Расстрэл Пякурыных глыбока ўзрушыў Антона. Твар яго адразу быццам пастарэў, зыркі блакіт вачэй пацямнеў, усё роўна як на іх набегла хмара.
Месяцы за тры да гэтай трагічнай падзеі Іван уратаваў Антона ад смерці. Тым днём Антону нешта занемаглося, ламала ў патыліцы. Церусіла імжа. Спорна, як з сіта. Ён, увабраўшы галаву ў плечы, ішоў пасля работы дадому. За цёмна-шэрай, задымленай камяніцай дэпо павярнуўся у свой бок, ступіў, каб перайсці пуць, і раптам хтосьці з сілаю тузануў яго назад. У той момант міма праляскатаў па стрэлцы маняўровы паравоз. Калі Антон азірнуўся, першае, што пабачыў, — былі расшыраныя, вялізныя вочы. Іван пазіраў на яго, нібы той бог з іконы, што вісела ў іх на покуце.
Ніхто з хлопцаў душою не мог прыняць смерць Івана. Усе яго, жураўля (такую насіў ён мянушку за свой цыбаты рост) любілі за смеласць і шчырасць. Да яго цягнуліся равеснікі, і ён заўсёды плаціў ім таварыскай дабрынёй і ласкаю.
Трагічная звестка навалілася на Антона такім цяжарам, што ён як скамянеў. Нібы забыўся на сябе, на ўсё, што яго акружала. Цяклі горкія хвіліны, а ён не ўспрымаў іх свядомасцю, не ведаў, колькі прайшло часу ў яго душэўным зняменні. Востра адчуў рэчаіснасць, калі ў сэрца раптам хлынула нейкая дзікая лютасць. Ён хрыпата кінуўшы Міхасю: «Ну, я ім, гадам, пакажу!», сігануў з-пад ясакара, дзе яны стаялі. Пабег дадому. Узяў лом, кінуўся на вугальную эстакаду. Шэрыя рыхлыя хмары зацягнулі неба, ліў дождж. А яму не было дажджу. Ён з яраснай зацятасцю біў ломам рухавік эстакады. Біў і прыгаворваў: «За Івана, за старэйшага лейтэнанта, за Сілівона, за Вольку-кучараўку!..» Разбіў адзін, узяўся за другі.
Праз гадзіну ён, злосны, мокры і стомлены, шыбаваў па дарозе на Лясань.
Назаўтра ў атрадзе імя матроса Жалязняка ён сустрэў Міхася і астатніх падполыпчыкаў. Іх прывёў Ціт Мінянкоў. Нагрузіўшыся, хто колькі здужаў, хлопцы па кладках цераз рэчку Дабысна перанеслі ўвесь свой арсенал і ў Лясані пагрузілі на партызанскія падводы.
Усё гэта нібы празвінела ў той стоенай цішыні лесу, якую слухаў Антон у чаканні цягніка. На адзін момант, усяго на адзін, ён адчуў, што падступала здрадлівая дрымота, якой у гэткім становішчы ён апасаўся больш за ўсё. Страсянуў галавой, пацёр пальцамі вочы. Напружыў слых, і вуха раптам улавіла далёкае, ледзь чутнае пыхканне паравоза. «Давай, давай, галубчык, паспяшай, — абрадаваўся ён. — Зачакаліся мы цябе».
Свяціла высокая яркая поўня.
— Не забыўся? Платформы прапускай, — ціха азваўся Верамейчык.
— Памятаю. — Антон пазіраў на куцую вершаліну дрэва-арыенціра. Яна злёгку захісталася — падзьмуў ветрык.
Апошнім часам немцы пачалі ставіць паперадзе паравоза дзве-тры платформы, загружаныя пяском. Як засцерагальнік. Калі партызаны паставілі міну з націскным узрывальнікам, яна ўзарвецца пад першымі цяжкімі коламі, і пад адхон не паравоз кульнецца, а платформы паляцяць.
Цягнік набліжаўся, паравоз пыхкаў цяжка. «Доўгі састаў, відаць, цягне, — падумаў Антон. — Нічога, з пад'ёма пабяжыць хутчэй». Ён тужэй заматаў шнур на руцэ.
Вось ужо колы часцей затахкалі па рэйках. I сэрца ў грудзях у Антона затахкала часцей. Зараз, зараз... Усё цела яго напружылася, як спружына.
Тры платформы праскочылі міма дрэва-арыенціра.
— Агонь! — падаў каманду Верамейчык.
Не растаў яшчэ яго голас, як Антон ускочыў, сігануў у гушчарнік, тузануу шнур. Перуновы выбух страсянуў лес. Антон азірнуўся, на момант спыніўся. Паравоз, уздыбіўшыся, як ашалелы конь, валіўся на бок. Ён грымнуўся пад круты адхон, цягнучы за сабой вагоны, што з жудасным жалезным лязгам і трэскам наскоквалі адзін на аднаго.
Міну яны падклалі вялікую, самі зрабілі — выплавілі тол са снарадаў і залілі ў шчыльную драўляную скрынку.
— Малайчына, рука не дрыжыць! — пахваліў Антона Верамейчык, калі яны, адбегшыся, пайшлі ступою.
Доўга потым маўчалі. Аддыхваліся. Ішлі гуськом, на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. На ўсякі выпадак. Першым крочыў Віктар, трэці член групы. Ён добра ведаў мясцовасць і выбіраў дарогу. Верамейчык замыкаў ланцужок.
Антон не ведаў угамону. Пасля дыверсіі група дзень-два адпачне і ў лагеры, і ён пачынае падступацца да Верамейчыка:
— Рыхтуемся, камандзір? Я ў поўнай баявой!
— Адаспіся. Паглядзі на сябе, які ты стаў, — адмахваўся ад яго Верамейчык.
— Які? Міну магу несці хоць дзесяць, хоць дваццаць кіламетраў, — храбрыўся Антон.
А выглядаў ён незайздросна. Касцісты ад худзізны твар яго з парэпанымі губамі і аблупленым носам быў змарнелы, у маларухомых, не па-хлапечы суровых рысах стаілася стома.