Выбрать главу

Нас спаткала Ігнатава жонка, крыху, можа, маладзейшая за Ігната. Была чарнявая, зь цёмна-васільковымі, нібы крыху засмучонымі, вачмі й вельмі прывабнымі рысамі твару.

-- Ну, Марынка, прымай гасьцей! -- зьвярнуўся да яе ласкава Ігнат, вешаючы на крук шапку.

-- У добры-ж час! Якраз качак гэтых, як гразі! Але заходзьце-ж, заходзьце далей! -- прамовіла, крыху як-бы нарасьпеў, гаспадыня, папраўляючы валасы.

Падлога ў сьвятліцы была вымыта аж да бляску і пацярушана аірам, ад якога ішоў моцны пах валяр’яны. Павесілі торбы на крукі, а стрэльбы паставілі ў кут.

-- Горача сёньня траха, -- прамовіла Марына, пазіраючы на нас зь вясёлай усьмешкай. -- Пайду квасу вам хлебнага й студзёнага папіць прынясу...

Узяла з паліцы вялікі гарлач і выйшла. Хутка вярнулася з квасам. У гэты час за вакном мільганула высокая постаць Кандрата, які ня йшоў, а амаль бег. Рыпнулі дзьверы, і ён паўстаў перад намі. Быў мокры аж да паловы. У руцэ трымаў на лазіне два шчупакі, хунтаў на пяць кожны.

-- А-а, каб на яго ліха, -- адзін выкруціўся усё-ткі з таптухі -- пераскочыў цераз край! Ды якраз і большы...

-- Дык ты вазьмі сабе аднаго! -- скамандаваў Ігнат.

-- У мяне тамака ё... Ну, і тым часам бывайце, у мяне там пільная справа...

-- Пачакай Кандрат! -- паклікаў яго кампаньён.

Зьняў з крука торбу, дастаў зь яе бутэльку з зуброўкай і паляўнічую складаную чарку. Паставіў чарку на найбольшую мерку -- прыблізна з паўкватэркі -- і наліў у яе агністай вадкасьці.

-- На, сагрэйся, Кандрат!

Не маргнуўшы вокам, Кандрат перакуліў яе. Выцер рукавом вусы.

-- Уга, па жылах пацякла! Ну, цяперака дык сапраўды сагрэюся!..

І скочыў за дзьверы.

-- Пэўна, жэрліцы там паставіў нанач, -- зазначыў Ігнат.

Пасьля вячэры выйшлі з хаты й паселі на непапілаваных катлякох, у тым ліку й Марына. Кандрат далучыўся крыху пазьней. Прысутнасьць сярод нас гэтай простай, але прыемнай жанчыны неяк узбуджала й натхняла на шчырую гамонку. Прычынялася да гэтага, пэўна, і палеская ноч, ціхая, парная, таямнічая, -- ноч, калі не хацелася класьціся ў пасьцель, калі ўся істота імкнецца да таварыства, да гутаркі, да мараў...

На Птычы час ад часу плёскаў шчупак, нейдзе ў чаротах гудзеў бугай, выбухалі трывожным крыкам на выгарах спалоханыя лісам ці ваўком крыжны...

Парушыў маўчаньне Ігнат.

-- Скажыце, ці праўда гэта, што наш беларускі ўрад у Менску ўвесь чыста заарыштаваны за тое, што пераводзіў вёскі на пяцідворкі й хутары й што прадаваў сялянам панскую зямлю? І ці праўда таксама, што хутка пачнецца вялікі згон да кагалу? Кажуць, што аб гэтым з Масквы прыйшла пастанова. Вы людзі мястовыя, адукаваныя, дык-жа мусіце ведаць усё...

Вельмі не хацелася псаваць прыемны адпачынак гутаркамі на палітычныя тэмы, і тым ня менш вымушаны былі неяк задаволіць нашых так ветлівых гаспадароў.

-- Пра арышты ёсьць нейкая гаворка, але не ўсяго беларускага ўраду, а толькі некаторых ягоных сяброў, прынамсі наркома земляробства...

-- Завошта-ж яго арыштоўваць, калі ён рабіў дабро для народу! І рэвалюцыя-ж была ўзьнятая для дабра народу!

-- Народу ён дагадзіў добра, але, мабыць, не дагадзіў некаторым вышэйшым за яго...

-- Гэта, значыць, у Маскве?! Дык-жа вось у гэтым і ўвесь цьвік: што Маскве да нас?

-- Рацыя! Але Масква ня толькі на карку нашым, але й на карку іншых, а зрабіць нічога ня можам...

-- Ну, а наконт таго згону ў кагал? -- уставіў Кандрат.

-- Тут яшчэ нічога выразнага няма... Пастанова гаворыць толькі: гаспадаркі вашэцяў зьяднаць у адну гаспадарку... А як яно там укладзецца, яшчэ рана гутарыць...

-- Зьяднаць?! Гэта значыць: ня кіем, дык палкай! -- выклікнулі разам Ігнат з Кандратам. -- Але для чаго гэта мае быць рабіцца?

-- Людзі жывуць няроўна: адзін бедны, другі багаты -- хочуць зрабіць усіх роўнымі...

Ігнат зарагатаў.

-- Кажуць, некалі жыў дуркаваты цар, а мо’ кароль, дык ён дужа хацеў, каб у ягоным царсьцьве -- ці ў каралеўстве -- людзі выглядалі, як па шнуру, роўныя. Дык ён зрабіў ложак па свайму росту і загадаў пераймаць усіх на дарозе й класьці на гэты ложак. Хто быў карацейшы, дык таму выцягвалі ногі, а хто даўжэйшы, дык таму адсякалі... Дык вось і нас цяперака кладуць на гэны ложак...

-- Старажытнае паданьне аб Пракруставым ложку! -- зазначыў мой кампаньён.

-- Старажытнае, але добра паказвае, што цяперака хочуць рабіць із намі...

-- Яшчэ рана казаць, як яно будзе выглядаць.

Кампаньён зірнуў на Ігната.

-- Хачу, каб вы мяне не залічалі ў стопрацэнтнага абаронцу гэтай новай выдумкі, -- прамовіў. -- Я гэтакі-ж прыхільнік яе, як і вы самі, і калі што-небудзь сьцьвярджаю, дык толькі з чужых слоў: «усё гэта робіцца ў імя будучыні...»