Выбрать главу

Пасля трыццаці я пачаў перачытваць кнігі, што меў у маленстве. Мяне ўжо менш і менш цікавіць іх змест. Я адшукваю між старонак страчаны час, шукаю зазоры, праз якія можна вярнуцца ў маленства.

На роварах па пяску

Ярак і Антон ляжалі ў вялікім дзедавым ложку і перашэптваліся. Раніцай хлопцы збіраліся паехаць у грыбы, таму і ўгаварылі Антонаву бабулю пакласці іх разам. Ярак ляжаў каля сцяны пад жоўта-сінім дываном, на якім алені, два вялікіх, адзін малы, прыслухоўваліся да шапацення сіне-зялёнага намаляванага сасонніку, да плёскату бела-белай крыніцы. Іх круглыя чорныя вочы неміргаючы глядзелі на прыадчыненыя дзверы ў суседні пакой. Адтуль ціха плыла гутарка спартыўнага каментатара з чэмпіёнам. Стары, хрыплаваты рэптадуктар, які знарок не выключылі, перадаваў спартыўныя навіны. Хлопцы перасталі гаварыць, пажадаўшы адзін-аднаму добрай ночы, і заснулі. Рэпрадуктар на хвіліну змоўк, а потым пачалася музычная перадача “Для тых, хто не спіць”.