Сёлета Броні спаўнялася тры гады ў сераду. Была звычайна-непрыкметная працоўная серада з нізкімі хмарамі і моцным ветрам. Бацька завёз Броню да дзеда з бабай, бо які дзень нараджэння, калі цябе адвядуць у прапахлы маннай кашай яслі-сад. Маці дала Яраку грошы і сказала:
- Купіш падарунак.
- А што купіць? – спытаў ён.
- Купі якую-небудзь ляльку ці цацку. Сходзіш у магазін і выбераш.
- Я не ведаю, што купляць.
- Да вечара прыдумаеш.
- А калі не прыдумаю?
- Твая сястра застанецца без падарунка.
- А вы з бацькам што купілі?
- Я купіла ёй сукенку, а бацька такі, як і ты: яшчэ не прыдумаў.
- Добра, я прыдумаю і куплю што-небудзь.
- Купі, купі. Толькі не спазняйся, за стол мы сядзем у сем.
У школе з Яракам нічога не здарылася, яго не выклікалі настаўнікі і кантрольных прац ён не пісаў. А вось пасля заняткаў хлопца спыніла ў школьным двары настаўніца фізкультуры.
- Вось добра, што я цябе сустрэла. А то не ведала, што рабіць. Наша валейбольная каманда сёння выступае на гарадскіх спаборніцтвах. Каманда павінна выступаць, а ігракі раз’ехаліся. Я ледзь-ледзь пяцёх знайшла. Будзеш гуляць шостым, - хутка гаварыла настаўніца.
- Я сёння не магу, - запярэчыў Ярак.
- Як гэта ты не можаш?! Трэба згуляць. Абавязкова трэба. Наша школа і так на перадапошнім месцы…
- У маёй сястры сёння дзень нараджэння.
- А я думала і сапраўды нешта сур’ёзнае, а тут дзень нараджэння!
- Мне яшчэ падарунак трэба купіць, - Ярак пашкадаваў, што не схлусіў.
- Ідзі дадому, пераапраніся і праз паўгадзіны, каб быў у спартзале. Падарунак купіш пасля гульні. Усё. Ідзі, я чакаю.
Гульня не пайшла. Яны прайгралі. Настаўніца фізкультуры не дакарала хлопцаў, і з-за гэтага было яшчэ больш крыўдна. Ярак гуляў, як мог, стараўся, але ў яго не хапала росту, каб добра, па-сапраўднаму “рэзаць” і ставіць надзейны блок. Гульня скончылася а палове сёмай, і Ярак спазняўся на дзень нараджэння.
Ляцеў мокры снег, і асфальт быў фактурны, быццам яго засыпалі тоўчаным шклом. Ярак шпарка ішоў па рассыпаным пад ліхтарамі святлу. Моцны вецер шпурляў у твар цяжкія сняжынкі. Яраку хацелася хутчэй апынуцца за святочным сталом і паглядзець, як Броня здзьмухне тры вострыя агеньчыкі з тонкіх свечак. Хлопец абганяў прахожых. Народу на вуліцах было многа, як і павінна быць у перадсвяточныя вечары. Людзі выходзілі з магазінаў, заходзілі ў кавярні, стаялі ў чарзе па свежую газету, беглі праз вуліцу на зялёнае вока хутказменлівага святлафора, чакалі пад гадзіннікамі, перабіралі зялёнабокія лімоны ў скрынках, каб выбраць самы жоўты… Ярак спяшаўся ў магазін “Цацкі”.
У магазіне чаго толькі не было – і зоркі з тоўстай фольгі, і зайцы з барабанамі, і мядзведзі з піламі, і грыбы з драцянымі вушкамі… Каля прадаўшчыц стаялі стосы кардонак, у якія запакоўваліся набытыя цацкі. Ярак прайшоў у спартыўны аддзел, дзе на паліцах знайшоў мячы. Хлопец выбраў пругкі, ярка-чырвоны, з цёмна-сіняй палоскаю, двухрублёвы, такі, як і хацеў, мяч. А навокал купляліся і купляліся навагоднія цацкі, а прадаўшчыцы складалі і складалі тыя цацкі ў кардонкі, выбівалі і выбівалі чэкі. Гулі касавыя апараты, звінелі капейкі, шапацелі рублі, называўся кошт, лічылася рэшта… Здавалася, увесь горад прыйшоў купляць забаўкі.
Снег ляцеў наўскос і заштрыхоўваў святло ў вокнах. Чым вышэй паверх, тым шчыльней клаліся жывыя штрыхі. Ярак спыніўся пад святлафорам і глядзеў на чырвоную смірную фігурку. Побач стаяла жанчына і трымала за руку хлопчыка, які прыціскаў да сябе вялікую светлую кардонку. Раптам вецер сарваў накрыўку з кардонкі і кінуў яе на дарогу. У кардонцы цьмяна паблісквалі гладкімі бакамі ёлачныя шары.
- Я так і ведала. Казала, давай я панясу. Не! Сам ён панясе! Панёс?! – пачала сварыцца жанчына.
Хлопчык падняў цяпер ужо брудную накрыўку і закрыў кардонку.
- Можа, зараз аддасі? – спытала жанчына.
- Я сам, я добра буду трымаць, - прасіў хлопчык.
- Толькі накрыўку трымай…
Чырвоная смірная фігурка праводзілася ў чарнату, замест яе ўзнікла зялёная і зрабіла адзін крок. Ярак перабег дарогу і раптам пачуў, як упала кардонка. Ні шум аўтаматораў, ні тупат, ні шыпенне шын, ні скрыгат прычэпаў, нішто не перашкодзіла Яраку пачуць удар лёгкай кардонкі аб асфаальт. Хлопец азірнуўся. Пасярод вуліцы ляжала на баку кардонная скрыначка, з яе павыкочваліся і разбіліся шары. Жанчына зноў пачала сварыцца на сына, а той, збянтэжаны, трымаў у руках накрыўку. Міргнуў безудзельны да здарэння святлафор. Жанчына прывяла хлопчыка на тратуар. Вадзіцель тралейбуса паміргаў фарамі. Ён, мусіць, спадзяваўся, што жанчына вернецца і забярэ кардонку, але жанчына толькі махнула вадзіцелю рукою, каб не чакаў, а ехаў. Кола расціснула кардонку і патрушчыла рэшткі шароў. Ярак і жанчына з хлопчыкам селі ў адзін аўтобус.