Выбрать главу

-- Ежце! Ежце, ліханька! Поўны кубелец сала -- ды якое!? Панюхайце толькі!

Зарагатаў, абціраючы аб валасы рукі.

-- Ото была-б масьленіца для Хвёдаркі, каб быў жыў...

* * *

Усіх выгнанцаў гуртам пагналі да чыгункі для пагрузкі на цягнік. Але вагонаў яшчэ ня было. Начальнік канвою, камандзір войскаў ДПУ, у новенькай, зь іголачкі, хворме, загадаў фурманкам стаць шнурам каля прысадаў станцыі. Некалькі чырвонаармейцаў, таксама з войскаў ДПУ, у цёплых шапках і новенькіх валёнках і кажухох, з аўтаматамі за плячыма, шпацыравалі ўзад і ўперад па шнуру. Для разьвітаньня з выгнанцамі іхным сваяком і знаёмым начальнік канвою «вялікадушна» дазволіў гадзіну.

Вазок Богушавых стаяў першым ад краю. Раіна і Юльяш убачылі яго адразу. Накрытая кажухом Богушыха ляжала, а ля яе, маленькім камочкам, Агатка. Дзіця было прастуджана, у грудзях у яе хрыпела, яна кашляла, час ад часу падымала галоўку і хныкала. Быў чуваць плач і іншых дзяцей. Здавалася дзіўным і незразумелым навет для нашага народу, бачыўшага ня раз гора, як гэта можна выгнаць гуртам усіх з хат бяз жадных повадаў і прычын і гнаць іх, наўсуперак іхным жаданьням, некуды на край сьвету, на голад, холад і павольную сьмерць!?

Богуш ні то сядзеў, ні то ляжаў у перадку вазка, час ад часу мацаючы вусы й бараду і скідаючы зь іх смочкі намёрзшага лёду. Быў спакойны. Убачыўшы Раіну і Юльяша, узварухнуўся, але ня было відаць, каб занепакоіўся. Ня стаў ні пра што распытваць, толькі заўважыў, што забыўся спусьціць із ланцуга Бобіка -- бедны, пэўна, сядзіць ды вые!..

-- Ты, Раіна, аддай яго якому-небудзь добраму гаспадару -- Бобік верны сябра!

У ціхай роспачы Раіна нахілілася да ягонага твару, падстаўляючы свой лоб для бацькаўскага пацалунку.

-- Ну, што-ж, усё скончана, і няма пра што гаманіць...

-- Ня трэба, тата, пасядзім моўчкі.

-- Вось што я хочу сказаць толькі: ня ворагі мы, а хлебаробы! З таго, што зараз надумана там, навярху, нічога добрага ня выйдзе! Праца й толькі карысная й разумная праца робіць чалавека шчасьлівым і здаровым! Але праца ня з прымусу, а па сваёй добрай волі, тая, што ідзе ад свайго ўласнага нутра. Кожны чалавек -- сам па сабе: і па працы, і па вопрацы, і па гамонцы, і па розуму, і навет па тым, як ён ідзе, што есьць, як сьпіць... Самая маленькая дробязь і тая будзе рабіцца адным гэтак, а другім іначай. На фабрыцы, у войску й то кожны работнік і кожны вой розныя... А тут хочуць зрабіць вялікую гаспадарку, дзе раней працавала па адзіночцы сотня або тысяча людзей, і каб усім было пароўну, і каб ніхто ня быў пакрыўджаны, і каб быў добры посьпех у працы?! Перамелюць народ, дый годзе! Доўга думаў я над гэтым! Той наш нацдэм Прышчэпа разумна разважаў: «Што-ж, кожная сям’я гаспадара ёсьць калгас. Неразумна ламаць сем’і, заганяючы іх у адзін вялікі калгас». А гэтыя камісары -- проста хэўра галадранцаў, злачынцаў ды людзей, якія не разумеюць нас, хлебаробаў, або проста хочуць пажывіцца з нашае працы, атрымаўшы пасады ў калгасах.

-- Дзеткі мае! -- адгукнулася аслаблым голасам Богушыха. -- Як-жа вы цяперацькі будзеце безь мяне?

-- Мама, ня трэба! І так разрываецца сэрца! Можа, як-небудзь скончыцца гэтае ліха, і зноў будзем разам...

-- Будзем, будзем! Усе апынімся некалі там, -- заўважыў Богуш. -- Але там ужо ня трэ’ будзе думаць ні пра што...

Вагонаў усё не падавалі. Адціснутыя ахоўнікамі ад фурманак сваякі і знаёмыя, што прыйшлі ў астатні раз сказаць сваё шчырае «бывайце!», стаялі групкамі наводдаль. Маўчалі. Усіх гнебіла адна й тая-ж думка, адна й тая-ж цяжкая роспач, скруха.

-- Сэрца разрываецца! -- стагналі некаторыя. -- Сэрца разрываецца! Хай-бы лепш усім нам праваліцца ў якое прадоньне!

Зенька не выпускаў із зубоў піпкі, ціснуў яе зубамі, грыз, пыхкаў ёю, хоць у ёй ужо нічога й ня было.

Раіса глытала гарачыя сьлёзы. Юльяш і Агатка ўчапіліся ў крысо ейнага кажушка, быццам баючыся, што яна ад іх уцячэць; дрыжэлі, сморгалі прастуджанымі насамі; усхліпвалі, калі да іхнае сьведамасьці даходзіў трагізм з бацькамі...

Было ўжо блізка раніцы, калі, стукаючы буфарамі, паравік падсунуў да станцыі чараду пустых таваровых вагонаў. Ахоўнікі ўзялі стрэльбы напагатоў, і пачулася сухая каманда:

-- Уставаць! Пакідаць вазы! Станавіцца па тры -- мужчыны асобна, жанчыны асобна! Малых браць жанчынам! Фурманам апекавацца коньмі! Гатова?