Выбрать главу

Швайца́р. Тут: швайцарац, жыхар Швайцарыі. От-жа сядзяць там сабе ціха гэтыя швайцары ды свэны?! Акупанты.

Шворан. Мэталічны з плешкаю стрыжань ў перадку калёс. -- А то вось: найлепшая зброя, без аніякага гуку! -- узяў з-пад лавы шворан: -- Дзёбнуць -- і гатова!.. Дзікі вецер.

Шка́па (польск.). Худы, замораны конь. -- Шая, як ты можаш пускацца ў дарогу на такой шкапе? Хмары над Бацькаўшчынай.

Шмат, шмата. Адарваны кавалак тканіны, паперы. Разгарнуўшы шмат, у які быў загорнуты хлеб, асьцярожна, каб адмераць па-роўнаму й не пакрышыць, разрэзаў яго на дзьве часткі. На межах.

Шнур. Тут: вузкая палоска зямлі. На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Хмары над Бацькаўшчынай.

Шпана́. Злачынцы, бадзягі, бяспрытульныя. Калі былі выведзеныя й жанчыны, іх таксама пачалі ставіць па тым-жа прынцыпе: контра -- асобна, шпана -- асобна. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шпі́цаль (польск.). Шпік, даносчык. Сярод іх няма «ворагаў народу» і шпіцаляў. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шу́ла. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка дзьвярэй. Першы немец паставіў у варотах калодку, на якой Мацей кляпаў косы й скіпаў дровы, стаў на яе й прывязаў лейцы да перакладзіны паміж шуламі. Акупанты.

Шурт. Рад, укладка сьпілаванага лесу. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах, і проста калодкамі на зямлі. Партыйны таварыш.

Шыкава́ць (польск.). Тут: рыхтаваць. На ворагаў усё шыкуюцца! «Янка сеяў -- людзі жалі».

Шынге́льсы (англ.). Дранка, драніца, гонта. Тонкія дошчачкі для абіваньня сьцен пад тынкоўку або для крыцьця даху. Бывала, кладу шынгельсы і прыбіваю іх цьвікамі; раптам зьяўляецца цікавая думка, вобраз, пасаж... Да чытача.

Этажэрка. Некалькі разьмешчаных адна над другой паліц на стойках. Потым падышоў да этажэркі і ўзяў сямейны альбом. Пёрка й іншыя.

Яды́нка. Ёд. Пабеглі да настаўніцы па ядынку. Воўчым сьледам.

Які-колечы. Які-небудзь. На целе Скуратка ня было нічога такога, што паказвала-б на сьмерць ад забойства ці іншага якога-колечы гвалту... У імя догмы.

Як рукой здыме. Пройдзе, прападзе. Усю хворасьць як рукой здыме. Пёрка й іншыя.

БІБЛІЯГРАФІЯ

Аб паказальных калгасах. Надрукавана: «Шляхі калектывізацыі», 3, 1929, б. 21-22.

Аб падрыхтоўцы кадраў для паляўнічай гаспадаркі. Надрукавана: «Паляўнічы Беларусі», 10, 1931, б. 12-13.

А воз і зараз там: Аб захаваньні шэрай курапаткі. Надрукавана: «Паляўнічы Беларусі», 10, 1931, б.13-14.

Акупанты. Машынапіс (Архіў БІНіМа). Надрукавана: «Беларуская думка», 16-17, 1973-1974, б. 22-26. Пад назвай Галгофа надрукавана: «Беларус», 12(18), 4 кастрычніка 1952; 13(19), 18 кастрычніка 1952. Подпіс Мартын Люціч.

Апавяданьні паляўнічага. Менск, 1931, 56 б. Зьмест: Аповесьць пра ваўчыцу. На воўчых сьцежках. Сьмелы драч. Чарнавухая кумка.

Ападкі. Машынапіс (Архіў БІНіМа). Надрукавана: «Бацькаўшчына», 31-32(515-516), 14 жніўня 1960, подпіс Марцін Люціч; «Дзесяць апавяданьняў». Нью-Ёрк, 1965, б. 68-76.

Аўтабіяграфія. Машынапіс (Архіў БІНіМа).

Барацьба за шкуркі. Надрукавана: «Паляўнічы Беларусі», 3, 1932, б. 8-9.

Бязбожнікі (Апавяданьне). Надрукавана: «Сакавік», 1(2), 1948, б. 22-23. Подпіс Максім Лагода.

Воўчым сьледам. Надрукавана ў кнізе: «Дзесяць апавяданьняў». Нью-Ёрк, 1965, б. 88-91.

Вярнуўся чалавек. Машынапіс (Архіў БІНіМа). Пад назвай Чалавек вярнуўся... надрукавана: «Баявая Ўскалось», 8, 1969, б. 12-17.

Вясна ў паляўнічай гаспадарцы: За прадукцыйнасьць паляўнічых промыслаў. Надрукавана: «Паляўнічы Беларусі», 2, 1932, б. 13-15.