-- Ды вось-жа, ня прыехала па нас хурманка, і цяпер ня ведаем, што рабіць.
-- Цяжка, праўда, -- прамовіла галава. -- Знайсьці цяпер хурманку амаль немагчыма з тае прычыны, што кожны стараецца збыць каня, калі мае яго, бо дужа вялікія й падатак і цягла... -- потым раптам: -- Хаця пачакайце! Можа, яшчэ ўладзіцца: зьвярніцеся вунь у тую хату зь зялёнымі вакяніцамі -- ён балагол і, здаецца, учора прывёў каня. Завуць гэтага балагола Шаем.
Мы падзякавалі галаве.
-- Ну, дык ні пяра ні пуха!
Шая выглядаў на чалавека гадоў пад пяцьдзесят. Меў, відаць, кучу дзяцей, бо ў хаце было ўсё перавернута ўверх дном. Мы запыталіся, ці можа ён даставіць нас да Клетні.
-- Чаму я мушу дастаўляць вас да Клетні, хіба я адзін толькі тут, хто можа даставіць вас да Клетні?
-- Але толькі вы маеце каня?
-- Толькі я маю каня?! Кожны можа мець каня! -- потым, зірнуўшы на нашы стрэльбы й на сабаку. -- Вы стральцы?
-- Вы-ж бачыце?!
Шая задумаўся. Можна было зразумець: падлічвае, колькі можна зарабіць на гэтым падарожжы.
-- Ну, я мог-бы даставіць вас да Клетні, але гэта будзе вам шмат каштаваць...
І заламаў такую цану, за якую Ігнат мог-бы прыехаць па нас два разы.
Доўга таргаваліся, урэшце ён крыху спусьціў, мы набавілі. Цераз хвілін дзесяць конь быў запрэжаны.
-- Ну, то можам ехаць! -- сказаў Шая.
Калі мы ўбачылі ягонага каня, дык у нас адпала ахвота ехаць: адны толькі рэбры ды скура!
-- Шая, як ты можаш пускацца ў дарогу на такой шкапе?
-- На такой шкапе?! Я купіў гэтага каня толькі тыдзень таму часу! І ведаеце, колькі я заплаціў, -- адзін сызорак! Каб я так здароў быў, што гэта праўда! Але чаму вы думаеце, што гэта няважны конь? Вельмі добры конь! Паглядзіце ў зубы: яму толькі пяць год!
-- За сызорак купіў каня, ды такога маладога!
-- Так, за сызорак, каб я так здароў быў! Вы там замкнуліся ў сваіх мурох і нічога ня бачыце й ня ведаеце... Гаспадары цяперака праганяюць з двара сваіх коней. А чаму? Падумайце самі...
Праехалі кілёмэтраў зь пяць, і конь ішоў сапраўды добра, прымаючы пад увагу ягоны выгляд.
-- Нядрэнны конь! -- зазначыў урэшце кампаньён.
Шая выклікнуў:
-- Ну, што я вам казаў? І гэта толькі за адзін сызорак! Але сызорак быў таксама добры: сем рублёў заплаціў у Менску пяць год таму назад...
Шая крыху памаўчаў.
-- Каб я так здароў быў, цяпер можна ўзяць добрага каня за капейку.
-- Так дрэнна?
-- Я не кажу -- дрэнна! Можа, яно будзе й добра? Але цяпер: бяры, гаспадар, на тыдзень хлеба ў торбу і едзь на шашу. А прыехаў з шашы, едзь у лес па дровы й вязі іх да чыгункі за сорак кілёмэтраў. А потым ты мусіш даць два разы на месяц хурманку для начальства... Каб я так здароў быў: селянін гоне свайго каня з двара! Той чалавек, што прадаў мне гэтага каня, кажа:
-- Шая, толькі ты можаш узяць гэтага каня, бо ты балагол, а не гаспадар, табе ня трэба ехаць на шашу і ў лес па дровы. Ты не адбываеш цягла. А мне шкода праганяць з двара такога добрага каня.
Да вечара мы ўсё-ткі дабраліся да Ігната. Нас спаткала Марына, але зусім ня так, як бывала: была быццам-бы засаромленая, глядзела ў падлогу.
-- Што здарылася? -- спыталі.
-- Ат, ды нічога!
-- Вычуваецца нешта нядобрае?
-- У нядобры час прыехалі, -- адказала. -- Ну, але што-ж, пайду паклічу Ігната, ён нейдзе на сяле.
Вярнулася хвілін цераз дзесяць, за ёй ішоў Ігнат.
-- А ўсё-ткі прыехалі? -- зьдзівіўся. -- Гэта ўжо ня мрыйнікі, а цэлыя пакутнікі...
-- Кажыце лепей пра свае справы.
Ігнат адмахнуўся.
-- Няма чаго казаць: кладуць нас на той прахвостаў ложак!
-- Пракрустаў, -- паправіў яго кампаньён, які любіў ува ўсім парадак.
-- Хай сабе на Пракрустаў.
-- Значыць, папісаліся ў калгас?
-- Што!? Ніколі! Калі гібець, дык лепей ужо вольным чалавекам...
Больш гаварыць ня было аб чым, і мы запыталі, ці можна будзе заначаваць.
-- А чаму не? Мейсца на сене хопіць, накасіў для каравёнкі.
-- А дзе-ж ваш конік?
-- Няма коніка! Няма!.. І паляўнічы білет атабралі: ня йдзеш у кагал -- ня можаш і паляваць! Стрэльбу хацелі забраць таксама, але ў час схаваў.
Прадчувалі: паляваньне будзе няўдалае -- занадта разгуляліся нэрвы. Ляжалі на сене доўга моўчкі. Нейдзе каля варот цвыркаў казельчык. У багнах каля Птычы трубіў бугай...
-- От як яно закруцілася! -- з роспаччу прамовіў кампаньён. -- Ніколі ня думаў, што гэтакімі тэмпамі і з гэтакім гвалтам над народам будзе яно рабіцца!
-- Але азірніцеся, хто гэтым закручвае! Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 году, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі...
-- Але-ж партыя!?
-- А партыі гэта на руку, бо зайшлі ў сьляпы завулак, а салодкі пірог улады нікому ня хочацца выпускаць із рук...