Выбрать главу

Тады Зенька пачаў апавядаць, як, вярнуўшыся ад Богушавых і паклікаўшы з крамы спажывецкага таварыства Гарэліка -- трэцяга члена бюро ячэйкі, яны пра невашта доўга спрачаліся. Пра што была гутарка, праз пераборку ня ўцяміць, але Янук усё крычаў на Хвёдарку: «Што ты зь імі цацкаешся!? Дырэктыва партыі... Правая палітыка... Ліквідаваць як клясу...» Якая тутака правая палітыка, калі яна зусім ня правая! -- скончыў Зенька. -- Па-мойму, дык яна хвальшывая!

-- Тваёй абароне аддаемся, сьвятая Божая Маці, -- шаптала Богушыха ў кутку каля ложка.

-- І гэтак штовечар: гавораць, гавораць... -- працягвае Зенька. -- І як языкі не забаляць?

-- Дык-жа за гэта грошы маюць! -- устаўляе Богушыха.

-- Пра адно буду прасіць цябе, Зенька, -- умяшаўся ўрэшце Богуш. -- Калі што-якое здарыцца із намі, дык паведамі Раінку, -- усё-ткі настаўніца яна, можа, хоць дзяцей выратуе!

-- А я вам скажу: людзі самі ў пекла лезуць, -- разважае Зенька. -- Гэта, як я ўспамінаю, пачалося ад тае першае пачкі, што папісаліся ў гэты самы хаўрус. Было іх няшмат -- усяго дзевяць чалавек на сельсавет, але імі цяпер казыраюць, хоць і есьці ў іх няма чаго. «Народ, маўляў, прэ-эць у калгасы!» Ну, а хіба захочуць запытацца ў кожнага па добрай волі? Іхная-ж тут карысьць: будуць сядзець на карку агулу ды гарэлку смактаць...

Зенька пайшоў, а тое, што ён сказаў, яшчэ доўга мянтэжыла Богушавых.

-- Я так і ведаў, што ўсё гэта Янук капае на нас, -- заўважыў Богуш. -- Ня дай, Божа, сьвіньні рогі! -- зірнуў праз вакно на вуліцу, дзе нехта прайшоў з цыгаркай. -- Проста ўтварылася хэўра злачынцаў і зьдзекваюцца зь людзей...

-- Схадзіў-бы ты да Сукеніка, усё-ткі ён начальнік тутака, у павеце.

-- Няма цяперака ніякіх паветаў, -- запярэчыў Богуш. -- Раёны ўсюды.

-- Ну, дык у раён. Мо’ яшчэ не забыўся, як і мы ня цураліся яго.

-- Так ісьці няма чаго: трэба ўсё гэта на паперы выкласьці.

-- Можа Юльяш змог-бы?

-- Не пад сілу яму яшчэ! Раіна -- тая магла-б. Але пакуль да яе дабярэшся...

Наважылі: заўтра ўраньні ісьці да Мікітавага сына, вучня сярэдняй школы, ды прасіць, каб ён склаў заяву, а тады ўжо ў тэй раён, можа, яшчэ пасьпеем добра падцерці нос гэтаму зладзюгу Януку! Разважыўшы гэтак, яны навет крыху павесялелі. Але назаўтрае ўраньні па засьценку разьнесьліся чуткі, што на вуліцы, каля былой карчмы, ляжыць няжывы Хвёдарка Скураток. Да Богушавых першай прыбегла із гэтай навінай тая-ж Аўдоля Бабок.

-- А вы тутака сядзіцё й нічога ня бачыце й ня чуеце: гэта-ж Скураток няжывым пад плотам знойдзены!

Богуш спачатку неяк нібы узрадаваўся, а потым падумаў: ото ліха! Яшчэ да мяне прычэпяцца!

Тым часам пайшлі паглядзець: праўда, ляжыць у гразі, рукі раскінуў, быццам лёг адпачыць пасьля цяжкое працы. Нагой упёрся ў плот, і ў кулаку корак ад бутэлькі з гарэлкай трымае.

На целе Скуратка ня было нічога такога, што паказвала-б на сьмерць ад забойства ці іншага якога-колечы гвалту, тым ня менш, прыехаў унезабаве прадстаўнік ДПУ з карагодам міліцыянэраў і з вышуковым сабакам і распачаў вышук. Зэфір абнюхаў Хвёдаркаву куртку, лізнуў ягоны пасінелы твар, якраз каля самага роту, зь якога яшчэ сьмярдзела гарай, брахнуў разы са два ды, адбегшыся крокаў на колькі, падняў нагу на плот.

-- Расьпісаўся! -- заўважыў нехта з натоўпу праз агульны рогат.

Прыехаў на райкомаўскай машыне й Сукенік, а ўнезабаве й пракурор. Прывезьлі із сабой і спэцкора ад цэнтральнай газэты. Спачатку яны цікавіліся толькі справай Скуратка, але хутка пачалі «выкрываць» злосных неплацельшчыкаў падаткаў, кулакоў і іншых парушальнікаў савецкіх парадкаў. А назаўтрае ў газэце зьявілася цэлая бачына, прысьвечаная «барацзьбіту за лепшую будучыню чалавецтва, Хвёдарку Скуратку, загінуўшаму ад рук кулакоў і іхнае агентуры на сваім пасту...»

-- Божа мой, колькі нагаворана! -- заўважыў настаўнік нашае школы. -- Калі ён і быў барацьбітом, дык толькі за бутэльку гары...

Нататка канчалася: «Мы ведаем, хто зрабіў гэтую справу! Мы ведаем і натхніцеляў забойства, тых, хто сунуў зброю ў рукі забойцы! Сьмерць кулакам і іхным агентам -- беларускім нацдэмам

-- Во і зброя ўжо найшлася!

-- А ты думаў як?

-- Акалеў чалавек пад плотам, хапіўшы празь меру...

-- Акалеў ці не акалеў, але цяперака, браце, пільнуйся!

Але Богуш іначай думаў: дзякуй Богу, зоймуцца гэтай бруднай справай, дык мо’ й пра нас забудуць. Толькі ўспамінак пра беларускіх нацдэмаў дужа яго непакоіў: шмат знаёмых дачкі Раіны яшчэ раней пазабіралі як нацдэмаў. Ды яна й сама пісала некалі вершыкі. «Патрэбны ёй гэтыя цыдулькі!? Ня той час, каб песьні пяяць! Дзе ейныя гэтыя сшыткі?» Адчыніў сундучок, дзе яшчэ хаваліся студэнцкія працы Раіны. Пажоўклыя бачыны сшытка, перакладзеныя сухімі галінкамі незабудак, бэзу і іншых кветак, якія нагадвалі-б Раіне не адну вясну ейнага жыцьця, дрыжэлі ў нязграбных рукох усхваляванага хлебароба. «Адны толькі прыкрасьці ад гэтых вершыкаў! Вунь колькі людзей пазабіралі!» Асьцярожна згарнуў сшыткі да купы і нейдзе схаваў, падалей ад вачэй людскіх.