Выбрать главу

Падставы для арыштаў былі самыя неверагодныя. І якое багацьце фантазыі пры гэтым! Узяць, да прыкладу, амаль анэкдатычны «літаратуразнаўчы аналіз» верша Янкі Купалы «Янка сеяў -- людзі жалі», які робіць загадчык спэцадзьдзелу Падкаблук: «Па-першае, высьмейваньне калгаснага будаўніцтва -- адчыненае, нахабнае... Вось нейкі Янка сеяў, а прыйшлі людзі й зжалі! Хіба гэта не намёк на беднату й не абарона кулака? Па-другое, у той час, як Янка сеяў, зязюлька кукавала. Якая яна, гэтая птушка?! А птушка яна такая, што не клапоціцца аб сваім дабрабыце -- ня робіць сабе гнязда, а забіраецца ў чужыя... Хіба тут, у гэтай бяздомнай птушцы, не відавочны намёк на пралетарскую клясу, вясковую беднату й ліквідацыю прыватнай уласнасьці на аднэй шостай зямной кулі? Не працуюць, ня дбаюць, а як Янка пасее, сажнуць! Так, Янка Купала -- народны паэта, адзначаны ордэнам, пакінем яго ў баку, хай жыве сабе на здароўе, пакуль што... »

Але, па праўдзе кажучы, у большасьці выпадкаў і ня трэба было аніякіх адмысловых падстаў: слова «нацдэмаўшчына» ўжо ўсё абымала, усё тлумачыла, бо яшчэ на сакавіцкім пленуме (1924) ЦК КП(б)Б была дадзена характарыстыка асноўных момантаў нацыянал-демакратычнай ідэалёгіі, што заключаліся «ў адмаўленьні дыктатуры пралетарыята і ў імкненьні да палітычнага раўнаваньня сялянства з рабочай клясай, у стаўцы на кулацкія элемэнты ў вёсцы, у адмаўленьні клясавага расслаеньня ў ёй, у імкненьні да ўплыву з боку інтэлігенцыі на дзяржаўны апарат, у правядзеньні беларускага шавінізму».[11]

Зірнем, як гэтыя ўказаньні выкарыстоўвалі потым улады, калі прыступілі да зьнішчэньня «нацдэмаўшчыны». Аўтар артыкула пра «нацдэмаўшчыну» ў Белдзяржвыдавецтве пасьля многіх і гучных абвінавачваньняў агульнага характару абурана пісаў: ««...» якія пасьля гэтага выходзілі падручнікі, відаць з такога прыкладу: БДВ выдае 5-цьцю выданьнямі чытанку Самковіча і Пратасэвіча «Родны шлях» (адна назва чаго варта!)».[12]

Гэта заўвага, вартая «навуковых вышукаў» Падкаблука, надзвычай паказальная: на адданасьць сваёй Бацькаўшчыне глядзелі нядобразычліва, імкнуліся замяніць яе «сацыялістычным патрыятызмам», які, у сапраўднасьці, азначаў поўнае ўхваленьне ўсяго таго, што, прыкрываючыся імем народу, рабілі кампартыя й савецкая ўлада. І, бязумоўна, уладаносцы дасягнулі шмат чаго: хто падлічыць колькасьць тых, каго Цэлеш пагардліва называе «ападкамі», хто выракаецца сваёй мовы, культуры, традыцыяў і звычаяў... «Божа! І цяпер, -- гаворыць адзін з герояў твора «Партыйны таварыш», -- калі ўжо фізычна выразана наша другая эліта, вырасшая на новых пачатках, пляскаюць у далоні й крычаць: "Хвала! Патапіць нацдэмаў!" Быццам-бы не разумеюць, што, па сутнасьці, ніякіх нацдэмаў, як ворагаў, ня было -- быў страх у акупанта перад растучай нашай сілай...»

Былі сярод гэтых «ападкаў» і тыя, якія пад канец жыцьця пачыналі ўсьведамляць, што прадалі першародства за сачавічную поліўку, і вярталіся паміраць дадому, у родныя мясьціны. («Вярнуўся чалавек») Але, па словах Уладзімера Дудзіцкага, «сьмерцю жыцьця не паправіш...»

На шчасьце, нягледзячы на вялізныя намаганьні, кампартыя ня здолела ператварыць усіх у пустадомкаў, як назваў такіх людзей вялікі майстар трапных характарыстык Фёдар Янкоўскі. У «Партыйным таварышы» некалькі чалавек едуць на паляваньне, і ў машыне адбываецца наступная размова:

«-- Вы зь беларускага паходжаньня, зразумела?

-- Для мяне, як для члена партыі, падобнай праблемы не павінна было-б існаваць. Аднак, ці я мушу крывіць душой? Корань маіх продкаў ідзе глыбака ў вякі гэтае зямлі! І я сам нарадзіўся тут, атрымаў ад маіх бацькоў гарт жыцьця, вырас тут, усмактаў у сябе пах гэтых цудоўных волатаў-сосен! -- зірнуў на лес. -- Гэта мая Бацькаўшчына! Люблю я яе ўсімі фарбамі мае душы! А іншыя землі, народы, гэта толькі суседскі двор для мяне -- мушу быць у кантакце зь ягонымі жыхарамі для агульнай карысьці...

вернуться

11

А. П. Врублевский’ Т. С. Протько. Из истории репрессий против белорусского крестьянства 1929-1934 гг. Минск’ 1992’ с. 81.

вернуться

12

Супроць контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. Менск, 1931, б. 90.