Выбрать главу

-- А ці ты папярэдзіў яго, што прыедзем?

-- А як-жа? І атрымаў адказ: «Чакаем! Сена мяккае, мурожнае, спаць на ім, як на пярыне. А качкі -- над галавой кракаюць...»

Цяжка сапучы, паравік загамаваў рух і спыніўся на паўстанку. Ігната мы ўбачылі на пустым прывакзальным пляцы. Ён стаяў з пугай у рукох каля сваёй хурманкі, пазіраючы на вагоны. Убачыўшы нас, кінуўся насустрач, каб дапамагчы цягнуць перагружаныя набоямі й харчамі торбы.

-- Ці ёмка было ехаць? -- пытаўся.

-- А нічога! Толькі дужа цесна было!

-- Ну, дык-жа ў добры час! -- зірнуў на Лорда. -- Якраз -- выжла? А дуплякоў і цецярукоў -- няма веры колькі!.. -- асьцярожна паклаў далонь на лысую галаву сабакі. -- Лорд! А што гэта -- Лорд?

-- На ангельскай мове -- то вялікі пан.

-- Гмм... Сабакам гэта не пасуе, але от-жа выдумаюць...

-- Ну, а як там наш Кандрат маецца? -- спытаў кампаньён пра другога мрыйніка, як іх клікалі ў вёсцы.

-- А што яму там?! Пакуль што роўна, як і ўсе мы...

-- Ён меркаваў за скуркі набыць новую стрэльбу, дык ці набыў?

-- Меўся-б набыць, бо скурак гэтых настраляў, колькі й я, але Пекла (так Кандрат клікаў сваю жонку Пёклу) не дазволіла. Трэба, кажа, раней у гаспадарцы спраўнасьць навесьці, а потым ужо пра стрэльбы думаць. Сама аднесла скуркі ў крамку.

-- Відаць, добра вам паводзілася ў гэтую зіму?

-- А нічога сабе: пяць лісаў, зайцоў з паўсотні, тры ваўкі, рысь, дзьве норкі ды некалькі шашкоў.

Кампаньён усьміхаўся.

-- Мог-бы й ты набыць новую фузэю...

-- Дык-жа набыў-бы, каб хацеў! Але не патрабую, бо з гэтае не даю маху, хоць і старэнькая...

Хурманка кацілася па каляістай і няроўнай дарозе.

-- Но, конік! Но, пайшоў! -- падганяў Ігнат. Конік быў невялікі, трыбухаценькі, але цегавіты. І ўсякі раз, калі ён борзда пускаўся наперад, Ігнат паварочваўся тварам да нас і казаў:

-- Нашы літоўскія конікі хоць і маленькія на выгляд, але працавітыя... Нішто сабе конікі!

Прабубнелі па нейкім драўляным мосьціку цераз невялікую рэчку, і дарога пайшла па мяккай вясёлай лугавінцы, што цягнулася ўздоўж зарослай чаратамі і аірам гэтай рэчкі.

-- Праедзем тутака крыху нацянькі, -- растлумачыў Ігнат, пакручваючы пугай над крупам каня.

Там-сям рэчка срэбрам паблісквала з-за густой зелянізны расьлін. Ад подыху ветру чароты ківаліся то ўлева, то ўправа. На заваротах утвараліся затокі, і на аднэй зь іх мы заўважылі чародку цыранкоў. Лорд пацягнуў носам паветра і, скочыўшы з хурманкі, шпарка панёсься да іх. Не дабегшы мэтраў зь дзесяць, раптам спыніўся як укапаны. Качкі паднялі галоўкі й глядзелі на яго. І як толькі ён пасунуўся чутачку да іх, стромка ўзьняліся ўгару й закружылі над алешнікам, выглядаючы небясьпеку.

-- Эх, -- уздыхнуў Ігнат, -- выйгада ім тутака!       Потым, крыху падумаўшы: -- А Кандрат тамака ўжо мрые, чакаючы! Панарыхтаваў набояў! Наплёў лапцяў!

-- Рыбак рыбку пячэ, а паляўнічы лапці пляце, -- прамовіў кампаньён.

-- Яно, можа, і так, але-ж мы з Кандратам і рыбакі й паляўнічыя адначасна.

* * *

Саламяныя стрэхі вёскі Клетні выскачылі з-за алешніку нечакана. Цяпер мы ехалі па вузкай палявой дарожцы. З абодвух бакоў яе беглі ўдалеч шнуры палосак, там-сям ужо ўзаратыя.

-- Папар наш! -- растлумачыў Ігнат.

На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Ад яго моцна пахла хлевам. Конік Ігнатаў раптам павярнуў на гэты шнур.

-- Пазнаў!? -- выклікнуў Ігнат і сьцебануў каня пугай, паварочваючы яго зноў на дарогу.

-- За што-ж ты яго! Належыць узнагародзіць аўсом, а ты пугай яго!?

-- Пасьпеецца з аўсом!

Уехалі ў вёску. Вуліца бегла па скацістым узгорку, паўз рэчкі. Па адным ейным баку, тым, што да рэчкі, будоў ніякіх ня было -- толькі там-сям азяроды, частакол агародзікаў ды яблынькі й дулі... Птыч дугой абгінала вёску й зялёнымі пожнямі глыбака ўразалася ў палі. Берагі ейныя хаваліся ў гушчарох лазьняку й альшэўніку. Насупраць вёскі, паміж іх, сноўдалася бялявая постаць чалавека зь сеткай-таптухай на доўгім кіі.

-- Кандрат ужо абмацвае сваёй снасьцю віры, -- зазначыў Ігнат, паказваючы пугаўём у той бок, -- на вячэру, значыць, будзе юшка...

Ігнатава хата стаяла на высокім мейсцы, каля самай вады, двума вокнамі на паўдня, а двума -- на ўсход. Каля яе ляжаў перакулены човен, а ў падстрэшшу тырчэла два вяслы. На плоце сушыліся: трыгубіца, лыкавыя лапці з анучамі й шэрыя нагавіцы, запэцканыя водарасьцямі; відаць было, што гаспадар яшчэ нядаўна карыстаўся ўсім гэтым... Гаспадарчыя будынкі былі зьбітыя так-сяк з дробнага яловага лесу; толькі хата была збудаваная з добрага сасновага бярвеньня. На двары, каля сьвірна, сохлі ў скіртах пашчапаныя дровы й ляжалі яшчэ не папілаваныя бярозавыя й кляновыя катлякі...