За абедам хлопцы даелі хлеб, што застаўся ад сабоек. Калі хлеб пабудзе ў дарозе і вернецца дадому, людзі завуць яго “заечым”. Ярак еў і думаў, чаму хлеб і Антонаву губу аднолькава называюць? Яму здалася вельмі смешнай думка, што ў Антонавым садзе растуць антонаўкі, але ён, паглядзеўшы на старэйшага брата, не засмяяўся, хоць і хацелася. Над сталом пералічваў дасягненні ў сельскай гаспадарцы чырвоны рэпрадуктар з чорным выключальнікам. Антону думалася пра тое, як ён з другой палучкі будзе купляць прыёмнік. Праз адчыненыя ў спальню дзверы на хлопцаў глядзелі са сцяны тры ганарыстыя алені.
Калі браты прыйшлі на завод, брыгадзір даў ім па новай рыдлёўцы з ярка-зялёным дзяржаннем і сказаў, каб ішлі сеяць жвір. Антон працаваў моўчкі і зацята – сеяў, шпурляючы рыдлёўку за рыдлёўкай на ржавае сіта, з якога сыпаліся яму пад ногі каменьчыкі. Ярак вяла насыпаў прасеянае на насілкі. Мужчыны ў светла-шэрых кепках насілі жвір да бетонамяшалкі. Яраку здавалася, што сляпучае сонца стаіць якраз над галавой і знарок пячэ яму ў цемя. Ён памяняўся з Антонам і адразу зразумеў, што дарма, але мяняцца назад было няёмка. Завод амаль пабудавалі, і недзе напачатку верасня адбудзецца адкрыццё. Слізка-блакітныя машыны пачалі ўжо вазіць праз мястэчка цёмна-залатыя прычэпы лёну, губляючы па дарозе снапы. У Антонавым гумне ляжалі ў кутку два такія снапы, на іх і прыходзіў спаць палахлівы суседскі кот. Жанчыны ў камбінезонах падмяталі пляц, і лёгкі цэментовы пыл стаяў над усім заводам. Ярак кашляў ад пылу. Нарэшце бетонамяшалка спынілася і мужчыны пайшлі ў бухгалтэрыю па грошы. Пабег, кінуўшы ў жвір рыдлёўку, і Антон. Ярак занёс рыдлёўкі ў бытоўку, сеў пад новы, толькі што складзены з белай, як цукровай, сілікатнай цэглы плот, ад якога цягнула прахалодаю. Хлопец разглядаў свае зялёныя ад рыдлёўкі далоні і сам не заўважыў, як заснуў. Пабудзіў яго брыгадзір. Ён сказаў:
- Антак цябе не знайшоў. Дахаты пабег. Так што даганяй, брат, даганяй…
Калі Ярак адчыніў дзверы Антонавай хаты, той вячэраў, слухаючы ўключаны на ўсю моц рэпрадуктар. Перадавалі футбол, якраз нехта некаму забіў гол, і звар’яцела-абрадаваны Антон стукаў кулаком па стале. Убачыўшы Ярака, устаў, падышоў да карычнева-лакавай дзедавай шафы, з рыпам адчыніў яе, дастаў з-пад бялізны рубель і працягнуў брату.
У гэты дзень і Антон, і Ярак рана леглі спаць. Кожны спаў у сваёй хаце, і кожны сніў свой сон. Антону прысніўся рубель, Яраку – гадзюка. Суседскі кот ізноў спаў на лёне ў Антонавым гумне. Толькі алені, высока трымаючы чорныя рогі, услухоўваліся ў цемру намаляванага дэкаратыўнага лесу.
09.11.1984
Вада на кафляным квадраце
Помню, было холадна. Мы, я і Глеб, стаялі каля дзвярэй, зачыненых і шкляных. Нам было па дванаццаць гадоў, і другі год мы займаліся плаваннем. Мы прыйшлі на трэніроўку першымі. Дакладней, калі прыйшоў я, Глеб ужо стаяў на прыступках бетоннага ганка. За шклянымі дзвярамі нас чакаў вестыбюль басейна, цёмны і пусты. Глеб заўсёды прыходзіў першы. Ёсць такія людзі, што прыходзяць раней за іншых. Калі прыйшлі мы, вартаўнік яшчэ спаў у гардэробе на раскладушцы. Мы бачылі праз шкляныя дзверы, як ён спіць. Але ні я, ні Глеб не мелі жадання пабудзіць вартаўніка. Быў пачатак зімы, і падаў дробны, як алюмініевае пілавінне, снег. Было чуваць, як сумна гудуць тралебусы і далёка звіняць на прыпынках трамваі. Снег напаўняў мітуснёю конусы ліхтарнага святла. Мы чакалі трэнера на холадзе, пад снегам на прыступках.
- Калі вада не любіць чалавека, ён не стане плыўцом, - прамовіў Глеб.
- Вада не можа любіць, - сказаў я.
- Ёсць людзі, што камяні: і хвіліны на паверхні не пратрымаюцца.
- Ёсць такія.
- Іх не любіць вада.
- Не любіць… – паўтарыў я. У мяне не было жадання спрачацца.
- Яны не плыўцы.
- А можа, яны не захацелі стаць плыўцамі, ці проста не хапіла ўпартасці?!
- Можа, і так, - згадзіўся Глеб.
У мяне моцна змерзлі рукі, калі ў канцы алеі, што вядзе цераз лесапарк да басейна, з’явіўся трэнер. Мы пазналі яго па лыжным балоневым касцюме. Праз металічны бляск снегу трэнер набліжаўся пругкай хадою, якая вылучае з натоўпу спартсмена. Было чуваць, як пад абцасамі рыпіць, што пенапласт, блакітны снег.
- Ён, - сказаў Глеб.
- Так, - пацвердзіў я і пастукаў у тоўстае шкло дзвярэй.
Вільгаццю і тынкоўкай пахла ў распраналцы. Трэніроўка пачыналася ў сем. Кафляны пакой душа прасыхаў за ноч. Тры дні на тыдзень Глеб першы ўключаў люмінесцэнтныя лямпы ў распраналцы і ў душы. Святло плямістымі ўзорамі расплывалася на медыцынска-белых плоскасцях. Глеб ганарыўся тым, што запальвае святло менавіта ён, а не хто іншы. Сухі і праветраны душ і распраналка ад гэтага святла выдавалі вільготнымі і коўзкімі. У распраналцы нас звычайна даганялі астатнія хлопцы з групы.