каралём.
— А ў вас, таварыш старшы лейтэнант, ёсць каралева?
Ад гэтага пытання, падалося Антону, Панкраценка злёгку здрыгануўся. Ён нічога не адказаў. Моўчкі ўстаў і пайшоў. Ступіўшы колькі крокаў, павярнуўся:
— Запомні: трэба быць каралём.
Успамін гэты шырокай зарніцаю прамільгнуў у галаве Антона. Ён усё пазіраў на Наташыны вокны, хаця і ведаў, што яна не з'явіцца там. Бацька яе, паравозны машыніст, павёў на ўсход свой паравоз і забраў з сабой сям'ю. У садзе каля хаты добра ўжо завязаліся яблыкі і грушы, у гародзе за плотам самасейкай буяў кроп, і гаркавата-церпкі пах яго казытаў ноздры. Антон адарваў позірк ад вокнаў і ступіў шырэй. Толькі падумаў: «Наташа, мусіць, недзе восьмы клас ужо скончыла».
Ляцелі дні. На чыгунцы грымелі выбухі. Ад мін падпольшчыкаў рваліся топкі паравозаў, ад партызанскіх — куляліся пад адхон цягнікі.
6
Ціха, у бязветранай нерухомасці стаяў стары бор. Драмаў, ці, можа, стоена думаў якую сваю адвечную лясную думу? Недзе ў гушчары спрасоння трывожна ўскрыкнула якаясьці чуйная птушка, і зноў — нямая цішыня. Антон слухаў яе, прагнучы здаля наколькі даступна вуху, улавіць гукі цягніка. Узыходзіў месяц, чырванавата-аранжавы, вялізны. А гэта што?.. 3 неба, падалося, даляцеў ледзь чутны меладычны сярэбраны звон. Зоркі звіняць?.. Незлічоны россып зорак! Так ярка і чыста яны мігацяць!.. Цікава, а камандзір чуе іх звон?.. Павольна павярнуўшы галаву, Антон скасіў позірк на Верамейчыка.
Камандзір дыверсійнай групы Аляксандр Верамейчык ляжаў пад маладой хвойкай у двух-трох метрах ад яго. Выцягнуўся на жываце ва ўвесь свой доўгі рост, падпёр падбародак далонямі. От скажа зараз: «Не круці галавой, арыенцір згубіш».
Дрэва, якое яны выбралі за арыенцір, ледзь вытыркалася вяршалінай над астатнімі. Большых наўкола не было, і таму яны выбралі яго. Арыенцір няўдачны, канешне, але хай сабе, ён, Антон, не схібіць, не першы раз. Вока ў яго пільнае...
Што так яно, то так: не першы. Адразу, як толькі залічылі яго ў партызанскі атрад, ён стаў прасіцца ў дыверсійную групу. Спачатку ўсё было — у пустыя галасы: малы, у гаспадарчы ўзвод... Аднак за яго закінуў слова Ціт Мінянкоў: малы ды ўдалы — у корпусе Пятроўскага з фашыстамі ваяваў. Зноў жа, паравозы толавымі шашкамі выводзіў са строю, разварочаў два рухавікі на эстакадзе, якая абслугоўвала вугалем паравозы.
Група Міхася Елісеева рвалася ў партызанскі атрад. як толькі хлопцы пераканаліся, што Ціт Мінянкоў мае сувязь з партызанамі. Але ён казаў ім:
— Хлопцы, зразумейце, цяпер вы тут патрэбны больш, чым у партызанах. Зразумейце, хлопцы...
I вось настаў час, калі Ціт Пятровіч вымушаны быў сказаць:
— Усё, хлопцы, больш затрымліваць вас я не маю права. Вы сумленна рабілі тут нашу справу, цяпер — у лес. Я пакажу, куды.
Гэта адбылося тады, калі ўжо заставацца ў Жлобіне групе аніяк нельга было. Узрывы паравозаў выводзілі немцаў з сябе, і яны апантана шукалі, хто ім шкодзіць. За Міхасём, Антонам, Іванам Пякурыным сталі пільна сачыць, учынялі правакацыі, якія б выкрылі іх.
Была вясна сорак трэцяга.
На адыходзіны Іван Пякурын, які працаваў у дэпо прабівальшчыкам дымагарных труб, заклаў у тры паравозы паміж дымагарнымі трубамі міны ад батальённага мінамёта. Іх прынёс яму Хведзя Канстанцінаў (так называлі яго хлопцы — Канстанцінаў, бо было два Елісеевых Хведзі — Мікітаў яшчэ). Два паравозы ўзарваліся, а ў трэцім немцы знайшлі міну. Івана схапілі і расстралялі. Да сценкі паставілі і бацьку яго.