Выбрать главу

Страхка́са. Каса сацыяльнага страхаваньня. Страхкаса заплаціла толькі шэсьцьдзесят працэнтаў... Пёрка й іншыя.

Струг. Тут: інструмант для апрацоўкі драўніны. Сымон адарваў вочы ад струга, які гладка й лёгка рэзаў мяккую ляшчыну, і зірнуў на ўвайшоўшага. Першыя цаглінкі.

Сувора. Сурова, строга. І потым сувора: -- Пакаж мне свае паперы. Акупанты.

Судзьдзё. Тут: кухонны посуд. Маўра «...» выцерла й параставіла на мейсца судзьдзё... Пёрка й іншыя.

Сызорак. Сьцізорык (польск.). Невялікі складаны кішэнны нож. За сызорак купіў каня, ды такога маладога?! Хмары над Бацькаўшчынай.

Сьвірэпка. Пустазельле. Што будзе тады, як замест збажыны на нівах парасьце сьвірэпка?! На межах.

Сьві́тка. Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Але вецер, здавалася, заходзіў з другога боку, забіраўся пад сьвітку, пад сарочку, як іголкамі, калоў маё цела. Курылка.

Сьціга́ць. Прасьледваць, даганяць. Я, як праўнік, мушу вам сказаць, што вы зрабілі вялікае злачынства, і ён цяпер вас усюды сьцігае... Партыйны таварыш.

Талён. Талон. Паперка, якая дае права набыць пэўную рэч, атрымаць паслугу. Мабыць, прыйшоўся й вам талён на пашыўку паліто альбо гарнітура ў атэлье? Пёрка й іншыя.

Та́мака. Там. У мяне тамака ё шчупак. Хмары над Бацькаўшчынай.

Тапча́н. Пакаёвая шырокая лаўка, звычайна са сьпінкай. Становіцца каленкамі на тапчан і мацае рукою за абразамі -- тут у яго квіткі, уся «канцылярыя». Дзікі вецер.

Таргсі́н (ад руск. торговля с іностранцамі). Назва крамаў, якія існавалі ў СССР у 30-я гг. і гандлявалі на золата і залатую валюту, пераважна з чужаземцамі. Але два срэбныя пярсьцёнкі і два такіх самых крыжыкі, за якія тое-сёе можна было набыць у «Таргсіне», падзялілі паміж сабой. У імя догмы.

Тва́нкі. Тваністы. Берагі гэтае рэчкі вельмі тванкія -- на іх і сапраўды могуць «топнуць коні»... Летапісная Няміза.

Тлу́стасьць. Тлушч. І цяпер я помню яго намазаныя нейкай тлустасьцю бліскучыя чорныя валасы... Курылка.

Тоня. Вадаём, дзе ловяць рыбу закідным невадам. Я аблюбаваў ужо некалькі год таму назад такія віры і ведаў, дзе трэба сесьці, куды й на якой тоні закідаць. Ападкі.

Траха. Трохі. -- Горача сёньня траха! -- прамовіла Марына, пазіраючы на нас зь вясёлай усьмешкай. Хмары над Бацькаўшчынай.

Троп. Тут: дарога. Думаю: у помраку ад «гары» нехта ня можа знайсьці тропу. Вярнуўся чалавек.

Трохполка. Трохпольле. Сыстэма паляводства з падзелам ворнай зямлі на тры палі, якія засяваліся спачатку азімымі, потым -- яравымі, а на трэці год пакідаліся пад папар. Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 года, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Трыгу́біца. Рыбацкая снасьць. На плоце сушыліся: трыгубіца, лыкавыя лапці з анучамі й шэрыя нагавіцы, запэцканыя водарасьцямі. Хмары над Бацькаўшчынай.

Тры́зна. У старажытных славянаў заключная частка пахавальнага абраду з ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама памінальнай вячэрай. У дахрысьціянскай эры на нашай Бацькаўшчыне спраўляліся трызны. Галчыны дзеці.

Трымаць вуха востра. Быць асьцярожным, абачлівым. Падкапаюцца й пад сьцяну, атруцяць і сабаку -- тут трымай вуха востра! Дзікі вецер.

Ту́така. Тут. Схадзіў-бы ты да Сукеніка, усё-ткі ён начальнік тутака, у павеце. У імя догмы.

Ты́лак (польск.). Зад. Але сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім. Мы ім больш, чым яны нам, давалі ў «тылэк». Апошнія цаглінкі.