Выбрать главу

- Мама, давай вернемся, давай купім новыя шары. Ці хаця б адзін шар. Мама, давай купім адзін шар… Маленькі… – прасіў хлопчык.

Ён прасіў, а жанчына казала, што ў яе больш няма грошай і што трэба было добра трымаць кардонную скрыначку.

- Ты сказала “толькі накрыўку трымай”, - запярэчыў хлопчык, і больш ён нічога не казаў і не глядзеў на маці.

Ярак трапляў у падобную сітуацыю. Ён намагаўся ўспомніць, але не мог, - Яраку было зарана ўспамінаць дзяцінства. Ён падумаў, што ўсё, што адбываецца, - некалі прыснілася. А на самай справе яму зусім не прыснілася даўняе здарэнне.

Яракава маці прынесла пад Новы год шары, на якіх былі малюнкі, зробленыя белай, шурпатай, падобнай да цукру лініяй. Самым вялікім быў белы шар. Ярак папрасіў, каб яму далі патрымаць у руках вялікі шар. Маці дазволіла. Ярак асцярожна ўзяў шар, рукі задрыжалі, і шар разбіўся. Хлопчык не ўтрымаў цацку, бо баяўся моцна сціскаць тоненькае шкло і баяўся ўпусціць шар. Пальцы задрыжалі, і цацка, прыгожая і вытанчаная, апынулася на паркеце і разляцелася на шалупінкі, пасярод якіх варожа заблішчэла металічнае вушка.

- Зрабіце яго наадварот…

Дзякуючы гэтаму “наадварот”, Ярак, калі стане Яраславам, успомніць і разбіты вялікі шар, і хлопчыка з кардонкай, але гэта будзе значна пазней, калі надыдзе час успамінаць дзяцінства.

У аўтобусе Яраку цяжка было глядзець на хлопчыка, які трымаў непатрэбную накрыўку. Яму хацелася дапамагчы хлопчыку. Аўтобус прытармазіў на прыпынку. Ярак сунуў грошы ў руку хлопчыка і саскочыў на тратуар. Аўтобус пакаціў па льдзістым асфальце, пад бязлістымі галінамі бульварных ліп і таполяў.

Калі Ярак зайшоў у кватэру, бацькі ўжо апраналі Броню, каб ехаць дамоў. Хлопец хацеў падараваць мяч, але спыніўся. Яму зрабілася крыўдна, бо такі самы, чырвоны з сіняй палоскаю, мяч трымала ў руках Броня. Маці сказала, каб Ярак распранаўся і ішоў вячэраць, а яны паедуць, бо Броню трэба класці спаць. Ярак аддаў мяч бацьку і пайшоў на кухню, дзе на стале зіхацеў толькі што вымыты святочны сервіз. Баба дастала з халадзільніка блюда з кавалкам торта, у які былі ўторкнуты тры свечкі. Ярак адчуў, што прагаладаўся. Ён еў торт.

- Ты ў мяне любімы унук. На Новы год я спяку яшчэ адзін торт. Ты надта ўжо худы, - казала баба.

Ярак еў торт, думаў, што сказаць маці пра грошы і нічога не мог прыдумаць.

10.12.1986

Скрыні

Вечарэла. У пустым двары сядзеў на дашчанай скрыні адзінаццацігадовы Саўка Кныш і еў крамяную моркву. Да яго падышоў старэйшы на год Міцька Суцкі, выцяў нагою па скрыні і сказаў:

- Значыцца, моркву трушчыш?!

- Хочаш? – малодшы працягнуў старэйшаму пакусаную моркву.

- Сам еш абгрызкі. Цэлай няма?

- Адна была. Я ж не ведаў, што і ты захочаш…

- Не ведаў? – Міцькава далонь узнялася над Кнышавай тонкай шыяю, - зараз даведаешся.

Саўка перастаў храбусцець і ўцягнуў галаву ў плечы.

- Баішся, гад?! Як шастаць па чужых гародах, дык смелы, а цяпер ён баіцца, - старэйшы лёгка ўдарыў кулаком па віхрастай патыліцы малодшага.

- Не краў я, з дому прынёс, - запярэчыў пакрыўджаны Кныш.

- Так мы табе і паверылі. Ідзі і мне прынясі, пачысціць і памыць не забудзься, і каб хутка: адна нага – тут, другая – там.

Саўка дажаваў крохкую моркву і паведаміў:

- Морквы больш няма, я апошнюю браў.

- Значыцца, няма… А што ёсць?

- Толькі бульба засталася, больш нічога.

Суцкі глянуў на пунсовыя шыбы, у якіх адбівалася вечаровае сонца і загадаў:

- Прыцягнеш бульбы. Вогнішча будзем класці.

Кныш пабег да дзевяціпавярховіка і знік у пад’ездзе. Міцька шырока ўзмахнуў рукамі, падскочыў і апусціўся дзвюма нагамі на скрыню. Тая з вострым трэскам праламалася. Калі Саўка з бульбаю ў газетным кульку вярнуўся, Суцкі ўжо цалкам даламаў скрыню і чакаў, рукі ў кішэнях, каля раскіданых на зямлі трэсак і дошак.

Вогнішча хлопцы расклалі за гаражамі, каля заводскага паркана.