Выбрать главу

За акном толькі зашарэла адна з апошніх жнівеньскіх раніц, калі афіцыйна-бадзёры голас дыктара павіншаваў слухачоў з новым днём. Антон як старэйшы першым устаў, выключыў рэпрадуктар і запаліў святло. У пакоі стала жоўта, а акно засінела. Не снедаючы, а толькі выпіўшы па кубку кісла-салодкага “грыба”, хлопцы пабралі кашы з прыгатаванымі з вечара сабойкамі і пайшлі ў гумно па ровары. На дварэ было халаднавата, суцішна, чулася блізкая восень. Шэра-зялёны сад яшчэ спаў за нізкім плотам, праз які звешваліся ў двор галіны парэчак. Ярак з’еў некалькі рубінавых пацерак-ягад, якія ўжо аддавалі віном. Буйныя гэтай парою бурачковыя і лімонныя вяргіні гарэлі ў садзе. Над імі свіціліся ў цёмнай зеляніне мядова-залатыя антонаўкі.

Антон адчыніў гумно, і адтуль выскачыў чорна-руды суседскі кот.

- А, каб цябе… Напалохаў! – прамармытаў сабе пад нос Антон. У яго быў велікаваты для трынаццацігадовага падлетка тонкі нос над “заечай” губою. Праз гэтую губу хлопцы цвялілі – называлі Зайцам. Ён саромеўся сваіх носа і губы і чакаў, не мог дачакацца, калі пачнуць расці вусы. А калі нехта пытаў пра губу, Антон, гледзячы ўбок, гаварыў, што выпадкова рассек яе сякераю. Рабы Ярак меў мянушку Мурза і быў на два гады маладзейшы за стрыечнага брата Антона. Хлопцы жылі па суседству, праз гарод, і ніякая сякера не секла Антонаву губу. Але сяброўства ёсць сяброўства, сякера дык сякера…

У Антона быў бліскучы новенькі чорна-лакавы дарожны ровар. У Ярака рыпела лайба-дамка з тоўстымі чырвонымі шынамі. Пад коламі суха шыпеў дарожны пясок.

Антон ужо другі месяц працаваў рознарабочым на льнозаводзе. Сягоння быў апошні дзень ягонай працы і дзень палучкі. Учора хлопцы хадзілі да брыгадзіра і прасілі, каб адпусціў Антона да абеду, а пасля абеду, маўляў, удвух адпрацуюць. Брыгадзір пасмяяўся з іх вельмі сур’ёзных твараў, але дазволіў раніцай не прыходзіць. З першай палучкі Антон прыдбаў у раймагу ровар. Ён як дарослы доўга выбіраў яго і з упэўненым выглядам разлічыўся ў касе. Потым праз усё мястэчка каціў знарок толькі крышку напампаваны ровар, каб аднагодкі зайздросна паглядалі на яго. Дома Антон доўга праціраў анучкаю нікеляваныя шчыткі і змываў з колаў пясок. Ярак трымаў руль за каштанавыя ручкі і быў сярод тых местачкоўцаў, якія зайздросцілі Антону. На завод Ярака не ўзялі, у аддзеле кадраў сказалі, што яшчэ малы, каб прыходзіў наступным летам. Так ён і застаўся са сваёй іржавай і пашарпанай лайбай, з якой час ад часу злятае ланцуг.

Дарога была пясчаная, вільготная з ночы, пустая. Антон ехаў паперадзе, бо Ярак павінен быў глядзець за кашамі, якія прыладкаваліся на зіхатлівым металічным багажніку. У Ярака багажніка не было, ён, угнуўшы галаву, ціснуў на педалі і глядзеў на ланцуг. Паціху за мякка-ліловым даляглядам пачало ружавець неба. Цёмна-блакітны лес абступіў дарогу, схаваўшы светла-вохрыстыя далі. Прабегшы лес, дарога зноў выйшла на поле, дзе ляжаў акраец няяркага сонца.

У хлопцаў было сваё грыбное месца – два кар’еры, з якіх даўней бралі жвір на будоўлі. Адзін з іх зарос асіннікам і крывымі нізкімі бярозамі, другі – хвойкамі, а па берагах – кустамі. Антон з Яракам мусілі злезці з ровараў, бо дарога каля хвойніку так пазаплывала пяском і пылам, што руль выкручвала з рук. Мо Ярак на сваёй дамцы і змог бы сяк-так праехаць, але Антон злез, і малодшы паслухмяна саскочыў следам. У хвойніку пахла расою і грыбніцай. Грыбоў было шмат, яны раслі вялікімі сем’ямі па бурштынава-ружовай ігліцы. Хлопцы бралі толькі баравікі, іншых тут і не было. Мо некалькі зеленаватых сыраежак бачылі ў кар’еры, калі выносілі да ровараў кош крэпкіх белых грыбоў.

Па-над далёкім густа-сінім лесам сонца стаяла ўжо высакавата, было гадзін каля дзесяці. Яраку не хацелася цягнуцца ў другі кар’ер па бабкі і падасінавікі. Але, пакуль яны снедалі, Антон угаварыў брата. Схаваўшы за кусты ровар і грыбы, яны пайшлі праз поле па шапаткім іржышчы ў асіннік. Другі кар’ер быў глыбейшы, на дне стаяла цёмная і гнілая вада. Грыбы раслі пад сакавітай папараццю. Трэба было хадзіць ледзь не на кукішках, каб убачыць падасінавіка ці бабку. Антон збіраў у кош, Ярак – у шапку. Знайшоўшы падасінавік, Ярак нагнуўся і ўбачыў, як у траве пругка раскруцілася і ўзняла галаву гадзюка. Хлопчык закрычаў:

- Змяя, змяя, Антак! – І пабег з кар’ера на поле. Ён бег, не чуючы ног, не чуючы ржышча і не бачачы, што шапкі ўжо няма. Калі Ярак дабег да хвойніку і азірнуўся, Антон толькі выходзіў на поле.

Вяртаючыся, Антон зноў ехаў паперадзе і вёз два амаль поўныя кашы грыбоў. Наверсе ляжалі лепшыя баравікі, адзін з іх, калі кола наскочыла на камень, упаў на брудна-жоўты пясок. Ярак, хоць Антон загадаў спыняцца і падбіраць, не спыніўся, а наехаў сваёй тоўстай шынаю на маладзенькі баравічок, паказаўшы клятчастай Антонавай спіне язык. Яму здавалася, што так ён адпомсціў кар’еру, які напалохаў яго змяёю.