Выбрать главу

А трэба сказаць, што Богуш быў у гэтым вельмі рупны. Бывала, з нас хто-небудзь упрэцца, дык і то Богуш будзе казаць: «Як-жа, падаткі плаціць трэба: і на школу, і на дарогі, і на бальніцы, і на паліцыю (ніяк ня мог прызвычаіцца казаць "міліцыю"), бо паліцыя парадак беражэ...» Якое-ж было яго зьдзіўленьне, калі ён пачуў пра падатак!

-- Ці вы жартуеце, ці проста пазьдзеквацца прыйшлі?

-- Зусім не жартуем: апісаць тваю гаспадарку прыйшлі!

Тут Богуш сапраўды разгубіўся. Гаспадыня яму шэпча: «Квіты! Квіты пакажы ім, вунь там за абразамі тырчаць!» А Богуш, як аслупянелы, стаіць сярод хаты. Урэшце пытаецца:

-- А паперы ад вышэйшых уладаў у вас ёсьць на тое апісаньне? -- думаў, пэўна, спалохаць іх гэтым.

Скураток, праўда, дастаў із свайго брызэнтавага партфэлю паперку й пачаў яе чытаць: «Гаспадарка Богуша Макара, якая ў мінулым выкарыстоўвала наймовую працу і як не плаціўшая падаткаў, пастановай сельсавету апісваецца з мэтай абкладаньня індывідуальным...»

Паклаў паперку ў партфэль й сказаў:

-- Зразумеў? А цяперака пастаў тутака свой подпіс, і калі не аплоціш гэты індывідуальны да наступнага панядзелка, дык усё тваё будзе сканфіскавана, а сам ты паедзеш туды, дзе Макар ніколі цялят ня пасьвіў... -- і гучна зарагатаў.

Якое гора ахапіла ўсю Богушаву сям’ю, калі Скураток ізь Януком пакінулі хату. Каб у Богуша былі грошы, дык ён, магчыма, тым ці іншым шляхам пакіраваў-бы гэтую справу ў іншы бок. А то ў кішэні ў чалавека нічога: адно чырвонец нейдзе валяўся, які некалі прыслала дачка Раінка. Прадаць што-колечы, дык дзе-ж патрапіш у гэтакі кароткі час, дый што прадасі на гэтакія вялікія грошы?

Страшэнная ноч была тая для Богушавых. Сынок Юльяш, такі здатны хлапчук, каб нічога ня чуць і ня бачыць, закруціўся ў коўдру, трасецца ды плача. Раптам -- грукат у шыбу. Тут усе й памлелі. А маці стала на калені, склала рукі на грудзях ды моліцца:

-- Ойча, зь неба Божа, ізжалься над намі!..

І тады толькі падышла да вакна. Бразгат паўтарыўся.

-- Каго там Бог нясе?

-- Свае, адчыніце!

Якая радасьць ахапіла ўсіх, пачуўшы голас Зенькі. Юльяш выскачыў з-пад коўдры, пабег адчыняць. З грукатам адсунуў засаўку.

-- Заходзьце, дзядзька Зенька!

Празь сьветлую пляму адчыненых дзьвярэй у хату ўсунулася няскладная постаць Зенькі.

-- Што гэта вы сёньня гэтак рана замкнуліся?

Гаспадыня зараз-жа залемантавала:

-- Зенечка, родненькі, скажы, што на сьвеце чуваць? Усё-ткі ты больш за нас мусіш ведаць! (У Зенькавай хаце за пераборкай была канцылярыя таго сельсавету).

-- Ды нічога добрага! -- пачаў той. -- Адно зьдзекі з народу нашага: былі нацдэмы -- вучняў забіралі ў турмы, а цяперака кулакі -- высылкі ў сібірскую немарач...

Раптам з палацяў пачуўся крык Богуша ды такі страшэнны, вяр’яцкі нейкі, што ўсе ў хаце аж памлелі.

-- Гэта яны... гэта яны... ідуць... ідуць!..

-- Богуш! Богуш, апамятайся! -- паклікала ўстрывожаная гаспадыня.

Богуш прачнуўся, сеў на палацях і, азіраючыся, загаманіў ужо спакайней.

-- О ты, Божа! Сон... ды такі страшны! Ніколі, здаецца, такога страшнага ня сьніў. Здаецца, я адзін у полі. І чорная, чорная хмара завісла пад небам. І здаецца, крукі круцяцца, круцяцца нада мной... Сотні іх! Ага, сотні! А я галодны й зусім зьнясілены, навет кропелькі вады ня было ў роце... І ледзьве дыхаю я. А яны ўсё круцяцца, круцяцца ды ўсё бліжай, бліжай! А ў мяне голыя рукі. І зь кіпцюрамі, усё зь кіпцюрамі да мяне! А вочы іхныя прагныя, крывяжэрныя! Божа ты мой! Я ўсё вочы плюшчу, плюшчу, каб ня дацца ім. Хочу махнуць рукою, рука не паварочваецца, крыкнуць -- язык анямеў, так аслаб, мусіць, я! А яны ўжо і да вачэй дабіраюцца -- выдзяўбці мне вочы хочуць!..

-- Крукі, кажаш? -- пытаецца Богушыха.

-- Ага, крукі! -- адказвае, усё яшчэ пад уплывам сну, гаспадар.

-- Крукі -- то нашы ворагі, -- заключае гаспадыня. -- То яны круцяцца над намі... Хочуць нашае крыві! Сьвятая царыца маці, выратуй нас!

-- Што вырабляюць?! -- раптам заўважае Зенька. -- Надысь дык завязалі дзьверы знадворку ў хаце Міхалкі, каб ня мог даць па галаве -- ведаеце Міхалкаў нораў, -- ды вывелі карову, быццам ён падатак не заплаціў... А ўчора дык у Аўдолі кублы трасьлі, і што там трэсьці ў яе, каб іх трасца трэсла! Бачыце, бедная ўдава адгукнулася пра калгасы нядобра!?

-- Няўжо пра гэта дзе-небудзь вышэй ня ведаюць?

-- Мо’ й ведаюць -- адна хэўра!

-- Зладзюга Янук усім гэтым верхаводзіць. Выгадавала маці сынка на гора людское! Тады, як яшчэ падлеткам быў ды сала ўкраў у Аўдолі, каб выдалі ўладзе, дык мо’ цяпер людзі дзякуй сказалі-б...

-- Здаецца, і да вас сёньня ўраньні заходзілі? -- цікавіцца Зенька.

Богушыха пацьвердзіла, што заходзілі, -- Янук і Хвёдарка.