Выбрать главу

Пакуль немагчыма поўнасьцю ацаніць зробленае беларускай эміграцыяй. Яе гісторыя яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. Але ўжо й сёньня можна сказаць, што многія пісьменьнікі-выгнанцы, адарваныя ад роднай зямлі, асуджаныя ўладай і названыя афіцыйнай прапагандай здраднікамі, і ў такой якасьці вядомыя на Радзіме, кожным сваім радком служылі ёй, захоўвалі й перадавалі дзецям і ўнукам нацыянальныя традыцыі, не дазвалялі нікому абражаць і ганьбіць сваю Бацькаўшчыну.

Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (8.1.55)

Занадта дарагая для ўсіх нас Бацькаўшчына, каб дазваляць каму-небудзь тут, на эміграцыі, брахаць на Яе.

Юрка Віцьбіч, Натальля Арсеньнева, Уладзімер Дудзіцкі, Майсей Сяднёў, Алесь Салавей, Міхась Кавыль, Уладзімер Клішэвіч і іншыя захавалі й вярнулі грамадству народнае слова, самабытнае й непаўторнае, адрознае ад той выхалашчанай беларускай літаратурнай мовы, якая ў выніку шматгадовай русіфікацыі стала ўспрымацца як расейскі дыялект. Пісьменьнікі захавалі на чужыне талерантнасьць -- слова, забытае на Бацькаўшчыне. Там ня было падзелу: «першае мейсца», «другі па значэньню створанага, напісанага й па таленту», нельга сказаць, што нехта меў «сваё мейсца», а хтосьці «не пакінуў больш-менш прыкметнага сьледу». Гэта катэгорыі заганнага літаратуразнаўства. Людзі, часам адметныя па мастацкім гусьце, розныя ў палітычных поглядах і ўхілах, рабілі адну справу, плён якой становіцца сёньня здабыткам усёй нацыі. Доўгія дзесяцігодзьдзі, калі нават сама думка пра дзяржаўную незалежнасьць Беларусі была пахавана, толькі ў асяродзьдзі эмігрантаў не спынялася праца на аднаўленьне гістарычнай праўды. Скрупулёзна зьбіраліся дакумэнты, асэнсоўваліся факты, сьведчаньні сучасьнікаў, фармаваліся архівы, публікаваліся навуковыя дасьледваньні, публіцыстычныя й мастацкія творы. Усё гэта было служэньнем далёкай, але такой блізкай Бацькаўшчыне.

Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (11.2.61)

Зь вялікай прыемнасьцю прачытаў у «Бацькаўшчыне» пачатак Вашага апавяданьня -- «Ярылаў агонь». Хоць мы паходзім із розных бакоў нашае Беларусі, але й на маёй Віцебшчыне таксама ёсьць і Гарадцы, і Швэдавы магілкі, і Ярылавы капцы і... Раманкі. Асабліва апошнія, якія з маленства замілаваныя ва ўсё першае. Ня можа існаваць Ярылавых капцоў без Раманкі, як і Раманкі бязь іх...

А таксама прыемна, калі бачыш здаўна знаёмы і адпаведны добраму твору подпіс: Мікола Цэлеш. Хоць і пад псэўдонімам Вы напісалі ладне добрага, але цяпер такім чынам праклалі мост да свайго ранейшага -- знаёмага шырокім чытацкім колам там.

Эмігранты не рабілі кар’еры, не здабывалі славы й грошай, бо літаратурная праца не давала сродкаў для існаваньня. Кожнаму прыходзілася зарабляць на хлеб заняткам, далёкім ад творчасьці. Выратоўвала Ідэя, магчымасьць служэньня краіне, любоў да якой непадуладна аніякай уладзе ці рэжыму.

Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (10.5.55)

Шчыра спачуваю Вам з прычыны Вашае цяжкае фізычнае працы, аб характары якое бяз слоў сьведчыць почырк Вашага ліста ад 7.5.55 г. Усё-ж няхай суцяшэньнем нам станецца тое, што, па-першае, нашая тутэйшая праца ва ўсіх адносінах лепшая за працу на Калыме, да якое мы ўсе завочна прысуджаныя, а па-другое, не нагадваем тых асобаў, якія, каб толькі спажываць з розных больш ці менш сьмярдзючых фондаў, тройчы на дзень адмовяцца і ад Бацькаўшчыны і ад роднага бацькі.

Я астатнім часам працую на фабрыцы паблізу Саут-Рыверу. Праца сталая начная, параўнальна нялёгкая -- каля канвэеру, але чыстая і ў памяшканьні... Удзень адсыпаюся, маючы для гэтага спрыяльныя ўмовы, і застаецца яшчэ 5-6 вольных гадзінаў для творчасьці, ліставаньня й рознага іншага...

Але й данесьці створанае, напісанае да Бацькаўшчыны няпроста: магчымасьці друкавацца былі вельмі абмежаваныя.

Юрка Віцьбіч -- Міколу Цэлешу (22.3.55)

З грашыма на выданьні ў нас небагата, бо бальшыня літаратараў нічым не нагадвае «тараканаў у саладусе», як і не прадаецца тым ці іншым інстытуцыям з грашыма. Напрыклад, я ўжо восем месяцаў як ня маю працы, Кавыль -- адзіны заработашнік на сям’ю, што жыве на дзьвюх кватэрах і г. д. Тым ня менш, і я, і Кавыль ахвяравалі па 5 даляраў.

Пісьменьнікі-эмігранты выкарыстоўвалі й старонкі ангельскіх, рускіх, украінскіх выданьняў, каб ажыцьцявіць, мажліва, сваю галоўную задачу -- стварыць летапіс часу, расказаць пра трагэдыю, сьведкамі якой яны былі. Разам з тым, яны ўзбагацілі беларускую літаратуру нечаканымі тэмамі, новымі вобразамі, іншым мастацкім бачаньнем.