Выбрать главу

-- Гэтага дык мы зусім ня можам уцяміць! -- заўважыў Ігнат. -- Як гэта ў імя будучыні? Усё павінна рабіцца і робіцца для людзей, а не для нейкай няведамай будучыні, бо мы ня можам ведаць, якая будзе тая будучыня й чаго людзі, якія будуць тады жыць, захочуць!.. Хай самі яны думаюць пра сваё жыцьцё!

Тут умяшалася Марына.

-- На мой бабскі розум, няма сэнсу ламаць галаву над будучыняй будучых людзей: от, царскія гэнералы думалі зрабіць прыгожую будучыню для сваіх нашчадкаў, пачаўшы астатнюю вайну, а бачыце, што з гэтага выйшла?!

-- Клутні й няшчасьці, кажуць, -- уставіў Кандрат, -- дык вось яны тады й зачнуцца, як згоняць усіх у кагал; а шчасьце й няшчасьце, дык яно ў кожнага на свой лад...

-- Але чаму яны цягнуць нас гвалтам да гэтага шчасьця?! Забыліся, хіба, пра мудрую прыказку нашых дзядоў ды прадзедаў, што шчасьлівым насільна ня станеш! Хай бы сабе йшлі да гэтага кагалу тыя, хто хоча!..

* * *

На сене мы яшчэ доўга гутарылі на гэту тэму.

-- Калі й сюды дайшлі чуткі пра Прышчэпава, дык яго, пэўне, ня толькі скінулі з пасады наркома, але й пасадзілі ў «кутузку...»

-- А мы сядзім от там і нічога ня ведаем...

Памаўчалі. Потым зноў:

-- Выцерабяць нас нанава, як у 1863! Прышчэпава ніяк нельга залічыць у ворагі народу -- ён патрыёта й не абы-які! -- адукаваны, паезьдзіўшы па Эўропе, нагледзіўшыся на сельскую гаспадарку ў Даніі, шмат чаго перадумаўшы... Ягоная зямельная палітыка ў стасунку да нашых умоў вельмі ўдалая -- зірнем на тых, хто прыняў яе. Пачалося зусім іншае жыцьцё!

-- Дык, кажаш, выцерабяць?

-- А ты што, ня бачыш і ня чуеш? «... Адсячы галаву нацдэмаўскай гадзіне...» Заклік: выбіць нашу інтэлігенцыю, пакінуць народ без кіраўнікоў...

-- Спалохаліся росту?

-- Можа быць! А ведаеш, колькі яе было выцераблена ў шэсьцьдзесят трэцім? Толькі пакараных сьмерцю, узятых «пад ногаць», як яны кажуць, гэта значыць, усьцягнутых на шыбеніцы й расстраляных, па афіцыйных зьвестках, цераз суды было каля паўтары сотні. А колькі іх расстраляна й павешана на мейсцы, бяз жадных судоў? Ды загінула ў сасланьні? Сібір была перапоўнена нашымі паўстанцамі, гэтага не адмаўлялі навет гэтакія русафілы, хоць і не расейцы, як Хведар Дастаеўскі... Усіх пакараных было каля пяцідзесяці тысяч, і ўсе яны маладыя людзі: студэнты, гімназыстыя, ахвіцэры... Сунуцца хмары на нашу Бацькаўшчыну!

-- Але гэта ім некалі адрыгнецца, калі яны паспрабуюць гэтак зрабіць, як адрыгнуўся ім шэсьцьдзесят трэці ў дзевяцьсот пятым ды шостым і ў дзевяцьсот сямнаццатым ды васямнаццатым...

Кампаньён цяжка ўздыхнуў.

-- Страшна жыць! Так, страшна!

* * *

Нітку салодкага ранішняга сну перарвала пастухова труба.

-- Ту-ту-ту-ту! Выганяй!

Успомнілася зь дзіцячых год: «Пастух трубіў -- штаны згубіў, дзеўкі йшлі -- штаны знайшлі!»

І ў гэты-ж мамэнт рыпнулі вароты ў стадоле. Ігнат крыкнуў:

-- Пара ўставаць! Качкі ўжо кружаць над галавой.

Мурожнае мяккае сена сьпесьціла за ноч цела, і ўставаць ніяк не хацелася. Прыслухаліся: качкі, праўда, шыбуюць над дахам! Падхапіліся й пачалі спаўзаць зь сена. Марына ўжо падаіла карову й разьвешвала на плоце толькі што выкарыстаную даёнку й цадзілку. Была босая. Аголеныя да калень ногі ружавелі ў промнях ранішняга сонца.

-- Добрай раніцы! -- прывіталіся.

-- А раніца, праўда, добрая, ядраная! -- адказала. -- Зірніце на дыямэнты расы, што рассыпаліся па кусту бэзу!

Кампаньён зірнуў на мяне, быццам-бы пытаючы: «Ну, ці чакаў ты такіх пэрлаў ад простай вясковай бабіны?»

Выцерла хвартухом рукі й з той-жа бадзёрай ветлівасьцю прапанавала:

-- Зайдзіце ў хату выпіць па кубку сырадою.

Праз паўгадзіны выйшлі на сьцежку цераз агарод. Моцна пахлі каноплі. Ішлі ў кірунку да рэчкі, зьбіваючы нагамі расу зь лістоў буракоў і бручкі. У канцы агароду, каля зьдзічэлай дулі, таптаўся Кандрат.

-- Позьненька вы сьпіцё! -- прамовіў, калі падышлі да яго. -- Я думаў, што вы ўжо й да паўдня будзеце спаць.

-- Управімся! -- коратка зазначыў Ігнат. -- Нашы застануцца нашымі, не паляцяць!

Над чаратамі віселі воблакі туману. Там-сям чарнелі сілуэты стагоў. Сена ляжала і ў копах, ад яго пахла размаітымі пархумамі траў. Лорд, які пругка мільгаў перад намі, раптам насьцярожана прыпыніўся. Мы рассыпаліся, ланцужком абхопліваючы выгарыну. Лорд зірнуў на нас разумнымі вачыма і рушыў дробнымі крокамі наперад. Падвёўшы нас да выгарыны, зноў стаў, унікліва пазіраючы на чарот. Ляскаў зубамі й ціхутка папіскваў, час ад часу пазіраючы на нас, ці дазваляем мы яму рушыцца далей. Тонкі хвост ягоны алавіком выпрастаўся й дрыжэў. Я папхнуў каленам сабаку наперад. І ў той-жа мамэнт з-пад самага ягонага носу выпырхнула качка, напаўняючы паветра трывожным крыкам. Нашы стрэльбы па інэрцыі апынуліся на лініі стрэлу, але Ігнат пасьпеў папярэдзіць: