Верамейчык і сам быў чалавекам не марудлівага нораву. Група не заседжвалася ў лагеры, ведала адно: адаспаліся — на чыгунку.
Аднак для дыверсій патрэбны былі міны.
Раніца толькі займалася. У вёсцы Галы гарланілі пеўні. Дзве групы партызан накірохваліся за вёску, каб там у лесе выплаўляць тол. Антон здаля пабачыў хлапчука, які з усіх ног нёсся ім насустрач. Задыхаючыся, хлапчук паведаміў, што ў Малевіцкай Рудні паліцаі зганяюць моладзь для адпраўкі ў Германію. Партызаны кінуліся туды. Абышлі вёску і зрабілі засаду.
Бой быў кароткі. Паліцаі не чакалі партызанскай засады. Яны шуганулі ўрассыпную. Адзін быў забіты, адзін паранены. Параненага захапілі ў палон.
Ён стаяў, прыхінуўшыся плячамі да старой бярозы, заціскаў пальцамі левай рукі кісць правай, з якой цякла кроў. Такі ж падлетак, як і Антон, толькі ростам вышэйшы, цыбаты і вузкаплечы. У вачах яго застыў жах. Чарнявая вірлавокая дзяўчына, з тых, каго адбілі партызаны, зняла з галавы шэрую хустку, кінула яму на рукі:
— Перавяжы, нягоднік.
Ён таропка абматаў параненую руку, хусціна густа набрыняла крывёю. Падышоў Антон.
— Даваяваўся, зараза? Вось я цябе зараз!..
Клацнуў затвор. Паліцай спалатнеў, асунуўся на дол. Кашуля, чапляючыся за кару бярозы, задралася на яго спіне і пад парывам раптоўнага ветру надзьмулася пухіром.
— У неба хочаш паляцець — крылле распускаеш? Дык зараз паляціш. — Антон сказаў і — апусціў карабін. У грудзях у яго клекатала злосць на паліцая, але жыло там і штосьці мацнейшае за яе.
Незадоўга да таго, як нямецкая куля скасіла старшага лейтэнанта Панкраценку, яны за вячэрай разгаварыліся.
— Дык табе, Антошка, хочацца ваяваць, а? — спытаў Панкраценка.
— Ага, хочацца.
— Але ж ваяваць — значыць забіваць. Ты гэта разумееш?
— Разумею, таварыш старшы лейтэнант.
— А ці разумееш ты, як цяжка забіваць чалавека?
Антон маўчаў.
— Ведай, Антошка: ты, салдат, калі можаш не страляць — не страляй. На фронце, бывае, ад крыві шалееш. Не шкадуючы ворага, і сябе не шкадуеш. Дык пасцеражыся, Антошка, не забі ў сябе чалавека.
Антон сам не ведаў, як раптам папытаў:
— Вы да вайны настаўнікам былі, таварыш старшы лейтэнант?
— Аграномам.
Над словамі Панкраценкі Антон думаў да поўначы. Ён хацеў адкараскацца ад іх, а яны вярталіся ў яго гарачкавыя разважанні зноў і зноў.
— Скажы дзякуй старшаму лейтэнанту Панкраценку, што я не націснуў на спускавы кручок.
Паліцай узняў галаву, пазіраў на Антона застылымі, як ашклянелымі, вачамі.
— Чаго маўчыш, зараза! Ну! — Антон замахнуўся на яго карабінам.
— Дзякуй...
— Не мне, не мне. Старшаму лейтэнанту Панкраценку — ну!..
— Дзякуй старшаму лейтэнанту Панкраценку,— таропка праказаў паліцай.
Верамейчык, які моўчкі назіраў за гэтай сцэнай, спытаў:
— Усё, Антон?
Хлопец не адступаўся ад паліцая.
— Запомні, калі не кінеш сваю сабачую службу, наступны раз я ўсё роўна прыкончу цябе. У баі.— Ён ускінуў на плячо карабін і пайшоў, цвёрда ступаючы сваімі велікаватымі, на выраст, чаравікамі.
Увечары ў лагер Антон вярнуўся ў прыўзнятым настроі. I запалоненую моладзь вызвалілі, і добрую міну адлілі, і — не націснуў без патрэбы на спускавы кручок...
Сонца садзілася за лес. Ён распрануўся да пояса, фыркаючы ад асалоды, доўга пырскаў на твар, шыю, грудзі халаднаватыя струмені. Потым, гледзячыся ў маленькае круглае люстэрка, якое заўсёды насіў у кішэні, прычасаў намочаныя непаслухмяныя валасы і пайшоў да стала. За вячэрай перакідваўся з хлопцамі вясёлымі дасціпнымі рэплікамі, жартамі і з апетытам уплятаў бульбу тоўчанку, запраўленую скваркамі. Пасля вячэры сеў пад маладой бярозкай, расслаблена заплюшчыў вочы, падставіўшы твар ціхаму ласкаваму ветрыку. Не заўважыў, як лёгкакрылай казачнай птушкай прыляцелі да яго мары. Пра кругасветныя марскія падарожжы, у якія ён будзе плаваць пасля вайны, закончыўшы мараходнае вучылішча; пра дзівосныя краіны з раскошнымі пальмамі і стромкімі кіпарысамі, з незвычайнымі птушкамі папугаямі, якіх можна навучыць гаварыць, і смешнымі малпамі на дрэвах...
Вывеў яго з задумення вокліч Верамейчыка:
— Антон, адбой!
У будане, падклаўшы пад галаву свой пацёрты, з латкамі на рукавах пінжак, ён паваліўся, як падстрэлены, і толькі паспеў падумаць: «Адаспіся, Антон». А неўзабаве пабачыў, як да яго ног пакаціліся дзівосныя бірузовыя хвалі. Ён набраў поўныя грудзі паветра і пакрочыў па вадзе цвёрдай ступою, як па зямлі. Хвалі лагодна плёскаліся аб чаравікі, памалу гайдалі яго, нібы падштурхоўвалі яго: ідзі, ідзі... А здаля хтосьці ступаў насустрач яму сямімільнымі крокамі. Ен прыгледзеўся і пазнаў — хто: марскі воўк!.. Выпрастаўся, падцягнуўся, ударыў страявым. За два крокі хвацка кінуў руку да казырка сваёй марской фуражкі.