Выбрать главу
* * *

Ня ладзілася з паляваньнем...

Змрочныя думкі дужа абцяжарвалі сьведамасьць. Выйшлі на грудок, дзе заўсёды адпачывалі. Селі на сухі мох пад тым-жа разгалістым дубам. Моўчкі пазіралі ў пахмурнае неба. Урэшце кампаньён, якому, відаць, карцела выліць сваю жоўць, заўважыў:

-- Аднаго не магу зразумець: Троцкага зрабілі ворагам і выкінулі за мяжу, а тэорыю ягоную прынялі? Гэта-ж ягоная прапанова: калектывізаваць сельскую гаспадарку! У мэту ўваходзіла атрымаць поўны кантроль над сельскім гаспадаром і выпампаваць ад яго ўсё, ператварыць яго ў пралетара; па сутнасьці, гэта ёсьць прыхаваная хворма заняволеньня сялянства. Ненавідзеў яго Троцкі, баяўся яго, не давяраў, бо меў зь ім шмат клопатаў у часы хатняй вайны на Ўкраіне, на Беларусі, на Тамбоўшчыне і ў Закаўказьзі!..

-- Цёмная гэта справа з Троцкім! Адзін зь іх, хто разумеў вёску, гэта Бухарын: ён стаяў не на абдзіраньні селяніна, а на ягоным узбагачэньні, на падцягваньні бедняка да ўзроўню заможніка й навет урастаньні кулака ў сацыялізм...

-- Бухарын, здаецца, яшчэ не скапітуляваў?

-- Не заносіцца на тое, каб ён выйграў: партыя засьмечана, з аднаго боку, прыхільнікамі Троцкага, а з другога, -- кар’ерыстамі, эгацэнтрыкамі й, вобразна кажучы, проста «плескачамі», якія здольны толькі на адно: пляскаць у далоні кожнаму, хто прамаўляе з трыбуны ЦК, якую-б ён бязглузьдзіцу не гаварыў... Троцкі вельмі добра разумеў, што па дзесяці гадох панаваньня партыі няма каго ўжо больш абдзіраць, -- гэта зусім правідлова! Але і ён не хацеў выпускаць пірог улады із рук...

Пачаўся невялікі, але густы й няпрыемны дождж. Неба стала мутным і студзёным. Нейдзе ў ім ляцелі на паўдня журавы.

-- Пакідаюць ужо бацькаўшчыну нашы ганаровыя птахі! Каб я мог ляцець зь імі!

Потым, падумаўшы:

-- Можна лічыць паляваньне скончаным! І ня толькі на сёньня, але наагул: цераз два-тры гады пасьля калектывізацыі галодныя людзі натоўпам пойдуць да рэчак і вазёраў, на лугі ў лясы і вынішчаць усё жывое, чым можна напхаць страўнік; можна насмараваць нашы стрэльбы й схаваць іх надалей, чакаючы на лепшыя часы...

-- Але ці прыйдуць гэтыя лепшыя часы?

Кампаньён паціснуў плячыма.

Вярнуліся да Ігната падзякаваць за начлег. Ён сядзеў на калодах у двары і ладзіў сваю рыбацкую снасьць.

-- От, як-небудзь будзем перабівацца: рыбкай, грыбком, арэшкамі, ягадкамі -- лес нам заўсёды даваў ратунак у ліхую гадзіну!

-- Не бярыце ўсё гэта так блізка да сэрца! Памятайце нашага прарока Янку Купалу:

Хай-жа вам так не здаецца, Што бяда ужо й зацісьне. Знайце, ліха ператрэцца, І маланкай доля блісьне...

Нью-Ёрк, 1962-1972

У імя догмы

Раскажу я вам, мае сябры, адну гісторыю -- лёс аднае сям’і. Гэтая гісторыя кожнаму із вас, можа быць, нагадае не адну такую-ж гісторыю, у якой, так ці інакш, былі закранутыя вашыя блізкія -- сваякі або сябры.

Жыў у нас на засьценку чалавек. Жыў сабе проста, гаспадаркі вялікай ня меў: шэсьць дзесяцінаў зямлі, добры конь, са тры каровы, авечкі, сьвіньні ды іншае. Адно, што можна пра яго сказаць як пра гаспадара -- быў бязьмерна працавіты, ну, і хлеба не пазычаў, а меў такі-сякі лішак, так што адна дачка ягоная навет і ў гімназыі вучылася.

Раптам (гэта было ў пачатку трыццатых гадоў) заходзіць да яго, і якраз у часе сьняданьня, старшыня сельсавету Хвёдарка Скураток, ведаеце, можа, яго? Да гэтага самага Кастрычніка вясельлі ўсё па вёсках граў, бо на скрыпачцы ўмеў траха пілікаць. А зь ім заходзіць і сакратар партыйнай ячэйкі Янук Бізун, асоба таксама выдатная: картыга, выпівоха, хабарнік; у дзевятнаццатым папоў усё «расстрыгаў». Заходзяць, ні слова ні кажучы, садзяцца. Няёмка неяк Богушу -- так звалі таго гаспадара -- запрасіць-бы да стала, дык страва занадта штодзённая, яшчэ пакрыўдуюць: «Іш чым частаваць наважыў, куляшом нейкім, быццам яечні няма з чаго ўпячы!» Пачаць рыхтаваць што-якое іншае, дык, можа, сьпяшаюцца куды?

Урэшце Богуш пытаецца:

-- У справе якой ці, можа, так сабе наведаць прыйшлі?

-- У справе, а як-жа, будзем хадзіць у гэты час «так сабе», -- а самі сьмяюцца.

-- А ў якой такой справе, калі не сакрэт? -- цікавіцца Богуш.

-- Ты ня прыкідвайся дурной авечкай! -- адказвае больш языкасты Янук. -- Табе павінна быць ужо ўсё ведама...

-- Бог з вамі! Каб мне было што ведама, дык хіба я пытаўся-б? От крыж, што мне нічога такога ня ведама. Пра што вы кажаце?

-- Ты падаткі заплаціў?