Выбрать главу

3 чорнага рупара, які вісеў на сцяне, вылецелі страшныя словы: досвіткам войскі фашысцкай Германіі без аб'яўлення вайны перайшлі граніцу Савецкага Саюза.

— Вайна!.. — прастагнала маці.

Антон шорхаў далоняй, міжвольна прыціскаючы яе, па старонцы, на якой толькі што прачытаў пра гібель браняносца «Ослябя». На момант словы з рупара паляцелі нібы міма яго вушэй. Яму раптам яскрава пабачылася, як стальны гігант кульнуўся на бок. Слізгаючы па палубе, якая стала амаль вертыкальна, матросы пакаціліся ўніз, а разам з імі падалі абломкі дрэва, кускі жалеза, скрынкі, лаўкі. За бартом людзі чапляліся за абломкі, а вакол ад выбухаў снарадаў узнімаліся слупы вады і захліствалі іх. Браняносец перавярнуўся ўверх кілем, стаў тануць... Антон адхапіў ад старонкі далонь, быццам папера напалілася і запякла яму.

Ляцелі, падалі камянямі з рупара цяжкія, суровыя словы. Маці так і стаяла, як застылая, з качаном капусты ў руках. Хлапчук паглядзеў на яе, нібы абмёршую, і адчуў, як яе жах перадаўся яму, халодным вужакай варухнуўся ўсярэдзіне. Аднак гэта ненадоўга. У грудзях быццам штосьці раздалося, напружылася ўпартым рухам якогасьці бунтоўнага пачуцця. Ён усхапіўся з крэсла.

— Куды ты? — дагнаў яго каля дзвярэй трывожны вокліч маці.

— Да Хведзі! Я хутка вярнуся.

Антон шыбаваў да сябра і думаў пра тое, што скажа яму. А сказаць ён мог толькі адно: калі вайна, дык усе павінны ваяваць з фашыстамі. Усе — значыць і яны. Страляць яны ўмеюць, выканалі ж нормы на значок «Варашылаўскі стралок».

Хведзі дома не было, і Антон пакіраваўся ў цэнтр горада. Так, без якой мэты. Прыгадаў, як дзед яго любіў казаць: «Па сялу прайду — можа што знайду». Усміхнуўся: жартаўнік дзед!..

Горад жыў сваім звычайным жыццём. Адчынены былі ўсе магазіны, у ларках гандлявалі марожаным і морсам. Але людзі хадзілі засмучаныя, устрывожаныя. Каля касы клуба «Кастрычнік» тоўпілася чарга — паказвалі кінафільм «Музыкальная история». Спачатку Антон наважыўся быў пайсці ў кіно, ды перадумаў: двойчы ж ужо глядзеў гэты фільм. Купіў марожанага, запіў морсам і рушыў дадому. Ішоў і ў думках напяваў: «Если завтра война, если завтра в поход, если тёмная сила нагрянет, как один человек, весь советский народ за свободную родину встанет». Ён ужо акрыяў ад першага пачуцця страхавітай разгубленасці і чуў у сабе імпэт непадробнага, шчырага юначага патрыятызму.

За абедам ён сказаў маці:

— Чырвоная Армія хутка разаб'е фашыстаў, от пабачыш, мама. — Яму хацелася неяк падбадзёрыць невясёлую, зажураную матулю, якая чамусьці пазірала на яго нейкімі ўмольнымі вачамі.

Паабедаўшы, Антон узяў «Цусіму», вышаў у сад.

Ціха шамацелі старонкі, і неўзабаве ён увесь перанёсся ў свет загадкавай, неўтаймоўна-грознай стыхіі акіяна, у вогненную буру, дзе сярод велізарных бяскрайніх хваляў грукатала, гуло, выла і стагнала, палыхалі пажарамі сталёвыя веліканы.

Падзьмуў вецер. Над галавой зашамацела лісцем разгалістая яблыня. У вецці ўстрывожана заціўкала сінічка. Антон узняў вочы, пашукаў яе позіркам. Знайшоў, пацікаваў за ёю, далёкі думкамі ад усяго, што яго акружала.

— Ціў-ціў, ціў-ціў, — нечакана перадражніў птушку. — Як камар. Ты б — як чайка! — I раптам сябе ў думках: «А як яны, марскія чайкі, крычаць? — Заклаў два пальцы ў рот, прарэзлівы свіст разарваў цішыню саду. — Так, можа?»

Сінічку як ветрам здзьмула, і ён раптам пашкадаваў, што спалохаў яе.

Вячэрняя зара шырока запаліла неба на захадзе крывава-чырвоным водбліскам. Дзень дагараў злавесным відовішчам пажару. Першы дзень страшэннай вайны. Антон згарнуў кніжку, пайшоў у хату, несучы ва ўзрушанай хлапечай душы глухое падсвядомае прадчуванне якойсьці непазбежнай крутой перамены ў яго блізкім лёсе.

3

Радыё перадавала трывожныя звесткі аб падзеях на франтах. Чырвоная Армія вяла цяжкія баі і адступала. Спачатку Антон не верыў, не хацеў гэтаму верыць. Тым часам над Жлобінам пачалі з'яўляцца нямецкія самалёты. 3 цягучым, здушлівым гулам у строгім страі трохвугольнікам ляцелі на ўсход, на Гомель, цяжкія бамбавозы, праносіліся імклівыя, тонкія, як восы, «ястрабкі». Пакутліва назіраючы за самалётамі, Антон з хлапчукоўскай гарачнасцю думаў: «От бы мне зенітны кулямёт! Палёталі б яны ў зямлю носам!..» А сэрца пякло крыўднае недаўменне: як жа так, Чырвоная ж Армія — самая магутная ў свеце!.. На памяць прыходзілі радкі песні: «И от тайги до Британских морей Красная Армия всех сильней».

Недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны перад вечарам, калі ў ясным светла-блакітным небе мірна праплывалі бялюткія лёгкія аблачынкі, як бы падкраўшыся за імі, самалёты з чорнымі крыжамі на крылах над Жлобінам развярнуліся і сыпанулі свой смертаносны груз. Бомбы ляцелі са страшэнным пранізлівым свістам, які рваў штосьці ўсярэдзіне па жывому. Фашысцкія лётчыкі мелі намер разбамбіць дэпо. Самалёты рабілі заход за заходам. На чыгунцы і недалёкіх вуліцах усё трэслася, як у ліхаманцы. У неба ўздымаліся хмары дыму і пылу. Антон выскачыў на вуліцу, каб уцякаць ад бамбёжкі. Пабачыў, паперадзе яго неслася Волька-кучараўка. Перад ёю ўскінуўся лахматы стаўбур зямлі. Яна высока ўзмахнула рукамі і паляцела потырч. Антон таксама ўпаў на жывот, але адразу падхапіўся, падбег да яе. Волька ляжала нерухома, з-пад крэмавай блузкі па ўтоўчанай нагамі зямлі расплывалася кроў. На блузку густа асядаў куродым і пыл. Антонавы рукі сутаргава схапілі Вольку, каб падняць, і ён жахнуўся: гарачая кроў апякла яму далоні.