Выбрать главу

-- Пазбаўляецца ўсяе маёмасьці... Падлягае высылцы... Дазваляецца ўзяць із сабой толькі тое, што можна панесьці з сваёй сям’ёй...

Богуш, зьбялелы, цяжка дыхаючы, сядзеў нярухома. Юльяш і Агатка ўголас заплакалі.

-- А дзеткі, а родныя, а нашто-ж я вас парадзіла! -- залемантавала Богушыха.

І тады раптам Богуш зноў ірвануўся да сякеры, але Янук загарадзіў яму дарогу.

-- Куды, шалапут!

Некаторы час Богуш глядзеў на яго налітымі крывёй вачыма. Але пасьля неяк скурчыўся, зьмізарнеў і асеў...

* * *

Зенька ўсё падрыхтаваў. Як толькі зьявіўся Юльяш, яны селі й паехалі... За засьценкам адразу пачынаўся лес. У ім было так ціха й прыгожа! Мяккі сьнег камамі ляжаў на лапніку хвояў і лашчыў позірк. Але на сэрцы дзіцяці быў смутак: мо’ ў гэты час памірае бацька? Мо’ яго забівае Янук? Мо’ над заплаканай маці стаіць з палкай Юзік? Мо’ ўжо і Агатку забіваюць? Хай-бы лепш заставаўся пры іх! Хай-бы ўсіх разам, калі гэтакі наш лёс! Хай бяз лішніх мукаў -- у адну магілу! А Раіна-б паплакала... паплакала... ды нічога... было-б лягчэй, чым бачыць сваімі вачыма... А потым і забылася-б... забылася-б...

-- Та-та! Ма-ма, дзе вы? -- вырвалася раптам у малога скрозь сон.

-- Але-ж трэба паведаміць Раіну, -- сказаў Зенька. -- Ты, можа, хочаш заснуць? Дык загарніся ў кажух ды засьні!

Раіна яшчэ ня спала. Сэрцам чула бяду: хадзіла па пакою, хвалявалася, журбавала. «Як яны там цяперака? У газэтах усё пішуць аб наступе на прыватны сэктар у вёсцы, аб беларускіх нацдэмах, аб апартуністых, левых і правых, аб трацкістых, прышчэпаўцах... Дзе падзеліся тыя героі, што рабілі рэвалюцыю? Толькі адзін ён -- ён нягрэшны, сьвяты, чысты, як дыямэнт; ён усё ведае, усё прадбачвае, а ўсе іншыя, увесь народ -- гэта нішто, авечкі, быдла... Як-жа тады жыць? Як жыць, калі няма пра што думаць, калі ён за ўсіх думае, а ты ня маеш правоў думаць, і для цябе гэта рызыкоўна; табе толькі застаецца ўсё насіць ў сваім сэрцы, пакутваць, хвалявацца, мучыцца за ўсё і за ўсіх, блізкіх і далёкіх, за ўсіх, за ўсіх!.. Божачкі, як гэта ўсё цяжка, здаецца, лепш памерці-б, адысьці, куды ўсе ўрэшце адыходзяць... От толькі іх, іх бясконца шкада... бясконца... Яны клапаціліся, яны думалі даць мне добрую будучыню, рупіліся, дбалі, а цяпер? А цяпер яны для мяне -- стрэмка ў сэрцы! Калі зь імі, ня дай Божа, што-небудзь... лепш заплюшчыць... заплюшчыць вочы назаўсёды... Ён -- упыр! Крывяжэрная пачвара...» Зірнула на ягоны партрэт. «Божачкі, Божачкі, што я кажу? Гэта-ж, гэта-ж, Божа мой!» Падышла да вакна, прыслухалася, хоць добра ведала, што не прамовіла ніводнага гуку, а толькі размаўляла із сваім сэрцам. «Але-ж ці яны кулакі? Божачкі, Божачкі, як страшна стала жыць!..»

За вакном быццам-бы зарыпеў пад нейчымі нагамі сьнег. Устрапянулася ўсім целам, прынатужыла слых, замерла. Але-ж ніхто і нічога пачуць ня мог, бо нічога ня было прамоўлена. А калі возьмуць... Скажаш і тое, чаго ніколі ня было... ня было сказана й ня было зроблена. Адчула холад па ўсёй сьпіне. Намерылася пайсьці ўзяць хустку і прыкрыцца ёю. І ў гэты час пачула нейкі шорах за вакном. Мабыць, вецер. Гэтак часта бывае: шорах ветру за вакном у стрэхах прымеш за рух жывой істоты, калі напружаны нэрвы. Але цяпер ужо выразна пачуліся крокі. Страх зноў скаваў усю істоту, і адначасна нібы радасьць мільганула ў душы, што нехта жывы ёсьць паблізу, што яна не адна і калі што, дык усё-ж такі... усё-ж такі нехта жывы!.. Прыклалася да сьцяны вухам і ў той-жа час пачула голас Юльяша:

-- Раіна, адчыні!

«Юльяш, чаму? -- падумала. -- І чаму так позна? Пэўна, здалося ад напружаньня нэрваў». Але зноў пачулася:

-- Раіна, Раіна, адчыні!

Трызьніцца! Трызьніцца, да чаго дайшла! Хапілася за галаву й пачала церці скроні. Але зноў, ужо гучней:

-- Ты ня сьпіш, Раіна. Праз шчыліны ў вакяніцы відаць сьвятло з твайго пакою. Адчыні, гэта я, Юльяш...

І ён уголас заплакаў. І тады Раіна з усёй сілы кінулася да дзьвярэй, штурханула далоньню засаўку і адчыніла зусім напята дзьверы. Выскачыла на ганак, абхапіла Юльяша за шыю, прыліпла да яго і пачала абсыпаць сястрычнымі пацалункамі.

-- Што здарылася? Што здарылася? -- сьпяшалася хутчэй дазнацца.

-- А нічога, -- няўпэўнена, сьціраючы з вачэй сьлёзы і кідаючы позіркам на Зеньку, казаў Юльяш.

Гэта яе на нейкі мамэнт як-бы супакоіла. Пачала сьцягваць зь Юльяша сьвітку. Меркавала: пэўна, выпадкова, куды-небудзь едучы... Можа, па доктара ці за лекамі якімі, бо там-жа ў іх нічога ня знойдзеш. Павесіла вопратку, потым зноў:

-- Не, вы хлусіце! Скажыце, вы хлусіце? Нешта здарылася? Па доктара едзеце? Ага, маўчыцё! -- і гістэрычна, скрозь сьлёзы, засьмяялася.

Юльяш закрыў далонямі твар і зачмыхаў носам, ня маючы сілы паўстрымацца. Тады загаласіла і Раіна.

-- Я ведаю, нешта здарылася. Цяжкое, надзвычайнае. Мабыць, у сувязі з забойствам Скуратка? (Яна ўжо ведала пра гэта з газэтаў). Божа, што ў вас там робіцца?

Разгублена замітусілася па пакою.

-- Зь якім забойствам? -- адказаў Зенька. -- Хто яго тамака забіваў? Проста акалеў п’янюга пад плотам, перабраўшы меру.

Ён сьпяшаўся расказаць:

-- Увесь вечар утрох: Скураток, Юзік і Янук пілі ў мяне за перагародкай. Пасьля выйшлі ўсе, абняўшыся. Ну, і паваліўся і акалеў на марозе...

-- Божа, Божа, і чаму ў вас гэтакае здарылася? Цяпер вас не пашкадуюць... Прычэпяцца...

-- Ды яно так, абы прычапка...

-- Забралі каго... у вязьніцу?

-- Забралі -- не забралі, проста зганяюць зь мейсца, а куды -- невядома.

-- Ага, высылаюць, значыць!

Зенька маўчаў. Юльяш зноў загаласіў. Раіна прытулілася да яго, пытаючыся:

-- Юльяш, браток, скажы праўду: тату й маму высылаюць?

Юльяш хацеў нешта сказаць, але ня мог, кіўнуў толькі галавой. Раіна зьбялела і абамлелая павалілася на падлогу. Зенька падскочыў да яе, пачаў пляскаць па шчоках. Загадаў Юльяшу зачэрпнуць вады. Пачаў пырскаць ёй на твар. Потым пасадзіў яе на крэсла, падтрымліваючы, каб не павалілася зноў.

-- Глыні крыху вады!

Паднёс да роту крынку і гвалтам уліў ёй глыток вільгаці. Цяжка дыхаючы, Раіна адплюшчыла вочы.

-- Каб колькі кропляў валяр’янкі!

Паказала рукой на столік.

Пасьля кропель адчула сябе лепей.

-- Трымайся, дзяўчына! -- сказаў Зенька. -- Цяпер такі час, што ў кожнага што-небудзь няладна! А ты мусіш выратаваць дзяцей -- безь цябе загінуць! Не маленькая, разумееш! Вазьмі сваё сэрца ў кулак і скажы яму, каб яно маўчала. Людзей цяпер не шкадуюць. Іх валяць, як той лес! Хочаш -- ня хочаш, кладзіся пад сякеру! Газэта табе гэтага ня скажа, але ўсе добра ведаюць гэта. Ці ты чытала што-кольвек пра Матошку? Зь дзевятнаццаці двароў застаўся цэлым толькі адзін: васямнаццаць вылюднены, павысланы, зьнішчаны. І старых і малых -- усіх разам! Трымайся, ты мусіш выратаваць Юльяша і Агатку. Толькі ты адна можаш гэта зрабіць. Той, ад каго гэта залежа, і ў вус не падзьме, як яны будуць замярзаць...

-- Мамачка, татачка, што-ж із вамі будзе?

-- Трымайся, дзяўчо! Апраніся цяплей, мы едзем, бо час не чакае. Не паедзеш-жа так, як стаіш?

-- Маё сэрца чула... Маё сэрца чула... -- стагнала, апранаючыся.

-- Ды, калі праўду казаць, і нам тутака, хто застанецца, ня соладка будзе. У калгас загоняць. Зямлю і ўсё дабро адбяруць. І будуць сядзець на шыі розныя Скураткі, Юзікі ды Сукенікі, як тыя вошы!.. Ім што? Такі ўжо цяпер сьвет пайшоў... Я просты чалавек, газэтаў ня чытаю, але бачу, пакоцяцца гэныя парадкі па ўсяму сьвету...

У дарозе Раіна ўвесь час паўтарала:

-- А ці мама хоць цёпла надзелася? А ці ім дадуць што-небудзь узяць ізь ежы? Ці ім сказалі, куды іх павязуць?

-- Куды? Ясна -- куды, у Сыбэрыю тую -- угноена яна чалавечымі касьцямі за сотню з гакам год!

-- А родненькія мае! А даражэнькія! А ці ўбачу я вас яшчэ калі? А мамачка! А татачка!