* * *
Ярак любіў жыць у бабы Ядзі і дзеда Броніка. І страшэнна не любіў вяртацца з мястэчка ў Мінск да бацькоў.
Аднаго разу, калі па яго прыехала маці, Ярак ціхенька ўцёк, залез па драбінах на гарышча, схаваўся і заснуў каля коміна на старых радзюжках. Гукалі хлопца, шукалі, а знайшоўшы, замест таго, каб добра адлупцаваць, яго шкадавалі. У той дзень у Мінск Ярак з маці ехаў начным цягніком. Пазней дзед Бронік любіў згадаць пра Яракавы хованкі за комінам, а як згадваў, нязлосна смяяўся, і Ярак смяяўся разам з дзедам.
Дзед Бронік працаваў шафёрам у пажарнай і часам браў унука з сабою ў гараж. А там дазваляў пасядзець за рулём у чырвонай машыне і надзець жоўтую каску. А што можа быць лепш за пажарную каску?
* * *
Дзед Мароз ідзе праз лясы і балоты, праз горы і палі… Ён ідзе да дзяцей і дарослых, да ўсіх тых, хто чакае яго. Ён нясе падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам, ён нясе радасць тым, хто верыць у яго. Дзед Мароз ідзе, не спыняецца, бо дарога далёкая-далёкая, і яму ніяк нельга спазняцца. Ён павінен прыйсці на Новы год.
* * *
— Можна я да Толіка схаджу? — спытаў Ярак.
— Пагуляй дома, — сказала баба Ядзя.
— А Толік гаворыць, што сапраўднага Дзеда Мароза няма, што гэта дзядзькі пераапранаюцца і бараду з ваты прыклейваюць…
— От, гэты твой Толік, больш за ўсіх ён ведае. Падмануў ён цябе, а ты паверыў.
— Я не паверыў, а ён кажа, што я сам на ёлцы ўбачу.
— Гэта твой Толік ад зайздрасці так гаворыць, бо яго ў пажарную на ёлку не запрасілі.
* * *
Дзеда Мароза чакаюць, і не проста чакаюць, усе рыхтуюцца да сустрэчы. У кватэрах і залах, у палацах і хатах, у парках і на пляцах ставяцца ёлкі. Зоры і шары, лямпачкі і цацкі, маністы кветак і сцяжкі, цукеркі і хлапушкі ўпрыгожваюць тыя ёлкі. На самае пачэснае месца пад ёлкаю ставяць маленькія скульптуры Дзеда Мароза, каб вялікі Дзед Мароз убачыў ёлку і даведаўся, хто яго чакае, і паклаў каля скульптуры падарунак.
* * *
Баба Ядзя і Ярак ішлі пасярэдзіне вуліцы, як ходзяць вечарам па мястэчку.
З чорнага неба церушыўся іскрысты сняжок. За платамі ў прысадах ляжалі на снезе цёплыя квадраты хатняга святла. У вокнах паблісквалі цацкамі прыбраныя ёлкі. Гаспадары напальвалі на ноч грубкі, і над комінамі ўздымаліся пухкія дымныя слупы.
Снег парыпваў пад Яракавымі валёнкамі. Баба прыспешвала ўнука.
Пажарная свяцілася вялікім, ад столі да зямлі, акном. Было відно вялікую ёлку і дзяцей у яркіх касцюмчыках. Адна маленькая дзяўчынка ў блакітнай сукенцы стаяла на высокім зэдліку і, пэўна ж, чытала верш.
На ганку бабу з унукам перапыніў дзед Бронік:
— Не сюды, пойдзем спачатку ў гараж.
— А што такое? — занепакоілася баба Ядзя.
— Мы Дзеда Мароза не знайшлі. Спыталі ўсіх, каго толькі ведалі, усе касцюмы занятыя. Мы тут з мужчынамі пагаварылі і вырашылі, што Дзедам Марозам будзе наш Ярак. Пайдзем у гараж.
У гаражы насупраць брам-дзвярэй стаялі пажарныя машыны. Пры сцяне пабілсквалі металёвыя шафы, у якіх, Ярак ведаў, ляжалі на паліцах пажарныя касцюмы і каскі.
Дзед Бронік адчыніў шафу і дастаў плечыкі, на якіх вісеў маленькі чырвоны, з белай аблямоўкаю кажушок.
— У школе пазычылі. Яны нейкі спектакль ставілі, дзе быў Стары і Новы год. Стары год усё аддаваў Новаму. Вось і засталіся кажух і шапка, — тлумачыў дзед Бронік. — Давай, Ярачак, пераапранайся. Дзеці чакаюць.
* * *
У навагоднюю ноч, калі ўсе людзі засынаюць пасля карнавалаў, Дзед Мароз разносіць падарункі. Ёлак многа, а людзей, што чакаюць падарункі, яшчэ больш. Ён ідзе ад ёлкі да ёлкі, і калі не спаць, то можна пачуць, як стукае па вуліцы ягоны ядлаўцовы кій, як парыпвае снег пад ягонымі валёнкамі.
* * *
Зусім маленькі Дзед Мароз зайшоў у светлы, па-святочнаму прыбраны пакой. Дзеці і дарослыя сцішыліся.
— Гэта я, Дзед Мароз, падарункі вам прынёс, — зусім ціха сказаў ён і пачаў, не зняўшы рукавіц, развязваць вялікі мех.
— Ёлка запаліся, ёлка запаліся, — зашаптаў з кутка жаночы голас.
Маленькі Дзед Мароз пачуў шэпт, пакінуў, так і не развязаўшы, мех з падарункаі, падышоў да ёлкі, узлез на зэдлік і ціха сказаў:
— Святло згасіся, ёлка запаліся.
Святло ў пакоі патухла, і на ёлцы запаліліся рознакаляровыя шарыкі і кветкі.