Выбрать главу

Вучні «Выше-начального училиэа» мелі жалю вартае існаваньне. Жылі ў бруднай і халоднай «бурсе», харчаваліся, галоўным чынам, сухім хлебам і адзінай на дзень цыкорыяй; крупнік варыўся таксама толькі раз на дзень і толькі ў дні школьных заняткаў. Гэта прымушала мяне, нягледзячы на такую далёкую дарогу і супроць волі бацькі, уцякаць дахаты. Можаце сабе ўявіць, як я дабіраўся праз пушчы й пустыя палі, часта ўжо ўпоцемку, да майго Зазер’я. Цяпер часта ўспамінаю, як мяне не загрызьлі ваўкі, якіх у нашай мясцовасьці было шмат.

Навука мая ў «Выше-начальном училиэе» скончылася ў 1914 годзе, калі бацьку забралі на вайну. У шаснаццатым я выехаў у Варонеж, дзе дастаў працу на пошце. Гэта была няўдалая спроба палепшыць становішча сям’і, бо ў Расейскай імпэрыі быў ужо пачаўся хаос і голад. Сябры з Бацькаўшчыны, якіх было шмат у Варонежы, як уцекачоў ад вайны, параілі мне кінуць працу на пошце і ехаць на поўдзень. Другога выйсьця ня было, і я апынуўся, якраз у дні лютаўскай рэвалюцыі, у невялікім гарадку Кадзіеўка, на Кацярынаслаўшчыне. Тут таксама было шмат уцекачоў ад вайны з Бацькаўшчыны -- галоўным чынам інтэлігенцыі. Пры іхнай дапамозе пры мясцовай гімназыі для маладых людзей, страціўшых магчымасьць вучыцца на Бацькаўшчыне, былі арганізаваныя агульнаадукацыйныя курсы. Я знайшоў такую-сякую працу й пачаў наведваць гэтыя курсы. У 1919 годзе скончыў іх.

Пачалася грамадзянская вайна. «Недзялімцы» наступалі з Дону, саветчыкі арганізоўвалі абарону на мясцох, і ў чырвені дзевятнаццатага мяне паклікалі ў войска. Цяжка перадаць усё тое, што мне прыйшлося перажыць; даволі сказаць, што, калі я вярнуўся дахаты па дэмабілізацыі, ні бацька, ні маці не пазналі мяне -- так зьнясілены быў я двума тыфусамі запар.

У 1922 годзе я асеў на сталае жыцьцё ў Менску. Аслаблены тыфусамі, я ня мог дазволіць сабе вялікай нагрузкі, што патрабавалася ўмовамі жыцьця. Не пайшоў я й ні ў якую партыю; паспрабаваў слухаць лекцыі на факультэце грамадскіх навук, але мне яны не падабаліся -- усю іхную мудрасьць я прайшоў у жыцьці на практыцы...

У 1928 паспрабаваў свае сілы ў літаратуры. Выявілася, што яны ў мяне ёсьць, і я ўзяў працу ў рэдакцыях. У 1929 годзе была выдадзена мая першая кніжка, рэдактар -- сьветлай памяці Міхась Чарот. Мела яна добрыя водгукі, і я наважыў заняцца літаратурай.

Новая вайна прынесла нам жудасныя няшчасьці. Я згубіў палавіну сям’і, а пазьней і ўсю.

Літаратурная праца мяне крыху натхняла, але са старасьцю і гэтаму прыйшоў канец. Дажываю жыцьцё самотным, у адзіноце: што лёс пашле?..

Мікола Цэлеш

Хмары над Бацькаўшчынай

Да чытача

Апавяданьні гэтыя радзіліся не адразу: я пісаў іх некалькі год. Зразумела, гэта не азначае, што я сядзеў над імі гадамі, пісаў і пісаў. Я кажу, пісаў некалькі год -- гэта значыць, думаў над імі, не забываў пра іх ні пры якіх абставінах. Бывала, кладу шынгэльсы і прыбіваю іх цьвікамі; раптам зьяўляецца цікавая думка, вобраз, пасаж... Але не пра маю працу над шынгельсамі, а пра апавяданьні. Кладу на момант малаток і хуценька запісваю гэтую думку, вобраз, пасаж... Потым засоўваю гэтую картку ў кішэню, каб не забыць. А што рабіць, калі бракуе часу? У Амэрыцы «time -- money, money -- time».

Едучы дахаты, усё яшчэ думаю пра запісы. Урэшце ў вольную хвіліну распраўляюся зь імі... Памятаю, так зьявіўся вобраз цёткі Магды. І памучыўся-ж я над ім! Фабула дазваляла пісаць аповесьць, але я ведаў, часу для аповесьці бракуе -- чакае малаток, а не пяро...

Але ў другім выпадку, у «Меры гвалту» (у другім выданьні «На межах»), памятаю, зьявіўся Матузок у маіх думках маланкава й з гатовым характарам. «Ганна, сякеру!» Нікога ён не засек, праўда, толькі сам сябе намучыў... Я лічу гэтае апавяданьне, кароценькае да мінімуму, найбольш удалым з маіх усіх, і я хачу сказаць, што характар можна ствараць ня толькі на вялікім матар’яле.

Але вось «Партыйны таварыш» памучыў мяне. Не ўдаваўся. І не адзін шынгэльс быў выкінуты ў сьмецьце, пакуль я дайшоў зь ім да ладу...

Такім чынам, праца для хлеба штодзённага і творчасьць? Мне здаецца, яны спалучаюцца ў найбольш удалы й цікавы спосаб ствараць сапраўды мастацкія, зразумела, кароткія літаратурныя рэчы -- цікавы твор можа быць толькі тады, калі ў ім адбіта жывое жыцьцё...

Цікава паслухаць і нашых пісьменьнікаў і крытыкаў у гэтай справе. Як-жа доўга я працаваў над «Дзесяцьцю апавяданьнямі»![13] Годы, сябры!

Аўтар

Хмары над Бацькаўшчынай

-- На гэты раз паедзем на Палесьсе да Ігната, -- сказаў мой кампаньён. -- Ты ўбачыш, якая там раскоша для паляўнічага і які спэц у гэтай справе сам Ігнат!

вернуться

13

Мікола Цэлеш. Дзесяць апавяданьняў. Выданьне аўтара. Нью-Ёрк, 1965, 95 б.